Вторник, 02 06 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мір і ваколіцы. Нясвіжскія маршруты

  • Понедельник, 02 марта 2020 08:49
  • Автор 

 

З Міра да Нясвіжа, куды паспрабуем выправіцца ў чарговую літаратурна-краязнаўчую вандроўку, – усяго нічога: 31 кіламетр. Вось і будзе нагода вяртацца з экскурсіі па палацаваму комплексу «Мірскі замак», накіруйцеся ў Нясвіж. Зусім блізка…

Ужо самі вуліцы гавораць пра «літаратурны характар» старадаўняга месца. Мяркуйце самі: гарадская тапаніміка звязана тут з імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа (да вуліц можна дадаць яшчэ і завулкі, якія названы ў гонар народных песняроў Беларусі), Францыска Скарыны і М.А. Някрасава, Адама Міцкевіча і У.У. Маякоўскага, Максіма Горкага і Андрэя Макаёнка, М. Лермантава і Ф. М. Дастаеўскага, Максіма Багдановіча. Шкада, праўда, што няма ў горадзе вуліц Адольфа Янушкевіча і Канстанціна Паўстоўскага. Першы з іх нарадзіўся ў Нясвіжы, а рускі празаік лячыўся ў ваенным шпіталі ў Нясвіжы ў Першую сусветную вайну. Літаратурная тапаніміка Нясвіжа так ці іначай, але таксама сведчыць пра тое, што горад аднолькава важны для краязнаўства ў звязку як з беларускай, так і з рускай і польскай літаратурамі.

З ураджэнцаў Нясвіжа – і польскі літаратар, а таксама польскі і расійскі чыноўнік Адам Станіслававіч Ржавускі (1760 – 1825). Нарадзіўся ў замку як родавым маёнтку свайго дзеда (па маці) Міхаіла Рыбанькі. Ужо ў  27 гадоў быў паслом у Даніі. Пакінуў пасля сябе творы палітычнага характару. Вядомасць мае яго «Запіска пра царстваванне караля Станіслава-Аўгуста», а таксама – «Размовы пра царства мёртвых», «Заўвагі на польскія законы». Адам Ржавускі – і аўтар лірычных вершаў, перакладаў элегій і трагедый старажытнарымскага пісьменніка Альбія Цібула. Увогуле сям’я Адама Ржавускага – партрэт і часу, і двух стагоддзяў ў розных праявах расійска-польскіх адносін. Унучка палітыка і пісьменніка Кацярына Радзівіл стала вядомым для свайго часу літаратарам. Гэта пра яе як пра пісьменніцу і вялікую авантурыстку расказаў у сваёй гістарычнай мініяцюры Валянцін Пікуль – «Дама з Гоцкага альманаха». Дачка Адама Ржавускага – Эвеліна Канстанцыя Вікторыя (1803 – 1882) вядомая як жонка Анарэ дэ Бальзака. Другая дачка – Караліна (1795 – 1885) валодала вядомым адэскім салонам, у яе былі закаханыя адразу два класікі: рускі паэт Аляксандр Сяргеевіч Пушкін і польскі мастак слова Адам Міцкевіч. Сын Адама Ржавускага – Генрых з’яўляецца аўтарам гістарычных раманаў на польскай мове.

Амаль равеснік Адама Ржавускага – польскі драматург Міхаіл Іеранім Бжастоўскі, які нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1760 годзе. Маршалак Завілейскага павета (1795), у 1801 – 1805 гг. ён быў на чале шляхты Віленскай губерні. Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Аўтар некалькіх драматычных твораў. Найболей вядомая п’еса – «Рыцары Лебядзя – рыцарская драма ў пяці актах, якая напісана арыгінальнымі вершамі». За дзяржаўную, палітычную дзейнасць адзначаны Мальтыйскім ордэнам, кавалер ордэна Белага Арла. У Нясвіжы ў дамініканскай школе вучыўся пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. З 1833 па 1836 гады.  А закончыў вучобу таксама ў дамініканскай школе, але ўжо ў Навагрудку – у 1837 годзе. Пра тое, якой была гэтая адукацыя, захавалася і такое дакументальнае сведчанне Уладзіслава Сыракомлі: «…Нашых дзядоў сцябалі езуіты, нашых бацькоў хвасталі айцы піяры, і мы паспыталі базыльянскай розгі або дамініканскай дысцыпліны. Але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы! Так, здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і любілі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх ў навуцы і веры і строга сачылі за маральнасцю – шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека».

Расказваючы пра польскія літаратурныя адрасы ў Нясвіжы, нельга не згадаць імя Юзафа Ігнацыя Крашэўскага («пружанскага Дзюма», які напісаў болей 600 тамоў раманаў, аповесцяў, гістарычных нарысаў!). Крашэўскі – аўтар рамана «Кароль у Нясвіжы», прысвечанагам канкрэтнаму гістарычнаму эпізоду.

Канешне, калі будзе напісана ёмістая, а не фрагментарная літаратурна-краязнаўчая гісторыя Нясвіжа, то ў гэтым летапісе будуць згаданы імёны літаральна сотняў паэтаў, празаікаў, драматургаў. А бальшыня старонак дакументальнага аповеду будзе звязана з Нясвіжскім палацава-замкавым комплексам. У яго сценах некалі, ужо ў XX стагоддзі, працаваў санаторый. Адпачываць сюды прыязджалі многія пісьменнікі. У час адпачынку ў санаторыі пайшоў на вечны спачын народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. У Нясвіжы працаваў некалькі дзесяцігоддзяў – з 1945 па 1978 гады – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры паэт Паўлюк Прануза, імя якога носіць зараз Нясвіжская цэнтралізаваная раённая бібліятэка. У мясцовым райкаме камсамола працаваў першым сакратаром напрыканцы 1960-х гг. дзіцячы пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Відаць, першая яго кніга нарысаў – «Райкомаўскія будні» – якраз з «нясвіжскімі адрасамі».

Ужо ў блізкі да нас час шмат для развіцця нясвіжскага гістарычнага, літаратурнага краязнаўства зрабіла настаўніца беларускай мовы і літаратуры, краязнаўца Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая (1935 – 2005), аўтар кніг «Музы Нясвіжа», «Паданні Нясвіжа», «Скарбы Нясвіжа», «Нясвіж і Радзівілы», «Чорная дама Нясвіжскага замку».

Сёння Нясвіжскі дзяржаўны каледж носіць імя Якуба Коласа – з 2008 года. Дарэчы, калі адкручваць гісторыю назад, то з 1984 года ў горадзе працавала Нясвіжскае педагагічнае вучылішча. А яшчэ раней – у 1944-1956 гг. педагагічнае вучылішча імя Якуба Коласа (у 1956 годзе навучальную ўстанову скарацілі, адправіўшы навучэнцаў у Пінскае педвучылішча). А ў 1875 годзе сваю працу ў Нясвіжы распачала Нясвіжская настаўніцкая семінарыя. Сярод яе выпускнікоў – этнограф, бацька Максіма Багдановіча Адам Ягоравіч Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны.

Шкада, што ў Нясвіжы няма вуліцы Адольфа Янушкевіча – паэта, этнографа, рэвалюцыйнага дзеяча, які нарадзіўся ў 1803 годзе. Дарэчы, наш зямляк – прататып Адольфа ў III частцы «Дзядоў», сябра Адама Міцкевіча. Нарадзіўся Адольф Янушкевіч ў самім замку, у сям’і небагатай шляхты, якая жыла пры двары Радзівілаў. Хлопчык быў хрышчоны Міхаілам-Іеранімам Радзівілам. Адольф Янушкевіч вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы. У 1821 – 1823 гг. – студэнт літаратурнага фаакультэта Віленскага універсітэта. Належаў да кола філарэтаў. Першая публікацыя – сентыментальная паэма «Мелітон і Эвеліна». Прымаў удзел у паўстанні ў лістападзе 1830 года. Быў паранены і трапіў у палон. Асуджаны да смяротнага пакарання, якое замянілі вечнай ссылкай.  Патрапіў у Табольск, затым у Ішым (поўнач Казахстана). Пасля астрога – на вольным пасяленні. Выпісаў з родных мясцін уласную бібліятэку. Пасябраваў з Густавам Зялінскім, рускім паэтам і дзекабрыстам А. Адаеўскім. У жніўні 1841 года пераехаў у Омск. Вывучыў казахскую мову. Шмат падарожнічаў па казахскіх стэпах. Запісваў казахскі фальклор. У час экспедыцыі 1846 года склаў «Дзённік паездкі ў Сібір». Матэрыялы Адольфа Янушкевіча, прысвечаныя Казахстану і казахам, выйшлі асобнымі кнігамі на польскай, рускай і іншых мовах. У гарадах Казахстана – Нурсултане, Алматы, Усць-Каменагорску ёсць вуліцы, якія носяць імя нясвіжчаніна. А чаму б не назваць імем Адольфа Янушкевіча адну з вуліц у Нясвіжы ці нават у Мінску?!.

Яшчэ адно цікавае літаратурнае імя згадваецца ў звязку з Нясвіжам: у 1881 годзе ў старажытным горадзе нарадзіўся Іосіф Бекер. Ён закончыў Сімферопальскую гімназію. Быў вольным слухачом Пецярбургскага універсітэта. Працаваў у газетах «Новая жизнь» і «Ленинградская правда». Друкаваўся ў розных пецярбургскіх, ленінградскіх перыядычных выданнях. Напісаў некалькі кніг – «Вялікая расійская рэвалюцыя» (Вільня, 1920), «Барацьбіты рэвалюцыйнага друку» (Масква, 1929), «Акадэмія Мастацтваў: Гістарычны нарыс» (Ленінград, 1940; у сааўтарстве з І. Бродскім, С. Ісакавым), «Міцкевіч у Пецярбургу» (Ленінград, 1955).

Літаратурны Нясвіж – імёны, лёсы і шмат каго з яўрэйскіх пісьменнікаў. У 1876 г. нарадзіўся празаік, перакладчык, драматург Фальк Гальперын. Працаваў настаўнікам у Мінску, Вільні, Варшаве. Напісаў шмат кніг для дзяцей. Уражвае такі факт: Ф. Гальперын выдаў каля 100 (!) кніг на іўрыце і ідзіш. Нахем Ліпоўскі, які нарадзіўся ў Нясвіжы ў 1874 годзе, заснаваў у Вільні яўрэйскі народны тэатр, напісаў некалькі п’ес.  Родам з Нясвіжа – і яўрэйскія літаратары Макс Рэйзін і Нісан Тураў.

 

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 43 раз Последнее изменение Понедельник, 02 марта 2020 11:11