Пятница, 22 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Зерне ісціны і алхімік... Скарына

  • Понедельник, 29 июля 2019 09:59

Аднойчы напаткаў у друку нечаканае параўнанне. Маўляў, літаратуразнаўцы, якія адначасова з’яўляюцца і гісторыкамі літаратуры, — нібы свайго роду разведчыкі. У якасці прыкладу згадваліся кнігі вядомага гомельскага пісьменніка і журналіста, лаўрэата прэміі імя Баяна і Усерасійскай прэміі прафесійнага прызнання «Лепшыя пёры Расіі» Рыгора Андрэяўца «Жыццё Францыска Скарыны» і «Две битвы Древней Руси». Мелася на ўвазе, што калі ў даследчыка вялікая эрудыцыя, ён, валодаючы высокай навуковай інтуіцыяй, можа прыйсці да зусім нечаканых вывадаў. Нават да такіх, якія ў далейшым, нягледзячы на, здавалася б, сваю ілюзорнасць, пацвярджаюцца.

Прынамсі, у першай з названых кніг Рыгор Мікалаевіч выказаў меркаванне, што знакаміты першадрукар і асветнік мог бываць у Францыі. Пазней аказалася, што гэта сапраўды так. Гіпотэза Рыгора Андрэяўца стала рэальнасцю. Потым ужо сам Скарына «прыйшоў» яму на дапамогу, падштурхнуўшы да яшчэ аднаго важнага адкрыцця: у ІХ—Х стагоддзях у міжрэччы Дняпра і Прыпяці існавала невялікая казацкая рэспубліка. Пра падзеі, звязаныя з ёю, і расказваецца ў кнізе «Две битвы Древней Руси». Гэта знакамітыя летапісныя бітвы 984 і 1016 гадоў, што адбываліся на паўднёвым усходзе цяперашняй Беларусі.

«Дапамог» жа Скарына такім чынам. Працуючы над кнігай «Жыццё Францыска Скарыны», Рыгор Мікалаевіч, узяўшы старую карту Еўропы, адзначаў «паралельнымі лініямі тыя гарады і краіны, дзе ў XV і першай палове XVI стагоддзя было заўважана выданне першых кніг. […] Паралельныя лініі, нанесеныя [… ] на карту, былі падобныя да ластавак, якія ляцелі ў розныя бакі і неслі людзям святло ведаў». Адна з ліній і «прывяла» ў Францыю. Такім жа метадам Рыгор Андрэявец шукаў і месца знаходжання магчымай першай казацкай рэспублікі. А ўжо адштурхоўваючыся ад яе, больш дэталёва зацікавіўся і дзвюма названымі бітвамі даўняй Русі.

Сапраўды: смеласць гарады бярэ, а дасведчанасць дазваляе адкрываць новае, невядомае. У абодвух выпадках неабходна прыкласці вельмі шмат намаганняў, каб здзейсніць задуманае. У другім, праўда, даследчыку ў нечым і цяжэй. Балазе, кроў не праліваецца, але — глядзіш — ахвярай можна стаць і самому. У тым сэнсе, што нечаканыя вывады, найперш такія, што супярэчаць афіцыйным меркаванням, шмат каму могуць не спадабацца, а таму будуць сустрэты ў штыкі. Тады і лёгка стаць «ахвярай» непаразумення.

Чаму пра гэта згадаў? Толькі што закончыў чытаць новую кнігу Рыгора Андрэяўца «Код Скарыны», што пабачыла свет у Гомельскім ААТ «Палесдрук». Кніга гэтая — найцікавейшая! Пра першага ўсходнеславянскага першадрукара, а найперш, зразумела, нашага, беларускага, нічога падобнага дагэтуль сустракаць не даводзілася. А наконт непаразумення, якое яна можа выклікаць…

Тое, пра што расказвае аўтар, адразу выкліча самыя розныя меркаванні. Часам гэта будуць рэзка супрацьлеглыя асацыяцыі. Хто прагне пачуць новае слова пра ўжо вядомае, абрадуюцца магчымасці зазірнуць у сутнасць таго, што, на першы погляд, знаходзіцца на мяжы магчымага. Можа стацца і так, што хтосьці, адштурхоўваючыся ад разваг даследчыка, паспрабуе дапоўніць яго высновы сваімі меркаваннямі, у нечым аспрэчыўшы яго думкі. Будуць і катэгарычныя апаненты: такога не было дый быць не можа!

