Версия для печати

Гісторыя з «Дзесяці саг пра Караткевіча». Малаток і сякера

  • Четверг, 26 ноября 2020 00:20

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга Вячаслава Рагойшы «Дзесяць саг пра Караткевіча». Паколькі аўтар быў блізкім сябрам Уладзіміра Сямёнавіча, то не дзіўна, што ў кнізе шмат цікавых і часам невядомых шырокаму чытачу фактаў, звязаных з біяграфіяй славутага пісьменніка. Ёсць у ёй і пацешныя гісторыі, як, напрыклад, гэтая:  

«У госці да Караткевіча прыехалі палякі, з якімі ён сябраваў. Зразумела, захацелася яму і Валянціне Браніславаўне «па вялікім рахунку» пачаставаць гасцей, сярод якіх было нямала і беларусаў. Пасля застолля пачалася гулянка ‒ песні, танцы... А час быў ужо даволі позні. Ніл Гілевіч, кватэра якога была якраз пад кватэрай Караткевіча, тэлефанаваў, стукаў кулаком у дзверы, але яго не чулі ці не надта слухалі. І вось тады Ніл Сымонавіч узяў у рукі малаток і пачаў ім грукаць у дзверы. На гэты раз стук у дзверы ўсе пачулі. Гаспадар кватэры паволі адчыніў дзверы, аж перад ім ‒ раз’ятраны сусед з малатком у руках. Уладзімір стаў перад ім і гэтак спакойна-спакойна, але каб усе чулі, выразна прамовіў:

‒ А я зараз вазьму сякеру!

А за спінай Уладзіміра ‒ выкшталцоныя палякі, вядомыя тутэйшыя інтэлігенты... Ніл Сымонавіч, нічога не сказаўшы, хутка рэціраваўся. Знакі ж ад ягонага малатка ‒ выбоіны на дзвярах ‒ красаваліся яшчэ з год, пакуль у час рамонту не памянялі тыя дзверы...»

 

 

Віктар Шніп,

з рэдакцыйных нататак

 

P.S.Кнігу Вячаслава Рагойшы «Дзесяць саг пра Караткевіча» можна набыць у выдавецтве па самым нізкім кошце: 11 рублёў.

Тэлефоны аддзела рэалізацыі ў г. Мінску: 203-80-54,

203-58-09

Прочитано 749 раз