Суббота, 06 03 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Амерыканская перакладчыца з Бабруйска

  • Воскресенье, 01 ноября 2020 20:53

Калі хто зоймецца складаннем літаратурнай карты Бабруйскага края, то, несумненна, не абыйдзе ўвагай імёны народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова, рэпрэсаванага празаіка Барыса МІКУЛІЧА, паэта, празаіка, перакладчыка Міколы АЎРАМЧЫКА, паэтэсу Святлану БАСУМАТРАВУ, ды іншыя таксама імёны… Багатай падаецца гэтая старонка – і горад, і раён – на літаратараў, якія тут нарадзіліся альбо пэўным чынам звязаны з Бабруйшчынай… А вось ці згадаюць будучыя даследчыкі, літаратурныя краязнаўцы Міру ГІНЗБУРГ (нарадзілася ў Бабруйску 10 чэрвеня 1909 года)..?  

Мне перадалі цікавую, багатую на сустрэчы з палітыкамі, грамадскімі і царкоўнымі дзеячамі, акцёрамі, мастакамі, прэзідэнтамі, кнігу Міхаіла МАРГУЛІСА «Адзін на адзін з жыццём (з успамінаў)», якая выйшла ў Мінску ў выдавецтве «Галіяфы». Аўтар кнігі жыве ў ЗША. Нарадзіўся і вырас у Кіеве. Шмат дзесяцігоддзяў назад эміграваў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Аўтар больш як дзесяці кніг, шматлікіх публікацый. Сярод апошніх выданняў – і зборнік «Сум па раю. Раман і сорак пяць апавяданняў». Узначальвае ў Амерыцы кніжнае выдавецтва. Выпускаў газету «Литературное зарубежье», часопіс «Литературный курьер». Жыве ў горадзе Норт Порт (штат Флорыда). Гартаючы старонкі кнігі «Адзін на адзін з жыццём», знайшоў раздзел «Перакладчыца карыфеяў»… Цікавая сустрэча з невядомым чалавекам, невядомай перакладчыцай. Чытаю: «Аднойчы ў Нью-Ёрку, у кнігарні Мікалая Мікалаевіча Марцьянава, афіцэра з першай пускай эміграцыі, я пачуў, як жанчына распытвае гаспадара пра магчымыя рукапісы і кнігі Міхаіла Булгакава ці звескі пра жыццё гэтага пісьменніка.» І далей: «Мы з ёю пазнаёміліся – і загаварылі пра рускую літаратуру.

Яе звалі Міра Гінзбург.

Гэта быў 1977 год, і сумрачная «жалезная заслона» аддзяляла СССР ад Захаду. Мы гаворым і гаворым, я радуюся выдатнай мове сваёй суразмоўніцы, і раптам высвятляецца, што яна нарадзілася ў Беларусі, але з дзяцінства жыве ў Канадзе і ў Амерыцы.

‒ Бог ты мой! – усклікнуў я, страшэнна здзіўлены, ведаючы, што эмігранты, якія зусім нядаўна прыехалі, каверкаюць мову, устаўляюць у яе, калі трэба і калі не трэба, англійскія словы.

Высветлілася, што бацькі, інтэлігентныя адукаваныя людзі, вывезлі яе за акіян яшчэ падлеткам. Руская мова стала для яе планетай даследванняў у літаратуры і ў музыцы. Незвычайныя здольнасці паспрыялі ёй захаваць мову ў рэдкай чысціні, з зайдросным запасам слоў. Але асноўнай мовай, канешне ж, сталася англійская.

Размаўляем далей, і я ізноў ледзьве не падаю з крэсла ад здзіўлення. Высвятляецца, што яна яшчэ ў 1967 годзе пераклала «Майстра і Маргарыту» Булгакава на англійскую мову, відаць, упершыню, у Амерыцы і ў свеце…»

Нізкі паклон Міхаілу Маргулісу за дапамогу ў адкрыцці такой славутай зямлячкі. Нарадзілася Міра ў сям’і Іосіфа Гінзбурга і Броні Гейер. У 1923 годзе яны пераехалі ў Лібаву. Верагодна, што не з Бабруйска, а з Масквы ці Ленінграда.  Бацька быў актыўным «бундаўцам». Хто не памятае, падкажам, што такое БУНД… Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы, Расіі. Іначай кажучы, яўрэйская сацыялістычная партыя. Заснаваны напрыканцы 1890-х гадоў, БУНД працаваў да канца 1940-х гг. У Расіі, праўда, быў забаронены ў 1921 г. А ў Польшчы – у 1948 г. БУНД лічыў сябе адзінай палітычнай сілай, якая змагалася за інтарэсы яўрэйскага рабочага класа. Лева-сацыялістычная партыя выступала за дэмакратычныя змены і грамадскае аб’янанне сродкаў вытворчасці, так што бундаўцаў можна смела лічыць паслядоўнікамі марксізма. Таксама БУНД выступаў супраць эміграцыі яўрэяў у Палестыну, але бундаўцы верылі, што стварэнне свецкай сістэмы адукацыі, падтрымка нацыянальна-культурнай аўтаноміі яўрэяў, развіццё культуры на мове ідыш дазволіць захаваць адзінства нацыі. Праўда, Кастрычніцкую рэвалюцыю бундаўцы не падтрымалі. Бацька Міры Гінзбург, па некаторых сведчаннях, быў знаёмы з У. І. Леніным. Калі правадыр сусветнага пралетарыяту пайшоў з жыцця, калі палітыкай у Расіі кіравалі іншыя людзі, Іосіф Гінзбург зразумеў, што месца яму ў гэтай краіне няма.

У эміграцыі жыццё сям’і Гінзбургаў складвалася няпроста. Бацька, стомлены рэвалюцыйнай працай, захварэў. Па жыцці Міры давялося прабівацца самой. З 1938 года яна сур’ёзна занялася перакладчыцкай справай. Перакладала ў асноўным з рускай мовы, якую (пра што сведчыць і Маргуліс, які сустрэў перакладчыцу, калі ёй было ўжо пад семдзесят гадоў) выдатна захавала ў сваёй свядомасці. І якую, канешне ж, развівала, бо відавочна, што ў Міры Гінзбург быў адметны, выключна тонкі густ. У 1962 годзе ў перакладзе М. Гінзбург на англійскую мову выйшла кніга «Азеф» Рамана Гуля. У 1963 годзе – «Гісторыя савецкай літаратуры» Веры Аляксандравай. Магчыма, пераклад менавіта гэтай працы прынёс перакладчыцы надзвычайную вядомасць, паспрыяў яе актыўным стасункам з кніжнымі выдавецтвамі. Вера Аляксандрава, якая нарадзілася ў 1895 годзе,  з маладосці была звязана з рознымі рэлігійна-філасофскімі групамі. А ў 1921 годзе Вера Аляксандрава ўступіла ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (меншавікоў). Пасля Грамадзянскай вайны эмігрыравала ў Германію. Затым пераехала ў Францыю, пасля – у ЗША. На працягу амаль 40 гадоў настойліва і добрасумленна пісала агляды савецкай літаратуры. Была сталым аглядальнікам газет «Социалистический вестник» (Берлін) «Новое русское слово» (Нью-Ёрк). Працавала галоўным рэдактарам выдавецтва Чэхава ў Нью-Ёрку. Надрукавала серыю кніг з мемуарамі рускіх эмігрантаў. Напісала кнігу «Гісторыя савецкай літаратуры 1917 – 64. Ад Горкага да Салжаніцына».

…З твораў М. Булгакава Міра Гінзбург пераклала не толькі «Майстра і Маргарыту», але і іншыя аповесці, раманы вялікага рускага пісьменніка. У полі перакладчыцкага зроку нашай зямлячкі аказаліся і творы Я. Замяціна, М. Зошчанка, Ю. Тынянава, А. Платонава, А. М. Рэмізава. Міру Гінзбург прынялі ў шэраг прэстыжных амерыканскіх арганізацый: у Асацыяцыю амерыканскіх перакладчыкаў, Гільдыю пісьменнікаў пісьменнікаў, Міжнародны ПЭН Клуб. Перакладчыца шмат зрабіла і для знаёмства амерыканскага, англамоўнага чытача з казкамі народаў Савецкага Саюза. Яна пераклала з рускай мовы каля дваццаці кніг, розных анталогій казак.

Перакладчыцкія здабыткі Міры Гінзбург заўважыў славуты рускі пісьменнік і літаратуразнаўца Карней Чукоўскі. Яны пачалі ліставацца. Захавалася каля шасцідзесяці лістоў адзін да аднаго. З сям’ёю Карнея Чукоўскага, блізкімі яго родзічамі Міра Гінзбург ліставалася да апошніх дзён свайго жыцця. Памерла амерыканская перакладчыца ўраджэнка Бабруйска ў 2000 годзе. Будзем спадзявацца, што імя нашай зямлячкі застанецца асобным радком на «Літаратурнай карце Бабруйшчыны».

 

Максім Веяніс

Прочитано 1048 раз