Четверг, 26 11 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларуска-кыргызскія літаратурныя стасункі

  • Понедельник, 31 августа 2020 10:34

У серыі «Сугучча сэрцаў», якая выйшла ў 2013 г. у Выдавецкім доме «Звязда», ёсць і кыргызскі томік прозы і паэзіі — «Жывое слова». І хаця выдадзены ён на рускай мове, усё ж з’яўляецца сведчаннем стасункаў літаратур Беларусі і Кыргызстана. Яго ўкладальнікі — беларускія пісьменнікі. Усе кыргызскія вершы і прозу для зборніка падбіраў паэт Алесь Бадак, які, дарэчы, паказаў сябе выдатным перакладчыкам.

У зборніку чытач, які цікавіцца развіццём літаратур на постсавецкай прасторы, знойдзе вершы, урыўкі з раманаў, апавяданні Мара Байджыева (урывак з «Казання пра Манаса»), Рахіма Карымава, Вячаслава Шапавалава, Турусбека Мадылбая, Тазагуль Закіравай, Кадыркула Амаркулава, Нурлана Калыбекава, Туленды Курманаліева, Святланы Суславай. Беларускую частку кнігі склалі творы Вячаслава Адамчыка, Барыса Беляжэнкі, Аляксея Дударава, Мар’яна Дуксы, Уладзіміра Навумовіча, Сяргея Карыцькі, Аляксандра Брыта, Паўла Вераб’ёва, Раісы Дзейкун.

Пра аднаго з кыргызскіх аўтараў кнігі — Вячаслава Шапавалава, яшчэ шмат гадоў назад пісалі: «Паэзія Шапавалава — ахвярная спроба захаваць агульную культурную прастору… Галоўнымі тэмамі яго вершаў і паэм сталі час, гісторыя, душа, народ». Нагадаем, на родны паэт Кыргызстана, аўтар паэмы «Нараджэнне манасчы» (пра эпас «Манас») Вячаслаў Шапавалаў — яшчэ і аўтар больш за 30 кніг мастацкага перакладу, чалавек, які дапамагае злучыць культуры, народы. Таксама ён перакладаў творы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна на рускую мову. Цікавы факт, пагадзіцеся: народны паэт іншанацыянальнага свету, які піша па-руску, добра ведае кыргызскую мову і культуру гэтага народа, уважлівы да далёкай Беларусі, да творчага свету другога вялікага паэта, узнаўляе яго мастацкі пошук на мове Пушкіна і Някрасава.

Беларуска-кыргызская кніга нагадвае пра многія факты міжлітаратурных зносін. «Работа над серыяй «Сугучча сэрцаў», — гаворыць укладальнік Алесь Бадак, — прынесла мне велізарнейшую асалоду знаёмства з іншым мастацкім святлом. Мяркую, што ў кніг будзе і свой чытач…»

А што ж нас яднае з Кыргызстанам праз мастацкую літаратуру? Наколькі мы багатыя ў прадстаўленні кыргызскага прыгожага пісьменства?

Каб адказаць на гэтае пытанне, давайце звернемся да статыстыкі, выкладзенай у свой час яшчэ ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі». З 1918 па 1986 г. у Беларусі выйшла 8 кніг кыргызскіх аўтараў на беларускай мове. Дарэчы, за той жа час у Кыргызстане пабачылі свет 16 кніг паэзіі і прозы беларускіх пісьменнікаў на кыргызскай мове. Толькі раманы Івана Шамякіна выходзілі двойчы — у 1962 і 1986 г. Перакладчыкі — У. Шаршаналіеў, У. Умралін. Творы Васіля Быкава выдаваліся ў Кыргызстане зборнікамі чатыры разы — у 1971, 1978, 1979, 1980 г. І зборнік выбранай паэзіі Янкі Купалы (у перакладзе Т. Уметаліева) выходзіў у Фрунзэ (цяпер — Бішкеку) двойчы — у 1954 і 1982 г. А вось асобнай кнігі Якуба Коласа на кыргызскай мове ўсё яшчэ няма. Хаця кыргызскія паэты неаднойчы звярталіся да перакладаў творчасці аўтара «Новай Зямлі».

