Пятница, 22 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

ЧАС МРОЙ

  • Понедельник, 07 октября 2019 16:41

Альгерд Бахарэвіч. Мае дзевяностыя. Мн.: Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018.

«В 90-е убивали людей», — шакіруюча іранічна спявае кумірка сучаснай моладзі Манетачка, якая зусім не заспела гэты час. Пераломныя, рэвалюцыйныя, галодныя і творчыя, знакавыя 90-я, пара смелых эксперыментаў і вялікіх надзей, сталі надзвычай «моднымі» і прывабнымі ў культурным асэнсаванні апошніх гадоў. Як тэма спектакляў, фільмаў, кніг, фасонаў аддзення. Ва ўсіх краінах, што выраслі на абломках уяўна непаруш най дзяржавы, гучаць моцныя галасы ўспамінаў. Сярод гэтага хору хацелася б пачуць і ўспаміны беларуса. Найлепш — свядомага інтэлігента, які зможа вобразна абмаляваць карціну ўласнага ўспрымання таго часу і яго законаў.

Фігура Альгерда Бахарэвіча ў такім кантэксце падаецца амаль ідэальнай. Папулярны пісьменнік і асоба, прадстаўнік пакалення тых, хто ў 90-я быў ва ўзросце фарміравання амбітных планаў на жыццё, сталення і праходжання ўсіх «універсітэтаў». Ва ўласцівай яму манеры, пісьменнік пачынае аповед дужа інтрыгоўна (грэх заўжды прывабны): «З дзесяці галоўных хрысціянскіх запаветаў я парушыў роўна палову. Думаю, на гэтым пакуль што варта спыніцца. Ня буду ўдакладняць, якімі менавіта божымі законамі я пагрэбаваў, — важна тое, што ўсе пяць былі парушаныя яшчэ ў 90-я». Размотванне гэтага клубка і вядзе чытача далей і далей, дазваляе сутыкнуцца з галоўнымі болевымі кропкамі зачыну. Што вызначала названы час ва ўспрыманні аўтара? Неабыякавасць, прага справядлівасці, жаданне эміграваць альбо пабудаваць жыццё (і творчасць) на супраціве. «Вайна — добрая інфармацыйная нагода, вайна — самы прадаваны трэнд, вайна робіць любую літаратуру бачнай. Нават кепскую. І пісьменнікаў робіць бачнымі, а іх дзіўныя мовы — чутнымі... «Халодная» вайна — не выключэнне». Як ні дзіўна гучыць, чалавеку цяжка ўспрымаць свабоду. Асабліва нечакана дадзеную. «У дзевяностыя “Месяц” з кнігі пра Нязнайку зваліўся проста нам на галовы», — канстатуе Альгерд Бахарэвіч. І распавядае пра шляхі асэнсавання гэтага неабдымнага і часам зусім незразумелага пачуцця.

Вельмі важна, што ад вобраза Месяца пісьменнік пераходзіць да вобраза Места. Падрабязна апісваючы «магічныя брамы» Мінска 1990-х: руіны старасвецкіх дамоў на цяперашняй Зыбіцкай, Панікоўка, «Фелікс», парк Горкага, Чэрвеньскі і Старажоўскі рынкі, «Дынама»... Немагчымы аповед пра 90-я Бахарэвіча і без багатай музычнай палітры. «Акварыум», «Заапарк», The Doors, T. Rex, Pink Floyd, The Cure, Led Zeppelin, Джым Морысан, Дэвід Боўі, Ігі Поп, Beatles... А яшчэ «гаражны рок» і ўласная група — «Правакацыя». Як і без дэталёвага апісання адзення — відавочнага маркера індывідульнасці і самавыражэння. Завужаныя пафарбаваныя джынсы, расцягнутыя швэдры, прапалены цыгарэтай плашч, гучны надпіс, вышыты зялёнымі ніткамі... «Пісацелем будет» — вердыкт вынесены пісьменніку яшчэ школьнымі настаўнікамі, мяркуючы па яго дзіўнаватых сачыненнях. Магчыма, ужо тады і фарміраваўся фірмовы стыль Бахарэвіча — часта ісці ад зваротнага, іранізаваць. Як, прыкладам, у гэтай заяве: «...літаратура падавалася ім (аднакласнікам) абсалютна бессэнсоўным заняткам. І ў нечым яны мелі рацыю».

«Шабаноўскае гета», перфомансы Бум-Бам-Літа, школа ў Соснах, каралеўства МТЗ — дужа шмат этапаў сталення сфарміравалі характар аўтара. Які смела прызнаецца ў самазакаханасці, нонканфармізме, разбурэнні стэрэатыпаў і аўтарытэтаў.

«Сярод дзесяці запаветаў мне не хапае аднаго. Навучыся забываць», — прызнаецца Альгерд Бахарэвіч. Таму ў Берліне займаецца рэканструкцыяй начной дарогі з Цэнтра ў Шабаны. Таму і намагаецца з усіх сіл патлумачыць для сябе і іншых феномен чалавека з дзевяностых. І, што важна, у многім у яго гэта атрымліваецца.

 

Юлія Алейчанка

Крыніца: Полымя

Прочитано 272 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии