Среда, 24 02 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пухавіцкі краязнаўчы блакнот: Дом Творчасці

  • Суббота, 14 ноября 2020 02:51
  • Автор  Сугучча

 

 Лічыцца, што на Пухавіччыне і па ўсёй Беларусі добра вядомая тэма Дома творчасці Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, бо менавіта ў 1930-я гады (да самай Вялікай Айчыннай вайны!) на ўскрайку Мар’інай Горкі знаходзілася гэтая ўстанова. Кшталту пазнейшых Каралішчавіч і Іслачы. Адным словам, месца, прастора, куды пісьменнікі (часцей, пэўна, за кошт Літфонда, чым за свой уласны) прыязджалі адпачываць і працаваць. Самі па сабе. І са сваімі сем’ямі. Захавалася шмат успамінаў у звязку з Домам творчасці пра народных пісьменнікаў Беларусі Міхася ЛЫНЬКОВА, Аркадзя КУЛЯШОВА, Якуба КОЛАСА, Янку КУПАЛУ, Петруся БРОЎКУ, паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў Васіля ВІТКУ, Міколу ХВЕДАРОВІЧА, Змітрака Бядулю, Эдуарда САМУЙЛЁНКА, польскую дзіцячую пісьменніцу Ядвігу БРАНЕЎСКУЮ… 

 Зараз старая панская сядзіба, дзе размяшчаўся Дом творчасці і якая крыху рэканструявана, з’яўляецца часткай комплекса будынкаў абласнога дзіцячага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі «Пухавічы» (Мар’іна Горка, вуліца Карла Маркса, 9). Некалі сюды даволі часта зазіралі работнікі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея, экспанавалі матэрыялі па літаратурным краязнаўстве Пухавіччыны, праводзілі сустрэчы пісьменнікаў, мясцовых літаратараў з дзецьмі. Была калісьці ў дзіцячым цэнтры і невялікая экспазіцыя, прысвечаная тэме Дома творчасці. Але ўсё гэта засталося ў былым. Праўда, на старым будынку ёсць мемарыяльная дошка, якая нагадвае пра колішнюю повязь беларускіх пісьменнікаў з гэтай мясцінай. Вось, здаецца, і ўся памяць… 

 У чарговы раз наведаўшыся ў Мар’іну Горку, не абмінуў сядзібу Дома творчасці. Прайшоўся па старым парку. Разам з дырэктарам Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандрам Аляксандравічам ПРАНОВІЧАМ пагулялі па сцежках парка ў цудоўнай асенняй атмасферу. Побач – сімпатычная, дарагая ўсім мар’інагорцам рака Цітаўка. Таксама – рака са сваёй літаратурнай, мастацкай біяграфіяй… Мы дужа і не разважалі пра магчымасці гэтага ўтульнага месцейка ў развіцці турыстычнага, асветніцкага патэнцыялу гэтай тэрыторыі. Бо і адзін, і другі – добра ведаем ролю гэтай мясціны ў літаратурнай, культурнай гісторыі Беларусі. Як і ведаем абмежаваныя магчымасці мясцовых уладаў у рэалізацыі любога краязнаўчага праекту, які дазволіў бы ў большай ступені прэзентаваць тэму Дома творчасці для ўсёй Беларусі, а не толькі для Мар’інай Горкі і Пухавіцкага раёна. 

 Таму, несумненна, і любыя развагі на гэтую тэму, як бы хто іх не асэнсаваў, носяць суб’ектыўны характар. І, канешне ж, разам з тым датычацца ўсіх нас. Пералік «усіх нас» можа быць практычна бясконцым: у яго павінны ўвайсці грамадскія арганізацыі, творчыя саюзы, асобы як адзінкі грамадскага, сацыяльнага жыцця (пакуль што на Пухавіччыне такой асобай, якой да ўсяго ёсць справа, якая нераўнадушна вяртае многія гістарычныя факты на сваю радзіму, з’яўляецца, хіба што, вучоны і краязнаўца Юрый ВАЖНІК. Сапраўды, менавіта ён, Юрый Важнік, – яркі прыклад грамадскай, радзімазнаўчай актыўнасці!), а яшчэ і выканаўчая ўлада ўсіх узроўняў – і выканкамы ў вобласці і ў раёне, ды і міністэрствы і ведамствы. Але, але… 

 Далёка не кожны адукаваны і дасведчаны (а хтосьці і пры інфармацыйнай дасведчанасці наўрад ці ўспрыме веданне як патрэбу нешта зрабіць), далёка не кожны дасведчаны з кагорты тых, хто валодае магчымасцямі (як арганізацыйнымі, так і матэрыяльнымі) штосьці гатовы зрабіць. І тым болей: не кожны ўспрыме пералік пэўных магчымых задач на свой конт… 

 А што ўсё ж такі варта зрабіць?!

 Першае. Патрэбны дарожныя паказальнікі. І за якіх паўкіламетра ад Мар’інай Горкі, і непасрэдна каля адраса – вуліца Карла Маркса, 9. Паказальнікі, якія падкажуць, што побач – адрас былога Дома творчасці, дзе праводзілі свае творчыя, лёсам адмераныя часіны Якуб Колас, Янка Купала і іншыя беларускія мастакі слова. 

 Другое. Чаму гэтая вуліца павінна называцца вуліцай імя Карла Маркса? Проста цікава, проста хацелася б ведаць, колькі вуліц імя Карла Маркса засталося, напрыклад, у былой сацыялістычнай Германіі. Чаму б не назваць гэтую вуліцу імем Янкі Купалы альбо Анатоля Вольнага (пісьменнік-зямляк, які нарадзіўся на чыгуначнай станцыі Пухавічы ў 1902 годзе; рэпрэсаваны ў 1937 годзе)? 

 Трэцяе. Добра было б усталяваць каля Дома творчасці інфармацыйную дошку, прысвечаную гісторыі пытання. 

 Чацвёртае. Патрэбен маршрут – літаратурна-краязнаўчы ці турыстычна-экскурсійны «Мінск – Мар’іна Горка. Дом творчасці пісьменнікаў – Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей. Мар’іна Горка. Блонь». Для каго? Для ўсіх, для ведання, што на экскурсію з Мінска можна выправіцца таксама і па гэтым адрасе. 

 Пятае. Патрэбна шырэйшая літаратурна-краязнаўчая актыўнасць у сістэме агульнаадукацыйнай школы. Няўжо гэта не можа ўпісвацца ў школьныя ўрокі беларускай літаратуры, гісторыі Беларусі?! У прыватнасці, хіба не цікава будзе школьнікам з Мар’інай Горкі, Пухавіч, Блоні, Турына, Шацка, Ананіч і іншых мясцін Пухавіччыны даведацца, што з горадам і раёнам звязаны даволі істотны складнік у гісторыі беларускай літаратуры?! Фактаў дзеля такога расповяду процьма. Безліч фактаў. І крыніцазнаўства адпаведнае ёсць. Што ўжо казаць, што і кніга адпаведная ёсць, нават некалькі кніг па літаратурным краязнаўстве Пухавіччыны. 

 Можна дадаць і шостую, сёмую, восьмую і дзевятую прапановы. Дзве акалічнасці пры гэтым варта ўлічыць. Рэалізоўваць (а папярэдне, зразумела, – абмяркоўваць) іх, прапановы, можна толькі ўсім разам. Пры агульным паразуменні. І другі момант – рухацца наперад, да высокіх вяршынь у справе захавання гісторыка-літаратурнай памяці можна толькі эвалюцыйна і паслядоўна. Крок за крокам. 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 78 раз Последнее изменение Суббота, 14 ноября 2020 02:55
Другие материалы в этой категории: « Ашхабад. Пандэмічная пагроза кнізе