У Выдавецкім доме «Звязда» адбылася рабочая сустрэча з Марынай Любарскай, дырэктарам выдавецтва «Восточная литература», якое зусім нядаўна распачало сваю працу ў Беларусі.
Выданні, звязаныя з кітаістыкай, ужо сталі добрай традыцыяй у беларускім кнігавыданні. За апошнія восем-дзесяць гадоў з’явіўся цэлы шэраг мастацкіх, публіцыстычных і вучэбных кніг на гэтую тэму. Перш-наперш да гэтай працы спрычыніліся выдавецтвы «Адукацыя і выхаванне», «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда», «Мастацкая літаратура». Многія з праектаў былі рэалізаваны з падтрымкай розных арганізацый, дзяржаўных структур Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Выдавецтва «Восточная литература» працуе ў Беларусі з мінулага года. Ужо пабачылі свет першыя кнігі. Мяркуецца, што менавіта перш-наперш у гэтай выдавецкай структуры будзе здзейснены праект па выданню грунтоўнага кітайска-беларускага слоўніка. У размове са спадарыняй М. Любарскай дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч звярнуў увагу на неабходнасць болей шырокай увагі да мастацкага перакладу з кітайскай на беларускую мову. Усе падставы дзеля гэтага ёсць. У краіне выбудавалася стройная сістэма вывучэння кітайскай мовы. Прыклад выдання нават паэтычных тэкстаў у перакладзе з арыгінала ўражвае: размова пра серыю «Звязды» – «Светлыя знакі: паэты Кітая». Важна зазірнуць у сховы асветніцкай, філасофскай літаратуры Кітая. Пашырэнне яе прасторы ў перакладах на беларускую мову будзе толькі на карысць айчыннай кітаістыцы.
Сяргей Шычко