Четверг, 14 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Парушальнік раўнадушша

  • Воскресенье, 06 октября 2019 14:34
  • Автор  Сугучча

Рускі пісьменнік-марыніст Мікалай Чаркашын нарадзіўся на Гродзеншчыне, у Ваўкавыску.

 З даўняга часу – з года 1989-га – сярод маіх кніжных збораў вылучаецца сціплая кніжка ў мяккай вокладцы: «Сэрца камандзіра» Мікалая Чаркашына. Была некалі такая серыя – «Бібліятэчка часопіса «Советский воин». Дык вось 11-м выпускам у гэтай серыі – дакументальная аповесць М. Чаркашына «Сэрца камандзіра (Тры гісторыі з жыцця Абатурава)». Выдадзена яна была ў 1988 годзе.

А як патрапіла да мяне – гісторыя асобная. Выкладу яе кароткімі штрыхамі. У 1988 – 1990 гады я жыў на Востраве Свабоды – паблізу ад кубінскай сталіцы. І досыць часта (раз, а то і два на тыдзень) зазіраў у кнігарню савецкай кнігі імя Максіма Горкага ў Гаване. Месцілася яна тады непадалёку ад набярэжнай Малекон. Сябруючы з дырэктарам – кубінцам Арманда, любіў пасядзець у яго кабінеце, пагартаць кніжныя навінкі. Сярод апошніх і разгледзеў кніжку ваеннага марака Мікалая Чаркашына, пра якога і раней чуў як пра журналіста, пісьменніка. Перагарнуў вокладку і прачытаў аўтограф: «! Armando! Прапагандысту рускай кнігі на востраве Свабоды з самымі добрымі пажаданнямі. Мік. Чаркашын. 22. 01. 89. Масква».  Далей намаляваны мачты парусніка. Ці сам Чркашын быў на Кубе ці кнігу хтосьці перадаў Арманда, прыехаўшы з Масквы – так я і не зразумеў. А гаспадар кнігарні, убачыўшы, як мае вочы загарэліся, аддаў кніжачку мне: «Табе болей патрэбна. Чытай»…

Прачытаўшы аповесць пра капітана трэцяга ранга Абатурава, я не мог не прачытаць біяграфію пісьменніка, змешчаную на вокладцы… Уражлівым і тады было для мяне: «…нарадзіўся ў 1946 годзе ў горадзе Ваўкавыску Гродзенскай вобласці».

Шмат рознага мінулася з тых 1980-х… Не аднойчы бываючы ў Маскве, я ўсё неяк хацеў знайсці Мікалая Чаркашына. Сярод ваенных пісьменнікаў заўсёды знаходзіліся знаёмыя. Нават пісаў ліст па яго, Чаркашына, хатняму адрасу. Ды пісьмы двойчы вярталіся назад… Але не буду расказваць пра гісторыю пошукаў. Мікалай Чаркашын, пісьменнік-зямляк, жывы і здаровы і зараз, дзякуй Богу. І мы ўсё ж сустрэліся, пра што раскажу крышачку ніжэй.

А цяпер – пра зробленае М. Чаркашыным, які жыве і працуе ў Маскве, працуе ў рускай літаратуры. Нарадзіўся Мікалай Андрэевіч 26 лістапада 1946 года. Мы ўжо згадвалі пра тое, што нарадзіўся ў беларускім Ваўкавыску. Закончыў філасофскі факультэт і аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Займаўся гісторыяй рускай філасофіі. Служыў на Паўночным флоце на 4-й эскадры падводных лодак – самым буйным ў свеце ваенна-марскім аб’яднанні падводных лодак. Удзельнічаў у далёкіх марскіх паходах у Атлантычным акіяне і Міжземным моры. Адзначаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР» III ступені, многімі медалямі.

У 1980-я гады наш зямляк быў членам рэдакцыйнай калегіі літаратурна-мастацкага альманаха «Подвиг». Творчыя здабыткі М. Чаркашына былі высока адзначаны і чытачамі, і калегамі па літаратурнай працы. Вось што казаў Валянцін Пікуль: «З пісьменнікаў-марыністаў я вылучыў бы Мікалая Чаркашына. Ён руплівец надзвычайны, і дай яму Бог здароўя. Так і трэба ісці па гісторыі, у ёй яшчэ шмат чаго загадкавага, што напоўнена драматычным характарам. І ён якраз вышуквае тэмы зусім невядомыя… Малайчына! Справа нават не ў тым, як ён піша, хаця і піша ён нармальна. Марыністыка павінна быць пазнавальнай…»

Вось назвы некаторых з кніг Мікалая Чаркашына – «Крык дэльфіна», «Напад на крэйсер», «Выбух карабля», «Апошні рэйс «Нахімава», «Адысея мічмана Д. …», «Я – падводная лодка», «Авантуры адкрытага мора», «Адміралы мяцежных флатоў», «Мора любові», «Надзвычайныя здарэнні на савецкім флоце», «Аперацыя «Джэніфер», «Чорная эскадра»… Не пералічана і паловы з напісанага і выдадзенага пісьменнікам-земляком. Творчыя здабыткі Мікалая Андрэевіча ўганараваны прэміяй Ленінскага камсамола (1982), Міжнароднай прэміяй Андрэя Першазваннага, Усерасійскай літаратурнай прэміяй імя Аляксандра Неўскага, Прэміяй імя Г. К. Жукава – за выдатны ўклад у развіццё і ўмацаванне абароназдольнасці Расійскай Федэрацыі.

Часам кнігі Мікалая Чаркашына можна сустрэць у беларускіх кнігарнях. Вось і я нядаўна набыў невялікі томік – «Парушальнікі глыбінь», які выйшаў у маскоўскім выдавецтве «Вече» у серыі «Ваенна-гістарычная бібліятэка». У падзагалоўку кнігі: «Сакрэтныя аперацыі савецкіх падводных лодак у гады халоднай вайны».

А што да нашай сустрэчы з Мікалаем Аляксандравічам, то яна адбылася сёлетнім кастрычнікам у час працы Пленума Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, які праходзіў у Магілёве. Мікалай Чаркашын прыехаў у горад на Дняпры разам з дэлегацыяй Саюза пісьменнікаў Расіі. Паказаў пісьменніку яго кнігу з аўтографам, датаваным 1989 годам. Здзіўленню не было межаў. Надпісу ўсё ж трыццаць (!) гадоў « з хвосцікам». Мікалай Аляксандравіч дадаў да ранейшага малюнка мачтаў яшчэ адзін малюнак і сцвердзіў усё новым подпісам.

Высветлілася, што рускі пісьменнік падтрымлівае добрыя сувязі з Беларуссю праз многія апошнія гады. Супрацоўнічае з мінскай кінастудыяй «Беларусьфільм». Наведваючыся ў сталіцу Беларусі, зазірае ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, у Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны.

– Сябрую і з музейшчыкамі, краязнаўцамі Баранавіч, Смаргоні, Гродна, Ваўкавыска, Слоніма, – расказаў пры сустрэчы ў Магілёве Мікалай Андрэевіч. – Зараз ідзе мантаж майго дакументальнага фільма «Белостокский кровосток». Пра тое, як нашы савецкія войскі сыходзілі ў 1941 годзе з Беластоцкага выступа. Драматычныя падзеі! Ёсць ідэя па мемарыялізацыі гэтай шматпакутнай ваеннай дарогі.

… Ужо калі развітваліся з Мікалаем Чаркашыным, да нас падыйшоў празаік Валерый Казакоў, сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі, аўтар многіх кніг, які падоўгу жыве і ў Беларусі, мае лецішча ў Карэліцкім раёне, на Гродзеншчыне. Валерый Мікалаевіч і сам доўгія гады аддаў ваеннай журналістыцы. І вось што заўважыў другі наш зямляк ( а нарадзіўся Валерый Мікалаевіч таксама ў Беларусі – на Магілёўшчыне): «Такіх, як Чаркашын, варта часцей прыцягваць да супольных клопатаў па ўшанаванню ваеннай, гістарычнай памяці і ў Беларусі. Нераўнадушша Мікалая Андрэевіча як пісьменніка, як публіцыста са сваімі яркімі, часта крывавымі па сваёй драматычнасці тэмамі дарагога каштуе!..» І як з гэтым не пагадзіцца?!.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 54 раз
Другие материалы в этой категории: « Пра Капыльшчыну і не толькі…
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии