Четверг, 26 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларуска-казахскія літаратурныя сувязі

  • Понедельник, 31 августа 2020 10:24

Казахстан здаўна быў прытулкам для беларускіх літаратараў. Здаралася гэта па розных прычынах… Кагосьці ў далёкую ад Беларусі старонку лёс заносіў выпадкова. Хтосьці трапляў у Казахстан па прымусе. Асабліва гэта выявілася ў часы сталінскага генацыду… Але ж аб усім па парадку. Згадаем некаторыя імёны і факты.

На пачатку жыццёвай біяграфіі творчы лёс літаратурнага крытыка Міколы АЛЯХНОВІЧА складваўся даволі ўдала. Нарадзіўся ў Барысаве ў 1903 г. Зусім маладым чалавекам, у 16 гадоў, патрапіў на Грамадзянскую вайну. Спярша змагаўся ў складзе партызанскага атрада на Барысаўшчыне. Затым — у шэрагах стралковай дывізіі ў Чырвонай Арміі, на Заходнім фронце. У 1921–1924 гг. — студэнт медыцынскага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Але з трэцяга курса пакінуў вучобу. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў 3-й працоўнай школе, затым — на агульнаадукацыйных курсах у Барысаве. У 1930 г. закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. У час вучобы пачаў друкавацца на старонках розных газет і часопісаў. Адна з першых публікацый — рэцэнзія на кнігу Максіма Гарэцкага «Ціхія песні» — была надрукавана ў чацвёртым нумары часопіса «Маладняк» за 1926 г. (хаця ёсць згадкі і пра тое, што літаратурнай дзейнасцю барысаўскі хлопец пачаў займацца яшчэ ў 1918 г.). У здвоеным сёмым-восьмым нумары гэтага ж выдання за гэты год Мікола Аляхновіч друкуе рэцэнзію на кнігу «Уводзіны ў вывучэнне мастацтва і літаратуры». Следам, у дзявятым нумары выходзіць рэцэнзія маладога крытыка на кнігу М. Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне». З 1930 г. М. Аляхновіч — выкладчык Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1935 г. літаратурны крытык атрымаў званне дацэнта. А ў лістападзе 1936 г. Мікола Аляхновіч быў арыштаваны і праз паўтара года асуджаны на 12 гадоў. Патрапіў на Калыму. У 1945 г. пераведзены ў Тайшэт Іркуцкай вобласці. З 1956 г. наш зямляк — у высылцы ў Карагандзінскай вобласці. Рэабілітаваны Мікалай Мікалаевіч у 1957 г. Жыў у Ленінградзе. Да літаратурнай дзейнасці ўжо не вярнуўся. Шкада. Шкада яшчэ і таму, што, магчыма, засталіся б хаця нейкія дакументальныя сведчанні пра жыццё беларускага літаратурнага крытыка ў Карагандзінскай вобласці, у Казахстане…

У Казахстане ў калгасе працавала беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург Наталля АРСЕННЕВА (нарадзілася ў Баку ў 1903 г.). Яе першы вершаваны зборнік «Пад сінім небам» пабачыў свет у 1927 г. у Вільні. Кніга адразу засведчыла, што ў беларускую паэзію прыйшоў таленавіты, арыгінальны творца. Вядома, што заўважыў паэзію Наталлі Арсенневай і легендарны Максім Гарэцкі, да чыйго аўтарытэтнага меркавання прыслухоўваліся і пісьменнікі, і чытачы, — і напісаў пра свае ўражанні ў лістах да Я. Карскага. Дарэчы, аўтар рамана «Віленскія камунары» яшчэ ў 1920 г. спрыяў першым вершаваным публікацыям Арсенневай у беларускім друку Заходняй Беларусі. У 1921 г. паэтэса паступіла ў Віленскі ўніверсітэт. Але ў хуткім часе вымушана была спыніць вучобу, бо яе мужа — афіцэра польскага войска адправілі на службу ў заходнюю частку Польшчы. У 1939 г. Наталля Арсеннева апынулася ў Савецкай Беларусі. Працавала ў вілейскай абласной газеце «Сялянская праўда». На пачатку 1940 г. пісьменніца як жонка палоннага польскага афіцэра разам з двума сынамі была выслана ў Казахстан… Вярнулася ў Беларусь у маі 1941 г. Паспрыяла гэтаму хадайніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Патрапіў пад каток сталінскіх рэпрэсій і беларускі крытык, літаратуразнавец, этнограф Сцяпан БАРКОЎСКІ (1905–1966). Яшчэ ў 1927 г. у Мінску выйшла яго кніга «Першае мая на Беларусі». З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, нарысамі С. Баркоўскі выступаў у самых розных часопісах і газетах: «Чырвоны сцяг», «Асвета», «Маладняк», «Звязда», «Полымя», «Чырвоная змена», «Савецкая Беларусь»… Працаваў крытык у Акадэміі навук БССР. Кватэра яго была своеасаблівым літаратурным салонам, у якім збіраліся такія маладыя пісьменнікі, як Васіль Сташэўскі, Васіль Шашалевіч, Васіль Каваль, Валеры Маракоў… 14 кастрычніка 1936 г. Сцяпан Андрэевіч быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Працаваў у лагерах горна-металургічнага камбіната ў Краснаярскім краі, на Джыдзінскім вальфрамавым камбінаце (руднік Халтасон). З 1946 г. наш зямляк — у Фрунзэ (сённяшні Бішкек), у аддзеле меліярацыі і арашэння Чуйскай даследчай станцыі лубяных культур. У 1950 г. Сцяпан Баркоўскі быў накіраваны на асваенне цалінных земляў у Казахстан. Працаваў на будаўніцтве водагаспадарчых аб’ектаў у саўгасах Акмолінскай вобласці. Нагадаем: Акмолінск — павятовы горад. Заснаваны ў 1830 г. Спярша — як казачы фарпост… Падзей за наступныя дзесяцігоддзі ў гэтых мясцінах адбылося надзвычай шмат. 20 сакавіка 1961 г. горад перайменавалі ў Цалінаград. У 1992 г. новае перайменаванне — цяпер ужо ў Акмалу. 6 чэрвеня 1994 г. была прынята пастанова Вярхоўнага Савета Казахстана аб пераносе сталіцы Казахстана ў Акмалу. З 1998 г. горад носіць назву Астана…

Яшчэ адзін унікальны беларускі лёс — ураджэнца мястэчка Радунь Лідскага павета, паэта, гістарычнага пісьменніка, перакладчыка Пятра Іванавіча БІТЭЛЯ (1912–1991), Яшчэ да вайны ён паспеў закончыць Вышэйшыя настаўніцкія курсы пры Віленскім універсітэце. У пачатку Другой сусветнай вайны, як гітлераўскія фашысты напалі на Польшчу, Пятро Бітэль быў прызваны ў войска і накіраваны на фронт. П. Бітэлю пашчасціла — ён вярнуўся дахаты. У родных мясцінах усталявалася Савецкая ўлада. Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы. У час фашысцкай акупацыі жыў у Валожыне, падтрымліваў сувязі з партызанамі. У чэрвені 1944 г. быў вывезены ў Германію. Па дарозе ўдалося з цягніка ўцячы. Знайшоў прытулак у Польшчы. Дачакаўся вызвалення. І быў мабілізаваны ў Савецкую Армію, дзе служыў да канца 1945 г. Пасля вярнуўся ў родныя мясціны, працаваў настаўнікам у Валожынскім раёне. У 1947 г. Пятра Іванавіча звольнілі з працы. А жыць жа трэба было — і настаўнік становіцца праваслаўным святаром. У Докшыцах. У 1950 г. настаўніка і святара арыштавалі. У 1951-м — завочна асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пачаліся пакутныя лагерныя шляхі… Спярша — Кемераўская вобласць, Омск. Затым — Джэзказган, работа на пагрузцы драўніны, на будоўлі, медным рудніку. У гэты час, як ні дзіўна, Пятро Бітэль пачынае займацца мастацкім перакладам. Запісы робіць на абгортачнай паперы з мяхоў, якія выкарыстоўвалі для перавозкі цэменту. У той час паэт пераклаў на беларускую мову паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод». Рукапісы перакладаў Пятро Іванавіч здолеў перадаць у БССР. Максім Танк напісаў нават ліст лагернай адміністрацыі… У 1956 г. вязень вярнуўся дахаты. Але канчаткова настаўніка, святара і перакладчыка рэабілітавалі толькі ў 1978 г. Першая кніга Пятра Бітэля — гістарычная паэма «Замкі і людзі» — была выдадзена ў 1968 г. У 1986 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР…

Пройдуць гады — і з Карагандой будзе звязаны лёс рускага празаіка Беларусі Сяргея ЗАЙЦАВА (нарадзіўся ў 1954 г. у Свярдлоўску), аўтара рамана «Перамагаючы — азірніся». Будучы пісьменнік у 1971–1977 гг. вучыўся ў Карагандзінскім медыцынскім інстытуце. А яшчэ раней — у 1961–1971 гг. — у сярэдняй школе № 2 у Прыазёрску.

Ужо ў 1980-я — на пачатку 1990-х вайсковы абавязак афіцэра Савецкай Арміі ў гэтых мясцінах будзе выконваць яшчэ адзін наш зямляк — гарадзенец Станіслаў СУДНІК. У Прыазёрску ён арганізаваў беларускае вайсковае зямляцтва. Выдаваў газету «Рокаш». Выдаў у Казахстане кнігу вершаў на беларускай мове. Свае карэктывы ў рух народаў, міграцыю насельніцтва на постсавецкай прасторы ўнесла Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. Так, у эвакуацыю, уцякаючы ад фашысцкай навалы, выправіўся і беларускі паэт, празаік, аўтар славутага апавядання «Пяць лыжак заціркі» Змітрок БЯДУЛЯ(1886–1941). Першы свой мастацкі абразок — «Пяюць начлежнікі…» — надрукаваў яшчэ ў 1910 г. у газеце «Наша ніва». Пры жыцці пабачыла свет каля 60 кніг Змітрака Бядулі (разам з перавыданнямі) — на беларускай, польскай і рускай мовах, некалькі кніг — на ідыш. Пісьменнік быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга… Па дарозе ў эвакуацыю ў Змітрака Бядулі не вытрымала сэрца — і літаратар памёр. Здарылася гэта непадалёку ад Уральска 3 лістапада 1941 г. Пахаваны пісьменнік быў ва Уральску. Зусім нядаўна прах Змітрака Бядулі перавезлі ў Мінск.

Раней гэты горад, дзе сёння пражывае больш за 300 тысяч чалавек, быў вядомы як Яіцкі гарадок (ва ўсякім разе, так называлася паселішча да 1775 г.). З горадам звязаны лёс правадыра сялянскага паўстання Емяльяна Пугачова (1742–1775). Уральск у розныя часы прымаў І. А. Крылова, Г. Р. Дзяржавіна, А. С. Пушкіна, У. І. Даля, Т. Р. Шаўчэнку, Л. М. Талстога, У. Г. Караленку, В. П. Праўдухіна, татарскага народнага паэта Габдулу Тукая, пачынальнікаў сучаснай казахскай літаратуры Сакена Сейфуліна, Сабіта Муканава…

Ва Уральску ў 1941–1943 гг. жыў беларускі перакладчык Сямён ДОРСКІ (1920–1992), які патрапіў сюды разам з Беларускім драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. У тэатры працаваў брат Сямёна — беларускі драматург Іосіф Львовіч ДОРСКІ (1911–1964), аўтар п’есы «Алазанская даліна». Сямён Дорскі пераклаў на беларускую мову творы П. Абрахамса, Д. Алонса, П. Джойса, І. К. Акуньі, Г. Прокапа і іншых англійскіх, нямецкіх, іспанскіх пісьменнікаў. Ва Уральску наш зямляк выкладаў гісторыю ў сярэдняй школе. Затым закончыў Ленінградскае ваеннае вучылішча сувязі імя Ленсавета (1943), якое знаходзілася ў Казахстане ў эвакуацыі.

