Суббота, 21 09 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Бахром Рахматаў. Вершы

Былое каханне

(Дзве газелі)

Я чуў: ты, любая мая, па мне рыдала,

І, помнячы пяшчоту рук, сярод начы згасала.

І вочы поўнымі былі салёных слёз у цемры,

Як дождж над полем руж, няшчасная, рыдала.

У адзіноце патанала, агромністай, як мора,

Самотай скутая прагорклай, ты рыдала.

Пятлі падобна, што дыханне перацісла,

Ад болю страшнага, ад скрухі ты рыдала.

Душа мая ў зіндане, розум – ў кабале,

Скусаўшы вусны да крыві, ты ў ростані рыдала.

Я усхваляў дабро, вітаючы лік сонца,

Свет крык душы не ўчуў – і ты па мне рыдала.

Каханнем паланёны я – як птушка ў клетцы чорнай,

Па кім ты, муза, мной апетая, рыдала?

***

Сышло каханне, быццам салаўі адпелі,

Аб ранах у душы крычаць мае газелі.

Разбіліся, бы шкло, шчаслівыя імгненні,

Зламалася пяро, што несла мне натхненне.

Туга радкоў пустых – гучаць на зманны лад.

Каханне, што прайшло, мне не вярнуць назад.

Ад ростані я пасівеў – згас позірк ад пакут,

Нябёсы, поўныя агню, мне вынеслі прысуд.

Параненай лябёдкай больш табе ўжо не ўзляцець,

Зламала ты крыло – мне песні не дапець.

 

Каханне і час

Мы клеткі ўсе павінны адчыніць,

Дзе птушкай паднявольнай здатна жыць

Каханне наша – вольны, годны лёт

Пашырыць свет да знаных тых шырот,

Дзе толькі сонцу і сузор’ям плыць.

Мы клеткі ўсе павінны адчыніць.

 

Мы адчыніць павінны клеткі ўраз,

Каб голуб здолеў апярэдзіць час,

Цюльпаны каб раскрыліся наўкруг,

Зазелянеў травою весні луг,

Каб зрэнка, дзе зардзелася сляза,

Усёй пяшчотай здолела сказаць:

Мы клеткі адчыніць павінны ўраз.

 

Мы адчыніць павінны клеткі ўсё ж,

Каб Чалавек, ступіўшы басанож,

Дакрочыўшы да званняў і чыноў,

Перш на вяршыні духу узышоў,

І дальш ішоў так – за вярстой вярста.

І гэткіх усяго – працэнт ад ста.

 

Мы адчыніць павінны клеткі ўсе,

Каб не пачуць, што голад нам нясе,

Як шматпакутным дзецям, боль і сум,

Дзе і Вялікдзень, як пакутны тлум,

А шчасце – блік на ранішняй расе…

Мы адчыніць павінны клеткі ўсе.

 

Мы клеткі ўсе павінны адчыніць,

Каб дзеўчынка, душа ў якой шчыміць,

Спазнаўшы промні зыркага святла,

Ў падол сумлення пазбіраць змагла

Надзеі іскры, дальш з якімі жыць.

Мы клеткі ўсе павінны адчыніць.

 

Мы клеткі ўсё ж павінны адчыніць,

Каб перш людзьмі пад сонцам гэтым быць,

Каб і стары пад ношай зім і лет,

Прайшоўшы гэты жорсткі, тлумны свет,

Век мог спакойна на зямлі дажыць.

Мы клеткі ўсе павінны адчыніць.

 

Сон дрэва

Матуля мая была падобнай на восень,

Яе мары, як жоўтае лісце,

Зялёнае лісце – як кніга жыцця,

Плаваюць на хвалях малых ручаіны.

 

Лёс яе быў як урукавае дрэва –

Трывалі ўдары палкі плады,

Абломваліся галіны надзей,

Жыла адно дзеля сына.

 

Вучыла мяне, як быць садоўнікам,

Як песціць гранат і грушу,

Яе натруджаныя пальцы

Кратаць любілі вінаграднае лісце.

 

Матуля мая была залатой восенню,

Мы былі сытыя сенам яе валасоў,

Яе словы здаваліся салодкімі ягадамі,

Твар сонцам свяціўся.

