Мінскае выдавецтва «Мастацкая літаратура» пашырае прастору кніжнай серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі».
Першая кніга ў гэтым праекце выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» – зборнік вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі «Ранішні вецер у акно». Перакладчыкам кнігі выступіў вядомы беларускі паэт Віктар Гардзей. Наступны зборнік – «Начныя птушкі» народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна – ужо выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Перакладчык – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. Падрыхтаваны калектыўны зборнік паэзіі народаў Расіі ў перакладах Віктара Шніпа. Пад адной вокладкай сабраны творы літаратараў Кабардзіна-Балкарыі, Дагестана, Калмыкіі, Чэчэнскай Рэспублікі, Башкартастана, Рэспублікі Татарстан. Чытач Беларусі адкрые для сябе паэзію Мустая Карыма, Зульфіі Хананавай, Эрдні Эльдышава, Адама Ахматукаева і іншых мастакоў слова з розных рэгіёнаў Расіі.
Падтрымку праекту абяцае аказаць і Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У бліжэйшы час ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» асобнымі выданнямі павінны выйсці кнігі вершаў хакаскай паэтэсы Наталлі Ахпашавай, народнага паэта Татарстана Рэната Харыса, чачэнскага літаратара Адама Ахматукаева, выдатнага чувашскага паэта Валеры Тургая.
Алесь Карлюкевіч