Са школьнай пары памятаю кнігу Рыгора БЯРОЗКІНА «Паэзія праўды», са старонак якой я адкрыў творчыя біяграфіі Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка. Не ведаю, якім чынам гэты том літаратурнай крытыкі апынуўся ў нашай хатняй бібліятэцы, бо выдадзены ён быў ажно ў 1958 г. І я, школьнік, не мог, зразумела, тады нічога ведаць пра аўтара гэтага зборніка, пра яго надзвычай пакручасты лёс. Ужо шмат пазней даведаўся, што дарога Рыгора Бярозкіна (1918–1981) у літаратурную крытыку пачыналася з рэцэнзій, артыкулаў, прысвечаных творчасці Аркадзя Куляшова і Рахіль Баўмволь, з артыкула «Маякоўскі і Пушкін» у «Літаратуры і мастацтве», надрукаванага 16 лютага 1937-га… У 1939–1941 гг. Рыгор Бярозкін працаваў загадчыкам аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Шмат друкаваўся. У тым ліку — і ў іншых выданнях: газетах «Сталинская молодежь», «Звязда», «Советская Белоруссия», часопісах «Штэрн», «Полымя рэвалюцыі». А ў красавіку 1941 г. Рыгора Бярозкіна арыштавалі з абвінавачваннем ва ўяўнай антысавецкай агітацыі і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі. Знаходзіўся пад следствам у Мінску. А 26 чэрвеня 1941 г., калі зняволеных вывелі з горада, Рыгор здолеў уцячы. Вярнуўся дадому, у Магілёў, і папрасіў ваенкамат накіраваць яго на фронт. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, баявымі медалямі. Пасля вайны служыў карэспандэнтам газеты «Советское слово», якая выдавалася Савецкай ваеннай адміністрацыяй у Германіі. 10 жніўня 1949 г. Рыгора Бярозкіна арыштавалі другі раз. З тым жа абвінавачваннем, што і ў 1941 г. У чэрвені 1950 г. ваеннага журналіста і беларускага літаратурнага крытыка асудзілі на 10 гадоў лагераў. Зняволенне Рыгор Бярозкін адбываў у Карагандзінскай вобласці, у Казахстане… Вызвалены быў у 1955 г. І напружана працаваў як літаратурны крытык, публіцыст. Выдаў 13 грунтоўных кніг, кожная з якіх чытаецца як арыгінальны мастацкі твор.

Караганда — месца лагернага прытулку яшчэ аднаго вязня сталінскага ГУЛАГу — Андрэя МРЫЯ (1893–1943), аўтара захапляльнай сатырычнай аповесці «Запіскі Самсона Самасуя» (упершыню была надрукавана ў часопісе «Узвышша» ў 1929 г.).

У Беларусі добра ведаюць рускага паэта Іосіфа ВАСІЛЕЎСКАГА (нарадзіўся ў 1911 г. у Данецку), аўтара многіх вершаваных кніг: «Мой спутник Солнце», «В добрый час», «Родное раздолье», «От зорьки до зорьки», «Новь»… А пачынаў паэт пісаць на беларускай мове: першы верш — «Парогі дзён» надрукаваў у часопісе «Маладняк» у 1931 г. У пасляваенныя гады Іосіф Васілеўскі працаваў акцёрам у казахстанскім горадзе Усць-Каменагорску. Заснавана паселішча ў 1720 г. Да 1932 г. горад уваходзіў у склад Томскай губерні, Омскай вобласці, Алтайскай губерні, Сяміпалацінскай губерні, Алтайскай горнай акругі, Сяміпалацінскай акругі… Горад, пабрацімам якога, дарэчы, з’яўляецца беларускі Бабруйск, апісаны ў многіх мастацкіх творах: рамане Мікалая Чакмянёва «Сямірэчча», кнігах Мікалая Анава «Агні на Іртышы», «Брат, які згубіўся», у вершах Паўла Васільева «Горад Серафіма Дагаева», Міхаіла Чысцякова «Усць-камень»… У тым самым Усць-Каменагорску ў школе вучыўся будучы беларускі літаратуразнавец, крытык, публіцыст Мікола Калінковіч (1950–1990), які нарадзіўся ў вёсцы Цна Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. У Казахстан Мікола патрапіў разам з бацькамі, якія прыехалі асвойваць цалінныя землі. У 1958 г. ужо вярнуўся на радзіму — у вёску Цна. Мікола Калінковіч — аўтар кніг «Лунинец», «Не обрывается земная связь», «Имя мое — Свобода», «Палескія дні Аляксандра Блока», «Возвращение рассветной рани», «Не должен быть неизвестным солдат», выдадзеных у Мінску і Ашхабадзе, дзе некаторы час жыў пісьменнік. Дарэчы, адзін з творчых псеўданімаў беларускага літаратара — А. Каменагорскі.

