Четверг, 09 07 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Андрэй Федарэнка. Сузіральнік і дэміург

  • Понедельник, 25 мая 2020 08:28

Мы прывыклі, што пісьменнікі паводле кірункаў і стыляў падзяляюцца на традыцыяналістаў, наватараў, постмадэрністаў... Прычэпліваючы ярлыкі, літаратуразнаўцы спадзяюцца, што робяць добрую справу — дапамагаюць нам арыентавацца ў акіяне тэкстаў. Насамрэч жа атрымліваецца наадварот: карысці ад гэтага вобмаль не толькі чытачам, але і самім літаратарам, некаторыя з якіх ужо не могуць вырвацца за межы штампа. 

Найбольш выйгрышная пазіцыя ў таго, хто без хайпу і самапіяру ў сацсетках спакойна робіць сваю справу, не ўдзельнічаючы ні ў прэміяльных звягах, ні ў ідэалагічных гульнях. Адмяжоўваючыся ад якіх-кольвек аналогій ды ўплываў, ён атрымлівае магчымасць адстаронена сузіраць, пераасэнсоўваць і занатоўваць праявы жыцця.

Кожны новы твор Андрэя Федарэнкі — гэта падзея. Прычым у першую чаргу для шанавальнікаў выверанага, бездакорнага стылю. Не з’яўляючыся прафесійным філолагам, пісьменнік упэўнена дае фору мовазнаўчай прафесуры ў плане чысціні тэксту, багацця лексікі, апраўданасці кожнага ўжытага слова, дакладнасці і трапнасці апісанняў.

Сваім новым раманам «Жэтон на метро», што нядаўна пабачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура», Андрэй Федарэнка чарговы раз нагадаў, што ў сучаснай беларускай прозе яго пакуль ніхто не здольны перасягнуць. Гэтым разам ён прапанаваў чытацкай увазе твор, у якім паядналіся самыя розныя плыні — ад літаратурнага дэтэктыва да сацыяльна-псіхалагічнай прозы. Знешне лінейная структура рамана, дзе няспешна абмалёўваюцца характары, абставіны, інтэр’еры, як і большасць з напісанага Федарэнкам, — насамрэч тонкая, прадуманая мнагахадоўка, выкшталцоная інтэлектуальная гульня. Закалыханы фірмовым аўтарскім стылем, чытач і  не падазрае, што традыцыйны, амаль караткевічаўскі зачын твора (вечар, пісьменнік, кава, цыгарэта, трывожны званок) — частка віртуознай інверсійнай кампазіцыі, калі развязка хаваецца на пачатку за шматлікімі зашыфраванымі спойлерамі. На працягу развіцця фабулы амплітуда чытацкіх схільнасцей і сімпатый будзе вагацца паміж пераплеценымі лёсамі, а галоўная інтрыга — хто забойца і ці было наогул злачынства — абвострыцца да крайняй ступені. І нават апошнія старонкі рамана пакінуць багата спажывы для ўяўлення, прымушаючы ўсур’ёз задумацца: хто ж ён такі, паэт Віктар Рак — сам апавядальнік? Прыдуманы персанаж? Аlter ego аўтара? А нескарыстаны рарытэтны жэтон на метро — што гэта? Стратэгічны адпраўны пункт аповеду? Або адваротны бок медаля, страчаны шанец, што нават праз десяцігоддзі не дае спакою галоўнаму герою?

Нягледзячы на тое, што кожнаму ўдзельніку гэтай гісторыі, нібыта ў шахматнай партыі, нададзена асобная роля, ніводзін з іх не выглядае схематычна, усе — жывыя людзі з плоці і крыві. Апісваючы знешнасць персанажаў, аўтар трапна адлюстроўвае іх унутраны стан. Напрыклад, Віктар Рак: «…падстрыжаная галава з кароткай чупрынкай, твар… даволі сімпатычны, калі б не вочы: пукатыя, як у рака, заўсёды здзіўленыя, а цяпер яшчэ і ўстрывожаныя»; Самусенка: «…нос агурком, як у пажылога армяніна, адцягнутыя ўніз вочы-слівы, сівыя рэдкія валасы, мох на вушах, рабацінне на твары…»; Літаў: «Невысокі мацачок, прыкладна аднаго з Ракам веку… жвавы і пругкі — здавалася, калі пастукаць зверху па лысінцы, ён пачне адскокваць ад падлогі як мячык»; Асавец: «…дужы, высокага росту, падцягнуты… спакойны, без эмоцый, твар, роўны, бубнявы, без інтанацый, голас… як у вужа, не міргалі вочы»…