Знаёмства з творамі кыргызскіх пісьменнікаў у Беларусі пачалося яшчэ ў 1930-я гг., пра што і нагадвае «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі». Але, зразумела, па-сапраўднаму шырокае распаўсюджанне на нашай Айчыне сярэднеазіяцкае прыгожае пісьменства атрымала пасля 1960-х. Выйшлі аповесці Чынгіза Айтматава «Джаміля» (1962) і «Бывай, Гюльсары!» (1971), зборнік «Кіргізскія народныя казкі» (1971), а таксама асобна выходзілі кыргызскія народныя казкі «Макмут» (1971) і «Як хлапец горад выратаваў» (1972). У 1964 г. пабачыла свет аповесць Шукурбека Бейшаналіева «Кычан». Між іншым, у гэтага твора, які вяртае чытача ў 1930-я, зайдросны лёс: аповесць была перакладзена на рускую, узбекскую, каракалпакскую, літоўскую, малдаўскую, латышскую, украінскую, азербайджанскую мовы. І яшчэ на цэлы шэраг моў краін Еўропы. На некаторых мовах народаў былога СССР «Кычан» выходзіла нават двойчы.

У калектыўных зборніках, як і ў перыёдыцы Беларусі, выходзіла шмат вершаў і апавяданняў кыргызскіх пісьменнікаў. Так, асабліва шмат беларускімі перакладчыкамі было зроблена, калі ў Мінску пачалі выходзіць альманахі мастацкага перакладу: «Далягляды», «Братэрства», «Ветразь».

Асобна добрае слова трэба сказаць пра беларускага дзіцячага паэта і перакладчыка Міколу Чарняўскага, які неймаверна часта прадстаўляў творчасць паэтаў народаў колішняй савецкай прасторы ў «Бярозцы» і «Вясёлцы». Плён яго намаганняў у гэтым кірунку падсумаваны выданнем аўтарскай анталогіі перакладаў з дзіцячай паэзіі свету — «Як зрабіць вясёлым дзень». А ў выпуску альманаха «Ветразь» за 1988 г. беларускі творца змясціў падборку вершаў кыргызскай паэтэсы Нінакан Джундубаевай з пяці вершаў. Ёсць там і «Кіргізскія коні»:

 

Кіргізскія коні, легендай вы сталі,

Мае скакуны, вазакі і ратаі.

На вас мы каменне ў падмуркі вазілі,

Здзіўляліся ўпартасці,

Казачнай сіле.

Па горных вяршынях,

Што ў хмары спавіты,

Пад небам,

Дзе золата з нетраў здабыта, —

Я чую здалёк вашу, коні, хаду,

Здаецца, спацелых, сама вас вяду.

А як выручалі вы, помніцца, нас

На бедных загонах у колішні час!

Мой бацька вясёлы —

Каня запрагае.

Ён мне ўсміхнецца: «Сядай, дарагая!»

Заходзіцца сэрца

Ад скачкі шалёнай…

Лятунак маленства —

Кіргізскія коні.

 

А пачатак быў яшчэ ў 1982 г. Менавіта тады Мікола Чарняўскі надрукаваў у часопісе «Бярозка» свой пераклад верша Нінакан Джундубаевай «Горныя кветкі».

Сярод перакладчыкаў кыргызскай паэзіі на беларускую мову — Раіса Баравікова, Казімір Камейша, Васіль Зуёнак, Іван Калеснік, Уладзімір Шахавец, Мікола Федзюковіч, Мікола Хведаровіч, Мікола Аўрамчык, Мікола Мятліцкі і інш. З перакладаў апошніх гадоў — верш Мукая Элебаева «Ліст на Ала-Тау» (напісаны ў 1942 г.). А пераклаў яго на беларускую мову Мікола Мятліцкі. Твор надрукаваны і ў часопісе «Полымя», і ў аўтарскай анталогіі перакладчыка «Лучнасць» (Мінск, 2011).

Кыргызская літаратура ў Беларусі прадстаўлена таксама на веб-сайце Выдавецкага дома «Звязда», дзе на электроннай старонцы «Сугучча. Літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці» ёсць старонка «Літаратурны Кыргызстан». Матэрыялы на ёй размяшчаюцца на мовах арыгіналаў: беларускай, кыргызскай, рускай. Ёсць і пераклад прадмовы Ф. Скарыны да кнігі Юдзіфі на кыргызскую, які зрабіў Таштанбек Чакіеў. На старонцы змешчаны артыкулы «Кыргызская літаратура», «Літаратура кыргызаў у савецкі перыяд» і іншыя навуковыя даследаванні, нарысы жыцця і творчасці пісьменнікаў, мастацкія творы. Якраз такі інтэрнэт-партал дае магчымасць знаёміцца з партрэтам кыргызскага прыгожага пісьменства, што садзейнічае развіццю больш трывалых беларуска-кыргызскіх літаратурныя стасункаў.

Безумоўна, асновай іх, як паказвае жыццё, з’яўляюцца асабістыя погляды мастакоў слова, іх уласная творчая ініцыятыва. Пацвярджаюць гэта і словы з інтэрв’ю народнага пісьменніка Кыргызстана Чынгіза Айтматава газеце «СБ. Беларусь сегодня»: «У літаратуры, творчасці, калі можна ў дадзеным выпадку прымяніць гэты тэрмін, мы з Васілём Быкавым былі аднакашнікамі. Адно пакаленне, адно разуменне многіх рэчаў. Канечне ж, Васіль Быкаў — фігура знакавая, гэта эпоха ў савецкай літаратуры, якая прарывалася, ачышчала сябе і атачэнне. Нягледзячы на многія перашкоды ў тагачаснай ідэалогіі. І гэта нас збліжала. Здаецца, зусім нядаўна мы былі ў Германіі на адной канферэнцыі. Жылі некалькі дзён у адным доме. І стасункі з Васілём Уладзіміравічам мяне натхнілі… Але болей за ўсё помню адзін маскоўскі сімпозіум. Абмяркоўвалі агульнасусветныя тэмы. Тады моднай была барацьба за мір. І вось я, магчыма, універсальна па тым часе падышоў да тэмы, назваўшы людзей усёй планеты зямлянамі. Хацелася акрэсліць адзінства, нашу сусветную еднасць. Жывём жа мы разам. І тады адзін з цэкоўскіх тыпаў — дакладна не памятаю яго прозвішча — выйшаў на трыбуну і кінуў мне папрок: «Адкуль вы ўзялі гэты буржуазны тэрмін? Што, класавы вораг — таксама наш зямлянін?» Там прысутнічаў і Васіль Быкаў. Якраз Васіль Уладзіміравіч выступіў следам за цэкоўцам. І патлумачыў, што калі мы вечна будзем дзяліць усіх па класавым прынцыпе, то наўрад ці да чаго добрага гэта прывядзе. Сказаў гэта пераканаўча, выразна. Мужнасць пісьменніка — адзіная катэгорыя, якая здольна ўплываць на развіццё навакольнага жыцця ў лепшы бок. Мужнасць у адкрытым дыялогу і мужнасць перад чыстым аркушам паперы…»

Зварот да выказвання Чынгіза Айтматава нагадаў і пра такі рэзерв судакранання нацыянальных літаратур, як параўнальнае літаратуразнаўства. Можа, з часам беларускія і кыргызскія літаратуразнаўцы з вялікай цікавасцю будуць разглядаць побач творчасць Васіля Быкава і Чынгіза Айтматава, Пімена Панчанкі і Аалы Такамбаева, Еўдакіі Лось і Зууры Сааранбаевай, Андрэя Макаёнка і Тактабалота Абдумамунава, Віктара Карамазава і Шабданбая Абдыраманава, Уладзіміра Караткевіча і Мусы Мураталіева, Рыгора Барадуліна і Кенеша Джусупава… Такая літаратуразнаўчая, гісторыка-літаратурная праца нашым нацыянальным літаратурам будзе толькі на карысць. Як і памкненні да больш глыбокага знаёмства з паэзіяй і прозай, драматургіяй і публіцыстыкай, што максімальна адкрыюць нашым народам адзін аднаго. У гэта хочацца верыць!

