Суббота, 06 03 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Наперадзе – юбілей кітайскага славіста  

  • Четверг, 31 декабря 2020 16:06

У Ланьхань  альбо Гао  Ман – вядомае не толькі ў Кітаі імя. На яго жыццё прыйшліся розныя часіны. Цікавасць да рускай культуры, да славянскага свету ў яго развівалася яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг. Нарадзіўшыся ў кастрычніку 1926 года, ён першыя ўрокі мастацкай і лінгвістычнай адукацыі атрымаў у рускіх эмігрантаў, якія жылі ў Харбіне, якія былі ў Кітаі з эміграцыі. Дарэчы, сярод харбінскіх эмігрантаў быў і ўраджэнец беларускага Ваўкавыска пісьменнік і журналіст Усевалад Іваноў, чалавек, многія кнігі якога былі і прысвечаны Кітаю, кітайцам. Праўда, Гао Ману не давялося сустрэцца тады, у 1930-я гады, з нашым земляком. Адкрыўшы праз шмат гадоў празаіка Усевалада Іванова як чытач, кітайскі перакладчык і шкадаваў, што такой сустрэчы не адбылося… Ужо ў 1943-1945 гг. Гао Ман правёў некалькі выставак сваіх мастацкіх прац.

 

Кітайскі публіцыст, перакладчык закончыў Інстытут Саюза Хрысціянскай Моладзі. На працягу многіх гадоў працаваў у таварыстве кітайска-савецкай дружбы на розных пасадах і ў іншых падобных установах. Ажыццяўляў вусныя, пісьмовыя пераклады. Займаўся вывучэннем рускай і савецкай літаратур, мастацкімі перакладамі, рэдагаваннем, таксама ўдзельнічаў у арганізацыі мерапрыемстваў па папулярызацыіі культурнага абмену і ўмацаванню дружбы паміж Кітаем і СССР. З’яўляўся кансультантам пры Таварыстве расійска-кітайскай дружбы. Быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Кітая, Асацыяцыю кітайскіх перакладчыкаў, Саюз кітайскіх дзеячаў выяўленчага мастацтва.

Да 1989 года Гао Ман працаваў у Інстытуце замежнай літаратуры пры Кітайскай Акадэміі грамадскіх навук, а таксама з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Сусветная літаратура». У сталым узросце ‒ ганаровы член Камітэта навучальнай часткі Акадэміі грамадскіх навук. На працягу амаль 70 гадоў займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Выдаў кнігі па тэме культурнага абмену, прысвечаныя сяброўскім адносінам паміж Кітаем і замежнымі краінамі: «Даўно не бачыліся, Масква!», «У горадзе і за горадам», «Падарожжа да Святой гары», «Мясціны рэзідэнцый расійскіх паслоў», «Замалёўкі пра выяўленчае мастацтва Расіі», «Душэўнае хваляванне», «Сярэбраны век», «Я малюю Расію», «Велічныя цяжкасці», «Біяграфія Пастэрнака», «Крылы гісторыі», «Абеліскі. Храмы», «Запіскі пра чалавечае жыццё», «След ад чарнілаў», «Развагі пра культуру Расіі», «Карціны Гао Мана» і інш.

Сярод перакладаў – лірычная паэзія А. С. Пушкіна, зборнік п’ес і лістоў М.Ю. Лермантава, лісты Л. М. Талстога мастакам, паэзія А. Ахматавай (яе «Рэквіем»; дарэчы, за пераклад паэмы Гао Ман адзначаны прэстыжнай міжнароднай перакладчыцкай прэміяй), С. Ясеніна, У.У. Маякоўскага, паэма Т. Р. Шаўчэнкі «Кацярына», вершы Івана Франко, Максіма Танка, кнігі Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі» і іншыя творы. Дарэчы, у Кітаі выдадзена даволі шмат кніг Святланы Алексіевіч. Існуе па некалькі перакладаў розных яе аповесцяў. Але Гао Ман – сярод пачынальнікаў. Ён звярнуў увагу на творчасць беларускай пісьменніцы адным з першых у Кітаі. І калі нашай зямлячцы была прысуджана Нобелеўская прэмія, кітайцы ізноў перавыдалі «Цынкавых хлопчыкаў» у перакладзе Гао Мана. Кітайскі перакладчык – яшчэ і аўтар каліграфічных партрэтаў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава, Алеся  Адамовіча, Святланы Алексіевіч, Максіма Танка, Навума Гальпяровіча.

Ажыўленне ўвагі да Гао Мана з беларускага боку пачалося з восені 2011 года. З перакладчыкам сустрэўся ў Пекіне беларускі паэт Наву Гальпяровіч. Пра гэтую сустрэчу ён расказаў у беларускім друку – у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», а таксама ў эфіры Беларускага радыё. З Гао Манам сустрэліся беларускія пісьменнікі, перакладчык і журналісты Аляксей Чарота, Вольга Гальпяровіч, Інэса Плескачэўская, Мікалай Літвінаў, Дар’я Нечыпарук… Беларускі мастак Каміль Камал намаляваў некалькі партрэтаў Гао Мана. І сам Гао Ман ажывіўся пасля гэтых сустрэч. Выступіў у адной з буйнейшых кітайскіх газет з вялікім артыкулам пра беларуска-кітайскія літаратурныя сувязі. А ў Мінску імя кітайскага перакладчыка і мастака згадвалі на розных імпрэзах і прэзентацыяй – у Доме дружбы, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, кнігарні «Кніжны салон», якая некаторы час працавала ў сталіцы па вуліцы Калініна, 5 (і была, дарэчы, сапраўдным клубам творчай інтэлігенцыі). Пра Гао Мана з’явіліся публікацыі ў «Маладосці», «Нёмане», «Полымі», «Літаратуры і мастацтве», «СБ. Беларусь сегодня», «Звяздзе», «Голасе Радзімы»… Кітайскага перакладчыка ўключылі ў склад рэдакцыйнага савета серыі паэтычных зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая», у якой беларускія выдавецтвы «Звязда» і «Мастацкая літаратура» выпусцілі па-беларуску кнігі вершаў Лі Бо, Ду Фу, Мэн Хаажаня, Ван Вэя, Лі Цінчжаа, Ай Ціна… Гао Ман рабіў падказкі па фарміраванню серыі, цікавіўся працай над гэтымі кнігамі, радаваўся, калі яму патраплялі ў Пекін беларускія выданні кітайскай паэзіі.

Гао Ман узнагароджаны ордэнам Дружбы (Расійская Федэрацыя), ордэнам «За асаблівыя заслугі перад Айчынай» 3-й ступені (Украіна), расійскімі літаратурнымі медалямі М. Горкага, А. Астроўскага, А.С. Пушкіна і іншымі адзнакамі. А яшчэ літаратар і мастак ‒ ганаровы член Саюза пісьменнікаў Расіі, ганаровы доктар Інстытута па вывучэнню Далёкага Усходу Расійскай Акадэміі навук, ганаровы акадэмік Расійскай Акадэміі мастацтваў. Наша амбасада ў Кітаі незадоўга перад смерцю аформіла дакументы (і яны прайшлі ўзгадненне ў міністэрстве замежных спраў, беларускім урадзе) адносна ўзнагароджвання Гао Мана медалём Францыска Скарыны. Але здарылася непапраўнае: шчыры сябра Беларусі на пачатку кастрычніка 2017 года (дакладней – 6 кастрычніка, на 92-годзе жыцця) пакінуў наш свет…

У кастрычніку 2021 года – 95 гадоў з дня нараджэння Гао Мана. Гэта аднолькава важная падзея і для Расіі і Украіны, і для Беларусі. І хаця наперадзе яшчэ ёсць час, варта было б ужо сёння задумацца, як адзначыць гэтую дату, як яшчэ раз і болей шырока звярнуць увагу на постаць Гао Мана – шчырага прапагандыста беларускай культуры і літаратуры ў Кітаі.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 966 раз