Кніга «Выбранае» Сяргея Панізніка выйшла да 75-гадовага юбілею паэта. Яна ў значнай ступені падсумоўвае плённы творчы шлях аўтара. Невыпадкова ў падзагалоўку ёсць падказка на храналогію: «…Паэзія за паўстагоддзя творчай працы».
Укладанне і прадмова належаць Аксені Тарасевіч. Вось што, у прыватнасці, піша ўкладальніца ва ўступным слове: «… Гэта, бадай, адна з самых шчырых кніг Сяргея Панізьніка. Кожны раздзел пачынаецца маленькім уступам, у якім аўтар кажа пра тое, што натхняла яго ў часе працы, а што вярэдзіла душу. Далей, на адгорце шмуцтытула, да размовы далучаюцца крытыкі: спавіўшы словы аўтара тостамі-водгукамі, яны пакідаюць чытача сам-насам з паэзіяй, “настоенай” на каранях ветласці і сяброўства, з вершамі, якія вытрымалі выпрабаванне часам і могуць лічыцца хрэстаматыйнымі». І далей: «Скразная тэма зборніка — родны Край. Здавалася б, пра Беларусь у нашай літаратуры напісана столькі, што проста немагчыма не паўтарыць класікаў, не выкарыстаць звыклыя тропы і асацыяцыі. Аднак аўтар бліскуча пераасэнсоўвае здабыткі і надае звычайным з’явам новае гучанне, новую шчырасць, новую глыбіню. Нягледзячы на немалую колькасць каларытных прыдзвінскіх слоўцаў і аўтарскіх наватвораў, думка выказваецца проста і нязмушана — і гэта вельмі важна для сённяшняга чытача, стомленага штодзённымі бязмежнымі плынямі інфармацыі…»
Чытаеш вершы Сяргея Панізніка з розных гадоў — і быццам нектар п’еш. Такая асалода ад знаёмства з яго вершаванымі росшукамі, з яго мастацкімі і жыццёвымі адкрыццямі.
Бераг мудрай, таемнай зямлі,
ад якой ідуць караблі,
ад якога па рэках, лясах
пралягла і мая паласа —
як страла, як гасцінец… Абшар:
без мяжы — толькі плынь, толькі рух…
Урастаецца сонечны круг
у зямны, пераспелены шар.
А на ім і азёры — раса.
Любы бераг — дарог даўгунец:
тут мяне затрымае лаза,
роднай хаты самлісты вянец.
Я ад гэтага краю — углыб
па планеце-планідзе іду.
У жыцці прызнаю правату
і касую глухія вуглы.
І становіцца бераг зямлі
маяком і развілкай шляхоў.
Праплываюць гады-караблі
на сузор’і шчаслівых вякоў.
Гэты верш — з першай кнігі Сяргея Панізніка «Кастры Купалля» (1967 год).
Вось што пісаў Вячаслаў Рагойша пра першы зборнік маладога творцы: «“Кастры Купалля” — кніга ваяўнічая ў лепшым сэнсе гэтага слова. Яна ваюе з грамадзянскай інфантыльнасцю, з нацыянальным нігілізмам, сцвярджае ў чалавеку гістарычнае і нацыянальнае “я”… Паэт імкнецца ажывіць у нашай памяці ўчарашні дзень, каб яшчэ ярчэйшы, больш радасны быў дзень сённяшні і дзень заўтрашні…»
З першага зборніка вершаў Сяргей Панізнік запачаткаваў галоўныя кірункі сваёй творчай біяграфіі. Яны звязаны са спасціжэннем лёсавызначальных для нашай Беларусі прыярытэтаў…
Вось што расказвае сам Сяргей Панізнік пра другую сваю кнігу — «Палявая пошта» (1972): «“Палявую пошту” я пачаў збіраць яшчэ ва Уруччы — “сталіцы” славутай калісьці 120-й гвардзейскай дывізіі. Верш “...Мой адрас: пошта палявая...” з’явіўся ў чэшскім гарадку Мілавіца над Лабай, дзе служыў з 1969 года. Ён быў “сталіцай” штаба Цэнтральнай групы войск. І зноў дненне і начаванне ў рэдакцыі дывізійнай газеты… Але ж рэха — чуйнае! Выслухоўвае мае крокі ў Юрмале, у Нясвіжы, у Горадні... І “на шляху Адысея” ў 1970-х гадах пры напружаных чаканнях зноў і зноў аказвалася перада мною “несмяротная маці мая — Беларусь!”».
У другой кнізе — і верш з прысвячэннем Рыгору Барадуліну, таксама — і верш, які стаў песняй кампазітара Міколы Пятрэнкі «Нарачанка». У кнізе — і верш з прысвячэннем Уладзіміру Караткевічу.
А яшчэ — твор «Сяргею Палуяну», які адкрываецца эпіграфам з Максіма Багдановіча. Вось тыя арыенціры, тыя вежы, што вымалёўвалі яго, Сяргея Панізніка, творчы шлях... У «Палявой пошце» — і адрасаваны Хатыні верш... Міне час — і Сяргей Панізнік пройдзе шляхамі вязняў, жыхароў спаленых вёсак з Верхнядзвіншчыны, Асвейшчыны, Віцебшчыны, напіша празаічныя, публіцыстычныя кнігі пра драматызм, трагедыйнасць Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай...
Трэцяя кніга вершаў С. Панізніка — «Крона надзеі» — выйшла ў 1975 годзе. Няпросты для паэта час... «Газетчыка абвінавацілі ў тым, што ён згубіў “класавую пільнасць”. Сустракаўся ж афіцэр з Ларысай Геніюш, Забэйдам-Суміцкім... І дзе цяпер знайсці паэту сваю крону надзеі? З Карлавым мостам я развітаўся ў 1973 годзе, каб спраўдзіць пад цеплынёй незабытых песень бабулькі Альжбеты свае новыя творы...»
Але таленавіты, выразна нацыянальны мастак слова знайшоў сваю крону надзеі. І надалей працягваў спраўджвацца. Як Паэт. Як тонкі лірык. Як высокага голасу грамадзянскі творца...
У кнізе выбранай паэзіі С. Панізніка — яшчэ і творы з яго зборнікаў «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі» (1994), «Пры сьвячэньні» (2004), «Нас — многа» (2012)... Па кнігах Сяргея Панізніка можна вывучаць біяграфію нашай Айчыны. У вершах — асобы і мясціны, лёсы тых нашых прашчураў і сучаснікаў, якія могуць быць прыкладамі шчырага служэння Радзіме, якія сваімі жыццямі вылучаюць духоўнасць, маральнасць, узвышаюць чытача.
Даволі часта мы неяк стрымана выказваемся адносна нацыянальных прыярытэтаў паэтычнага слова ў звязку з эстэтычным зместам мастацкага твора. І дарэмна. Суладнасць сімвалаў нацыянальнай годнасці і высокага майстэрства ўзвышае вершаваны радок, робіць яго публіцыстычнасць грамадзянскім складнікам паэзіі. І, вядома, выклікае самыя светлыя пачуцці і ўяўленні патрыятычнай скіраванасці. І паэзія Сяргея Панізніка якраз праз усе яго гады ідзе ў дадзеным творчым рэчышчы.
Мікола БЕРЛЕЖ
Крынiца: ЛiМ