У 1945–1948 гг. карэспандэнтам усесаюзнай газеты «Гудок» працаваў беларускі празаік, паэт Яўген ВАСІЛЁНАК (1917–1973), які нарадзіўся ў Оршы. У 1958–1966 гг. пісьменнік працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Аўтар 15 кніг, выдадзеных на беларускай і рускай мовах. Пераклаў на беларускую мову зборнік апавяданняў кітайскіх пісьменнікаў «Дзеці вялікага народа», раман «Абноўленая зямля» таджыкскага празаіка С. Улуг-Зода, творы рускіх, венгерскіх, туркменскіх, украінскіх пісьменнікаў.

Гомель – радзіма літаратуразнаўца-іспаніста і перакладчыка Давыда Ісаакавіча ВЫГОДСКАГА (1893 – 1943), які завершыў свой жыццёвы шлях у Карагандзінскім выпраўленча-працоўным лагеры. Аўтар зборніка вершаў “Зямля” (1922). Пераклаў на рускую мову болей 20 раманаў французскіх, іспанскіх, нямецкіх і лацінаамерыканскіх пісьменнікаў.

У Казахстане знайшоў свой апошні прытулак беларускі гісторык, археограф, публіцыст Дзмітрый ДАЎГЯЛА (1868 – 1942), які нарадзіўся ў вёсцы Казьяны Віцебскай губерні (цяпер – Шумілінскі раён Віцебскай вобласці). Выкладаў у духоўнай семінарыі і мужчынскай гімназіі ў Віцебску. Працаваў рэдактарам газеты «Полоцкие епархиальные ведомости», архіварыусам у Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актавых кніг. Быў членам Віленскай камісіі для разгляду і выдання старажытных актаў. З 1921 года загадваў Магілёўскім архівам. З 1929 года – дырэктар бібліятэкі Беларускай акадэміі навук, з 1937 года – навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі навук. У 1937 г. арыштаваны як “нямецкі шпіён”. Пакаранне адбываў у высылцы ў Сярэдняй Азіі. Памёр у сяле Пахта-Арал у Казахстане. Аўтар кніг “Полацкая епархія да 1903 года” (Віцебск, 1903), “Лепель, павятовы горад Віцебскай губерні” (Віцебск, 1905), “Крыж прэпадобнай Еўфрасіньі, княжны Полацкай” (Віцебск, 1895) і інш.

З Казахстанам завязаны лёс ураджэнца Гарадка, што на Віцебшчыне, празаіка Цодзіка ДАЎГАПОЛЬСКАГА (1879–1959), які пісаў на ідыш, беларускай і рускай мовах. Першая кніга нашага земляка пабачыла свет ў 1914 г. у Вільні — «Правінцыйныя фантазіі». Гэта быў зборнік драм. Камедыя для дзяцей «Пракляцці дзядулі» выйшла ў 1919 г. у Маскве. Першая частка рамана «Каля адчыненай брамы» — у 1928 г. у Мінску. Другая — у Харкаве ў 1931-м… У Беларусі Цодзік Даўгапольскі працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газеты «Октобэр», Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1937 г. пісьменнік беспадстаўна асуджаны. Пакаранне адбываў у Казахстане. У 1943 г. Цодзік Даўгапольскі быў вызвалены. Жыў на Урале. Займаўся педагагічнай дзейнасцю.

У Алма-Аце ў 1943 г. закончыў вучобу ва Усесаюзным дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі беларускі празаік, драматург, фельетаніст Валянцін ЗУБ (1914–1980). Друкавацца ён пачаў яшчэ ў 1938 г. Вярнуўшыся пасля вайны ў Мінск, амаль трыццаць гадоў адпрацаваў у часопісе сатыры і гумару «Вожык». Напісаў і выдаў больш за трыццаць кніг. Аўтар многіх дзіцячых п’ес.

З Казахстанам звязаны лёс дзеяча беларускага нацыянальнага руху, мемуарыста Кастуся РАМАНОВІЧА (1927 – 2005), які нарадзіўся ў вёсцы Лозкі гміны Шчорсы Навагрудскага ваяводства (цяпер – Нягневіцкі сельсавет Навагрудскага раёна). У час Вялікай Айчыннай вайны далучыўся да дзейнасці Саюза беларускай моладзі. Пасля нямецкай акупацыі вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У 1944 г. арыштаваны і высланы ў Комі АССР. Вярнуўся ў Беларусь у 1946 г. І далучыўся да дзейнасці Саюза вызвалення Беларусі. Арыштаваны ў маі 1947 г. Асуджаны на 10 гадоў лагераў. Этапаваны ў Пячорскі лагер МДБ Комі АССР. З лістапада 1955 г. – у высылцы ў Тэміртау Карагандзінскай вобласці Казахстана. Вярнуўся дадому ў 1957 г. Працаваў у калгасе. Атрымаў атэстат сталасці за вячэрнюю школу. З’ехаў ва Украіну. Закончыў Данецкі палітэхнічны інстытут. У 1972 г. вярнуўся ў Беларусь. Напісаў успаміны “За волю Беларусі. Успаміны пра сябе і сваіх сяброў”. Расказаў у сваіх успамінах і пра беларускага паэта Самсона ПЯРЛОВІЧА (1923 – 2001), які нарадзіўся ў вёсцы Католышы Навагрудскага раёна: “Я разам з Пярловічам прайшоў праз пакуты на лесапавалах Усць-Вым, на будаўніцтве шахтаў у Карлагу, спаў разам з ім на голых нарах. І там, на голых нарах, Пярловіч складваў вершы без алоўка, якія мы вучылі на памяць для будучыні”. Самсон Пярловіч быў у высылцы у Сарані (Карагандзінская вобласць). Аўтар кніг “Бяссмертнік” (1994), “Заяц на бярозе” (Навагрудак, 1995), “Чарадзейны агонь” (Навагрудак, 1998).

У час Вялікай Айчыннай вайны ў 1943–1944 гг. у газеце «Казахстанская правда» працаваў карэспандэнтам беларускі празаік Мікола ЛУПСЯКОЎ (1919–1972), які пачаў друкавацца яшчэ ў 1935 г. Мікола Лупсякоў — аўтар кніг «Першая атака», «Апавяданні», «Мост», «Разведчыкі», «Дружба», «Чырвоны бераг», «Дняпроўская чайка», «Паядынак», «У вераб’іную ноч»…

У Алма-Аце ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка МАЎР (1883–1971). Між іншым, легендарныя «Палескія рабінзоны» перакладзены і на казахскую мову. Перакладчык — Т. Мізамбекаў. Аповесць выдадзена ў Алма-Аце ў 1981 г.

У Кустанайскім настаўніцкім інстытуце ў 1945–1950 гг. выкладаў беларускі літаратуразнаўца Фёдар КУЛЯШОЎ (нарадзіўся ў 1913 г. на Гомельшчыне, у вёсцы Вялікія Стралкі Рагачоўскага павета). Аўтар кніг «Жыццё і творчасць Льва Мікалаевіча Талстога», «Сатырычная паэзія М. А. Някрасава», «Міхась Лынькоў», «Эцюды аб прозе», «Іван Мележ», «Сучасная беларуская проза», «Подзвіг мастака», «Літаратурныя партрэты», «У дарозе»… У час працы ў Казахстане Фёдар Куляшоў шмат друкаваўся ў перыядычных выданнях. Згадаем назвы хаця б некаторых артыкулаў і рэцэнзій: «Каштоўная кніга пра Джамбула», «“Рускае пытанне” на кустанайскай сцэне», «Вершы Івана Найдзёнава» (артыкул пра рускага паэта, выкладчыка Кустанайскага настаўніцкага інстытута, аўтара паэмы пра славутага батыра Амангельды Іманава), «Казахскі народ у перадавой рускай літаратуры XIX стагоддзя»…

Паэт, перакладчык, крытык, літаратуразнавец Сцяпан ЛІХАДЗІЕЎСКІ (1911–1979) нарадзіўся на Случчыне. Першая яго кніга — зборнік вершаў і паэм «Рокаты дальняй прыстані» — пабачыла свет у Мінску ў 1931 г. Пасля адзін за адным — яшчэ некалькі паэтычных зборнікаў: «Чырванеюць вішні», «Крывавыя знічкі на снезе», «Мы — маладая гвардыя». У 1933 г. маладога пісьменніка беспадстаўна асудзілі на тры гады высылкі ў Казахстан. Чатыры гады Сцяпан Ліхадзіеўскі настаўнічаў у сярэдніх школах Келеска (цяпер Сары-Агачскі раён), дзе працягваў пісаць вершы.

У 1937 г. была рэпрэсіравана беларуская паэтэса, перакладчыца, педагог Ядвіга МАШЫНСКАЯ-ГЕЛЬТМАН (1886–1946), якая нарадзілася ў мястэчку Глуск на Бабруйшчыне. З 1937 г. пісьменніца, якая стварала свае апавяданні, вершы на польскай мове, — у ГУЛАГу ў Казахстане. Працавала начным сторажам, настаўніцай, нянькай. З 1943-га — на пасяленні ў сяле Баравое, пасёлку Тайнча, дзе і памерла. З лагера, нягледзячы на ўсе цяжкасці, пісала мужныя лісты свайму сыну — будучаму беларускаму вучонаму-батаніку Віктару Гельтману. Дасылала яму свае лірычныя вершы.

У Акмолінскай вобласці асвойваў цаліну будучы беларускі пісьменнік Апанас ПАЛІТЫКА (нарадзіўся ў Крычаўскім раёне ў 1935 г.), аўтар кніг гумару і сатыры «Маўчанне навыперадкі», «Свой хлопец», «Праверка». У Казахстане наш зямляк працаваў у 1954–1955 гг. А ў ерментаўскай раённай газеце Цалінаградскай вобласці ў 1961–1962 гг. працаваў беларускі паэт, празаік, публіцыст Міхась ПАРАХНЕВІЧ (нарадзіўся на Міншчыне, у Старадарожскім раёне ў 1934 г.). Першая кніга вершаў М. Парахневіча «Мы майструем самалёт» выйшла ў 1963 г.

Сяргей Вячаслававіч СКАНДРАКОЎ (1876 – 1953) нарадзіўся ў Мгліне (цяпер – Чарнігаўская вобласць) – гэта непадалёку ад Беларусі. Але яго творчы, жыццёвы лёс звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях. Друкаваўся ў газеце “Минский листок». У час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. з’яўляўся членам Мінскага камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, рэдактарам-выдаўцом газеты «Голос Белоруссии» (выйшаў усяго адзін нумар 1 студзеня 1906 года), у якой надрукаваў свій рэвалюцыйны твор “Казка пра голых і сабаліныя футры”, вершы на беларускай мове Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны. Адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства “Мінчанін”. У 1907 – 1910 гг. у мінскіх газетах друкаваў свае палітычныя казкі. 6 ліпеня 1930 года быў арыштаваны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”.  Пакаранне адбываў у Яраслаўлі, а пасля --  у Мічурынску, Душанбэ, Алмаце, Карагандзе. У Карагандзе і памёр 2 жніўня 1956 года.

З Казахстанам звязаны лёс рускага паэта Беларусі Юрыя ФАТНЕВА. У Алма-Аце пабачылі свет яго вершаваныя кнігі «Любимое» (1962), «Общий вагон» (1964), «Глаза не умеют молчать» (1966).

Пад Карагандой памерла Марыя Якаўлеўна ФРУМКІНА (1880 – 1943), якая нарадзілася ў Мінску. Дзеяч яўрэйскай адукацыі. Арганізатар рабочага камуністычнага руху. Публіцыстка. У 1917 г. у Мінску рэдагавала газету на ідзіш “Дэр векер”. З 1921 г. – у Маскве. Шмат пісала па пытаннях культуры, адукацыі, новага ладу жыцця. Разам з М. Літваковым была рэдактарам Збору твораў У. І. Леніна на ідзіш (тт. 1-8, Масква, 1925 – 1928), выпусціла біяграфію Х. Лекерта (Масква, 1922). У 1928 была сурэдактарам часопіса “Піянер”. У 1937 М. Фрумкіну адхілілі ад усіх пасад. У студзені 1938 г. арыштавалі. У жніўні 1940 г. асудзілі да 8 гадоў заключэння. Памерла ў лагеры, размешчаным непадалёку ад Караганды.

Па партыйнай пуцёўцы накіравана была ў Казахстан — на «Балхашбуд» заходнебеларуская рэвалюцыянерка, публіцыстка Вера ХАРУЖАЯ (1903–1942). Яшчэ ў 1932 г. выйшла яе кніга «Лісты на волю» (пад псеўданімам Польская камсамолка). У 1937 г. В. Харужая патрапіла пад каток сталінскіх рэпрэсій. Рэвалюцыянерку абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці. У 1939 г. вызвалілі. Вера Харужая вярнулася ў Беларусь. У час Вялікай Айчыннай вайны наша зямлячка была адным з кіраўнікоў Віцебскага антыфашысцкага падполля. Закатавана ў фашысцкім засценку. У 1960 г. Веры Харужай пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1931 г. беспадстаўна асудзілі яшчэ аднаго нашага пісьменніка — Сымона ХУРСІКА (1902–1972). Першая яго кніга — «Першы паўстанак» — пабачыла свет у 1925 г. Сымон Хурсік працаваў настаўнікам у школах Чувашскай і Марыйскай АССР, у Казахстане. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Чырвонай Арміі. Пасля вайны жыў у пасёлку Айдабул Какчэтаўскай вобласці. А з 1964 г. — у Карагандзе.

Адказным сакратаром раённай газеты ў сяле Шаманаіха ў Казахстане напачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў беларускі празаік Алесь ЯКІМОВІЧ (1904–1979). Адтуль у 1942 г. наш зямляк быў накіраваны на курсы малодшых лейтэнантаў у Андзіжан. Затым — на фронт.

У розныя гады ў Казахстане працавалі празаік Алег ЖДАН, паэт Славамір АДАМОВІЧ… Магчыма, можна згадваць і іншыя імёны. Не ўсе звесткі занатаваны ў гісторыі беларуска-казахскіх літаратурных сувязей. Вядома, што Казахстан цікавіў, натхняў на стварэнне паэтычыных і празаічных твораў шмат каго з беларускіх пісьменнікаў, якія наведвалі розныя гарады і паселішчы гэтай прыгожай старонкі. Варта зазірнуць у творчыя і жыццёвыя біяграфіі Уладзіміра ДУДЗІЦКАГА, Рыгора БАРАДУЛІНА, Леаніда ЛЕВАНОВІЧА, Уладзіміра ГНІЛАМЁДАВА, Івана КАРЭНДЫ, Алеся ПІСЬМЯНКОВА, Вячаслава РАГОЙШЫ, Анатоля БУТЭВІЧА, Міколы КАЛІНКОВІЧА, ды і шмат каго яшчэ, як вы знойдзеце там «казахстанскія старонкі»…

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 985 раз