Дарэчы, сёння не часта звяртаюцца да перавыдання ранейшых перакладаў. А вось у Мінску ў выдавецтве «Народная асвета» у 2018 годзе перавыдалі добра знаёмы беларускаму чытачу пераклад рамана Чынгіза АЙТМАТАВА «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век», які ў свой час ажыццявіў беларускі празаік, паэт, перакладчык, літаратурны крытык Міхась СТРАЛЬЦОЎ. І следам прэзентавалі кнігу ў Доме дружбы з замежнымі краінамі, які даўно ў беларускай сталіцы стаў месцам яднання розных народаў, розных творчых, мастацкіх, культурна-асветніцкіх сіл. Творы Чынгіза Айтматава чытаюць у свеце на 150 мовах. І чыталі, працягваюць чытаць па-беларуску таксама. Між іншым, адзін экзэмпляр беларускага пераўвасаблення рамана класіка кыргызскай, сусветнай літаратуры быў перададзены ў Беларускую бібліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане. Яшчэ адзін – у Акадэмію імя Чынгіза Айтматава, якая працуе ў сталіцы Вялікабрытаніі. Пераклад прэзентавалі і на 47-й Лонданскім кніжным кірмашы… Калі ўжо закранулі тэму ўшанавання Чынгіза Айтматава, то ў 2018-м годзе ў знак 90-годдзя з дня нараджэння вялікага мастака слова ў сталіцы Беларусі адкрылі парк Чынгіза Айтматава і ўсталявалі памятны знак у гонар пісьменніка. Аўтар скульптарнай памяткі – беларускі творца Алесь Шаціла.

… Адна са сцяжынак, адзін з мастоў, якія выбудоўваюць сувязі, дапамагаюць непасрэдным уяўленням пра іншую старонку, яе культуру, -- гэта прамыя сустрэчы, прамыя адкрыцці народных характараў, нацыянальных культур. У Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі кыргызскія пісьменнікі Узакбай АБДУКАІМАЎ (1909 – 1963; у складзе 39-й арміі ўдзельнічаў у Віцебска-Аршанскай, Віцебскай аперацыях), Тэмірлы БЕГАЛІЕЎ (1912 – 1998; быў стралком 1-й паветранай арміі, якая ўдзельнічала ў вызваленні Оршы, Віцебска, іншых гарадоў і паселішчаў ў час Беларускай наступальнай аперацыі «Багратыён»)… У 1988 годзе ў Мінску для ўдзелу ў Фестывалі аўтарскай пенсі прыязджаў кыргызскі літаратар Анэс Гургенавіч ЗАРЫФ’ЯН (нар. У 1946 годзе). І такіх прыкладаў дастаткова. Дарэчы, сустрэчы спрыяюць і развіццю перакладчыцкіх стасункаў. Напрыклад, нядаўнім госцем на адной з міжнародных літаратурных сустрэч быў у Беларусі пісьменнік з Бішкека заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Кыргызстан Абібілы ПАЗЫЛАЎ. А следам за яго візітам на радзіму Купалы і Коласа ў літаратарна-мастацкім альманаху «Далягляды», які пабачыў свет у 2020 годзе, з’явілася публікацыя апавядання «Брыфінг». А пераклала твор А. Пазылава на беларускую мову Таццяна ЦВІРКА.  І калі на чарговай Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў лютым 2020 года прэзентавалі альманах «Далягляды», то, несумненна, вялі размову і пра апавяданне кыргызскага літаратара, і ўвогуле пра кыргызскую літаратуру.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 919 раз