Тыпажы, выхапленыя пісьменнікам з вірлівай плыні сучаснасці, надзвычай разнастайныя, шмат у чым супярэчлівыя. Канфлікты паміж імі носяць глыбінны, светапоглядны характар, прымушаючы задумацца над нацыянальнай ідэнтычнасцю, моўнай праблемай, роляй творцы ў грамадстве, шматлікімі маральна-этычнымі пытаннямі. На прыкладзе апантанага беларушчынай іншаземца Літава, што збірае культурныя каштоўнасці і нават спрабуе напісаць гістарычную манаграфію, мы бачым распаўсюджаны сучасны тып хамелеона, для якога мімікрыя сталася спосабам існавання, набываючы вычварныя формы. Праўда, лінія Літава выглядае незавершанай, яго гісторыя не вытлумачана напоўніцу, а матывацыі не цалкам апраўданыя. Таксама і вобраз Лю, гэткай пасталелай інкарнацыі німфеткі Лаліты: невядома дзеля чаго аўтар намякае на паранармальныя здольнасці дзяўчыны, але тэму не развівае. Канечне, гэта можна і не лічыць за нестыкоўкі, улічваючы пэўную рэкурсію твора, закальцаванасць сюжэта ў самім сабе, што зноў жа яднае яго з яшчэ адным, менш вядомым раманам Набокава «Сапраўднае жыццё Себасцьяна Найта», дзе неадназначны фінал таксама прымушае ўсумніцца: а ці існаваў увогуле апавядальнік на самай справе альбо мы маем справу з  хітрамудрай містыфікацыяй? А калі шукаць аналогіі непасрэдна ва ўзорах дэтэктыўнай літаратуры, то найперш прыгадваецца знакаміты раман Агаты Крысці «Забойства Роджэра Экрайда», дзе Пуаро высвятляе, што злачынца, насуперак усім канонам дэтэктыўнай літаратуры, не хто іншы, як… сам апавядальнік.

Вобраз састарэлага эксцэнтрычнага навукоўцы Самусенкі пры ўсёй гратэскнасці таксама выклікае супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, гэта трагікамічны персанаж, самотнік, які страціў сына, а пасля і жонку. Але ж ён — бадай ці не адзіны з удзельнікаў гэтай гісторыі, які па-свойму пераадолеў унутраны крызіс і жыве ва ўласнай, збольшага ўпарадкаванай сістэме каштоўнасцей, хаця і не пазбаўленай скепсісу наваколля і ўплыву канспіралагічных тэорый, а на кожнае пытанне мае адметны і вычарпальны адказ: «…Памаглі!»

Праз умоўна дэтэктыўную фабулу аўтар раскрывае шэраг крызісаў грамадства. Гэта — творчая нерэалізаванасць, незапатрабаванасць айчыннай інтэлігенцыі, яе жыццё «па-за рэальнасцю», у своеасаблівай унутранай эміграцыі. Таксама  — праблема павярхоўнага, прагматычнага стаўлення да культурнай спадчыны, нават больш дэструктыўнага, чым звычайная некампетэнтнасць. Літаў цынічна выношвае мару зрабіць у сваім бункеры музей фальшывых артэфактаў: «нібыта вершы і паэмы Міцкевіча на беларускай мове… нібыта фрывольныя навелы Скарыны… аповесць Яна Баршчэўскага, напісаная беларускай кірыліцай… крыж Еўфрасінні з медзі і  з  фальшывымі каменнямі, падробныя слуцкія паясы, куча несапраўдных шчарбатых талераў і берасцяных грамат-шыфровак». Ён песціць думку, што «…падробкі хутчэй прыцягнуць да сябе сапраўднае». Таму перад намі — свайго роду перасцярога ад празмернага захаплення сімулякрамі і ўсялякага перакройвання гісторыі на свой капыл.

Што ж хацеў сказаць Андрэй Федарэнка сваім раманам? Які асноўны мэсэдж меўся быць данесеным да чытача? Кожны адшукае ўласны адказ на гэтае пытанне, а мы дамо слова самому аўтару-дэміургу, які напрыканцы прамаўляе: «Пішучы, забаўляючыся, гуляючы сам з сабою ў шахматы, ён (Віктар Рак. — Я. Л.) навучыўся ажыўляць людзей, мог па першым жаданні адпраўляць іх у нябыт і так сама вяртаць назад. Гэта было так нова, цікава, незвычайна, захапляльна — улада творцы над сваімі героямі! Больш за тое — нешта падказвала яму, што гэта і ёсць адзіная ў свеце сапраўдная ўлада, хаця б таму, што яна самадастатковая, ёй нічога не пагражае: ні выбары, ні рэферэндумы, ні путчы з рэвалюцыямі…»

Бадай, дзеля таго, каб перажываць гэты ні з чым не параўнальны досвед, пісьменнікі і ствараюць уласныя сусветы.

Янка Лайкоў

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 46 раз