Што ж, відавочна, што Рыгор Андрэявец не марна працаваў над «Кодам Скарыны». Менавіта аднайменнае даследаванне і дало назву яго новай кнізе. Першая ж частка — «Жыццё Францыска Скарыны» — шмат для каго стане свайго роду паўтарэннем пройдзенага. Калі з’яўляюцца розныя меркаванні, да ўсяго яшчэ і рэзка процілеглыя, — значыць, даследаванне ўдалося, чытацкая думка абудзілася. Відавочна і тое, што з цікавасцю з развагамі Рыгора Мікалаевіча пазнаёмяцца і тыя, хто сам займаецца даследаваннем жыцця і дзейнасці Скарыны. Не толькі друкарскай, а і яго актыўным далучэннем да іншых сфер, без разумення якіх цяжка, а ў нечым і немагчыма спасцігнуць сутнасць феномена, пад які патрапляе постаць гэтага генія чалавецтва.

Рыгор Андрэявец акурат і дапамагае наблізіцца да Скарыны, каб па меры мажлівасці «затушаваць» тыя белыя плямы, што ёсць у яго біяграфіі. Ідучы сваім шляхам, не баіцца (гэта таксама важна) адмаўляць тое, што як быццам не можа выклікаць якіх-небудзь сумненняў, бо даследчыцкая думка наконт гэтага даўно ўсталявалася. Калі сумненні ў нечым і ўзнікаюць, то яны істотныя. У Андрэяўца наконт усяго іншы погляд. Як кажуць, Сакрат мне сябар, але ісціна даражэй.

Да ісціны ён і набліжаецца паступова, старанна перагортваючы старонкі біяграфіі Скарыны, падоўгу запыняючыся на тых з іх, на якіх з цягам часу «запісы» пабляклі. Свае высновы Рыгор Андрэявец робіць праз пакутлівыя развагі. Маленькае зерне ісціны, схаванае ў тоўшчы, прасейваецца ім так старанна, што толькі дзіву даешся, адкуль у яго такое цярпенне. Але ж без такой настойлівасці, што вырастае з апантанасці, і нельга, калі заглыбляешся ў «святое святых» жыццяпісу першадрукара.

Напрыклад, распаўсюджана меркаванне, што Скарына быў сакратаром у дацкага караля. Не, пераконвае аўтар, у сапраўднасці ўсё было інакш. Ён «працаваў пэўны час у трансільванскага магната, адкуль збег у Падую». Памыляюцца і тыя, даводзіць ён, хто перакананы, што асветнік і друкар наведваўся ў Маскву. Нанава «перапісвае» Рыгор Мікалаевіч і скарынаўскія старонкі, звязаныя з атрыманнем ім звання магістра «вольных навук». Па-свойму паставіўся Рыгор Андрэявец да Багдана Онкава і Якуба Бабіча. На яго думку, яны не з’яўляліся мецэнатамі Скарыны. Канечне, без іх падтрымкі свае кнігі ён надрукаваць не мог. Але ці былі гэта дабрадзеі ў поўным сэнсе гэтага слова? Так, яго намаганні падтрымлівалі. Толькі, даючы яму грошы, дбалі найперш пра ўласны дабрабыт. Асветніцтва для іх важным было, бо спрыяла паляпшэнню. Не верыцца ў такое? Прызнаюся шчыра, у гэта і мне не хацелася верыць, пакуль не пераканаўся, наколькі доказныя меркаванні Рыгора Андрэяўца.

У «Кодзе Скарыны», аднак, ёсць і самая галоўная фішка. Гэта відаць з такога сведчання: «І хаця Францыск Скарына стаў знакамітым у свеце дзякуючы выданню на старабеларускай мове Бібліі, але ўсё ж такі, як лічу я, кнігадрукаванне не было яго асноўнай сферай дзейнасці. Гэта быў толькі прыработак для таго, каб на заробленыя ад продажу кніг грошы купіць уласны дом, набыць алхімічнае абсталяванне і заняцца справай Вялікага выбару, у выніку якога можна было атрымаць філасофскі камень, а ўжо з яго дапамогай пераўтвараць простыя металы ў золата і серабро, а з яго вадкай формы — эліксіра — падаўжаць жыццё чалавека».

Алесь Марціновіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 157 раз
Другие материалы в этой категории: « Праз прызму гумару Знакі прыблізнасці »
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии