Понедельник, 25 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Кніжная сталіца свету. Мінск з'яўляецца пунктам прыцягнення ўсіх, хто стварае кнігі, невыпадкова

  • Четверг, 06 февраля 2020 08:26
  • Автор  Сугучча

Выданні інтэрактыўныя, з малюнкамі, рэдкія, спецыяльныя — новенькія, яшчэ з самым цудоўным у свеце водарам друкарскай фарбы. Трапіць у «БелЭкспа» гэтымі днямі — усё роўна што кніжную шафу разбіраць. Там вока зачэпіцца за радок, тут старонку перагарнеш... Час ляціць, а адарвацца немагчыма. Ад такога багацця хочацца і вось тую прыгожасць з сабой знесці, і гэтую.


Вольга Салаўёва з дачкой Эміліяй былі аднымі з першых наведвальнікаў выстаўкі.

Вольга Салаўёва з дачкой Эміліяй былі аднымі з першых наведвальнікаў выстаўкі.

Што вочы разбягаюцца, не дзіўна, калі ўлічыць, што летась у Беларусі выдадзена амаль дзесяць тысяч назваў кніг і брашур агульным накладам 24 мільёны экзэмпляраў. Больш за восемсот кніг надрукавана на замежных мовах. Пра гэта паведаміў на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі-кірмашу міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Па традыцыі прывітанне ўдзельнікам і гасцям выстаўкі даслаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «У нашай краіне стаўленне да кнігі заўсёды было асаблівае: беражлівае і паважлівае. Пытанні захавання і эфектыўнага развіцця выдавецкай галіны і сёння застаюцца ў ліку дзяржаўных прыярытэтаў. Упэўнены, што выстаўка і надалей будзе спрыяць прапагандзе якаснай літаратуры і культуры чытання, паслужыць умацаванню міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва», — гаворыцца ў лісце, які зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.

Невыпадкова, што менавіта Мінск з'яўляецца пунктам прыцягнення ўсіх, хто стварае кнігі, бо менавіта з беларускай зямлі дзякуючы Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму пачалася гісторыя выдавецкай дзейнасці. Такое меркаванне выказаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота. Таксама ён паведаміў, што ў юбілейны год перамогі над фашызмам да выхаду рыхтуецца двухтомнік, прысвечаны Ржэўскай бітве і мемарыялу Савецкага салдата.

Вялікая Перамога ўвогуле стала галоўнай тэмай прамоў на цырымоніі і, адпаведна, асноўным арыенцірам для кнігавыдаўцоў. Наш нацыянальны стэнд прысвечаны акрамя таго Году малой радзімы і 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джэніфер Мур запрасіла прысутных убачыць Гранд-Каньён, Дыснейлэнд ці Вялікія Смоўкі Маўнцінз. Дыпламат нагадала, што пасольства ЗША ў Мінску ўдзельнічае ў міжнароднай выстаўцы на працягу дваццаці двух гадоў, расказваючы гісторыю Амерыкі. Сёлета ЗША — цэнтральны экспанент Мінскай міжнароднай выстаўкі. Тэмай іх экспазіцыі «У дарозе» сталі кнігі пра падарожжы: даведнікі, падарожнікі, фотанарысы. У павільёне ЗША прадстаўлены настольныя гульні, мастацкія і дакументальныя фільмы і нават сапраўдны дайнер — класічная страўня.

Сёлета Беларусь сустракае кнігавыдаўцоў і пісьменнікаў з трыццаці дзяржаў. Сусветная кніжная прастора ў Мінску прадстаўлена Азербайджанам, Аўстрыяй, Венгрыяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Індыяй, Іранам, Іспаніяй, Казахстанам, Карэяй, Кітаем, Кыргызстанам, Латвіяй, Літвой, Палесцінай, Польшчай, Румыніяй, Сірыяй, Славакіяй, Таджыкістанам, Туркменістанам, Турцыяй, Узбекістанам, Украінай, Францыяй, Эстоніяй. Ганаровым госцем стала Расія. Усяго ж у выстаўцы ўдзельнічае каля чатырохсот экспанентаў, а падчас форуму запланавана больш за пяцьсот падзей.

Пачатак ім пакладзены ўрачыста: сімвалічную стужку для адкрыцця выстаўкі перарэзалі Аляксандр Карлюкевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый МЕЗЕНЦАЎ і Джэніфер Мур. А часткі стужкі сталі сімвалічнымі закладкамі для новых кніг, якія будуць прачытаныя ў 2020 годзе.

Выстаўка-кірмаш прадоўжыцца да 9 лютага. У планах арганізатараў, акрамя экспанавання і продажу кніг (на тое яна і кірмаш), — шмат цікавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Мастацтва кнігі».

 

Варвара Марозава

Фота Ганны Занкавіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 34 раз Последнее изменение Четверг, 06 февраля 2020 08:27