 

Матуля мая была падобнай на восень,

Галінкі яе веек былі апушчанымі,

Як у дрэва, якое засынае зімой

І вясной абуджаецца…

 

Час

Кожную раніцу будзіць мяне званок мабільнага тэлефона,

Каб я ўміг пазбыўся нябеснае асалоды –

                                        казачнага святла –

І апынуўся ў бескаляровым і бессэнсоўным

                                        паўсядзённым нашым жыцці.

Ды не… Здаецца, бессэнсоўным іменаваць яго не варта,

Не аднатоннае…

І для прыязнасці не стае часу?!

Раніцу кожную каля дастархана

Смех-пошчак званцовы дачушкі.

Напятыя струны маіх нерваў

                         увільгатняе спакоем

І спявае усмешліва: “Тата!

Прынясі мне зязюльку!”

Ды я, не пераступіўшы нат і хаты парога,

Пра цудоўнае пажаданне дачушкі,

Што важнае для яе такое,

Забываюся, быццам і ведаць не ведаю.

І чаму для любові не стае часу?!

 

Штораніцы па ўзбочыне дарогі

Ступае дзядуля бяссільны, стамлёны

                                       і адзінокі…

З цікавасцю пазірае на людскі спрыт,

Сам як гара трывання,

                         сцінае ў грудзях вулкан гора

                         з усмешкай ледзь кметнай…

Ён супакойліва засяроджаны ў сабе самім.

Ды ягоныя думкі “гойсаюць”, а ён сабе даводзіць:

“І жыццё гэткае кульгавае, як і я!

І чаму для любові не стае часу?!”

 

Штораніцы на прыпынку маршруткі,

Не даючы ходу другім,

                                    падбіраюць людзей.

Яны як “чалавекаадборшчыкі”

Патрабавальна “спяваюць”:

“Адзін не разлічыўся!” –

І з-за капеечнай рэшты з людзьмі сварацца.

І чаму для любові не стае часу?!

 

Дабяруся на працу

І для калег

Апроч сухога вітання

                              у скутай маўклівасці

Не маю вартага падарунка.

Мой стол упрыгожвае адзінокая ружа.

Ды ад заўсёднага недахопу ўвагі

Утапілася ў пыле.

І чаму ж для любові не стае часу?!

 

Хвароба

Жыццё захварэла…

Я даланёю прыкрыў лоб сонца, ён ад гарачкі палаў,

Пот халодны расы цёк ракой,

Лісты, як нервозныя пальцы, дрыжэлі,

Далібог, жыццё захварэла.

У паліклініку рушыў.

Доктар няёмка сябе адчуваў без таблетак удзень,

Хворы бурчэў ад начной мітусні,

Хлапчук, зазірнуўшы, спытаў,

Дзе доктар Айбаліт?!

Бацька пры смерці.

Матуля яго галубіць…

Прыйшоў дзень хваравіты,

Прыйшла ноч хворая.

…Вечар у ложку дрыжэў ад грыпознае ліхаманкі,

Таблеткі поўні нямашака, каб стан свой палепшыць.

Колькі разоў мокрай анучай хмурыны

                                     ні выціраў лоб начы,

Ды ноч засталася хворай.

О Божа, што за ранак такі,

Кашлем скуты і…

Як корань хваробы зорак драбнюткіх.

Раніца шарэе і бялее

Ад святла твару доктара, ці ад белае крыві

Жыцця хворага?

Мы ўсе чакаем хуткую дапамогу з надзеяй…

 

Восень

І непадалёк ад мяне

                  плакала восень.

Заход,

І ні адзінага лісціка,

І голае дрэва маўчала.

І непадалёк ад мяне старая,

                    якая гандлявала цыгарэтамі

                    і прадавала кайф смертаносны,

Мармытала пра небыццё

І быццё…

Непадалёк ад мяне

Басаногі дзяцюк мыў машыну

                                  дамачкі нейкай,

У якой сэрца цвярдзейшае за камень блішчасты кулона,

І мары бедака лопаліся бурбалкамі шампуню –

Выбух за выбухам.

Непадалёк ад мяне

              п’яны жабрак падлічваў прыбытак,

І, каля яго тупаючы, разважаў згарбелы стары:

Я “нішчымніцу” гэтую куды панясу?

Хоць бы меўся прытулак…

І была восень пахмурай

Як і наша жыццё…

І непадалёк ад мяне

                           адна даражэнная іншамарка з гучным смехам і музыкай

Радасць панесла.

І засталіся Я, Восень і Смутак…

Пераклад з таджыкскай Міколы Мятліцкага

Прочитано 822 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии