«Галіяфы» выдалі новую кнігу паэзіі Алеся Дуброўскага-Сарочанкава – «На тонкай нітачцы». Трэцяя па ліку ў паэта і мовазнаўца, яна падсумоўвае значны па часе адрэзак паэтычных пошукаў. Першая кніга Алеся Дуброўскага – «Паміж небам і багнаю» – пабачыла свет у 1997 годзе. Другая – «Эстэтыка маўчання» – у 2011 годзе.
Што ёсць змрок, што не можа змясціца ў Сусвеце
і імкнецца праціснуцца ў бездань душы?
І ці доўга яшчэ гэтай сумнай планеце
Слепа бегчы па чорнай касмічнай шашы?
Дзе знайсці супакой развярэджанай ране?
Чаму рана самоты пад скурай павек?
Ва ўсім свеце ёсць толькі адно пытанне,
І імя яму – чалавек.
Паэзія Алеся Дубровіча-Сарочанкава надзіва напружаная. Паэт выступае як вернік, якому відаць усе жорсткасці часу, а самае галоўнае – відаць жорсткасці, пачварныя выявы будучыні. «Чалавек чалавеку не брат ‒ / чалавек чалавеку вар’ят./ Тут не голас – паветра трымценне./ Тут не вочы – шкляное каменне./ Тут не твар, а бяздушны мур./ Чалавек чалавеку абсурд./ І тры словы – прывычным здзекам:/ чалаве чалавеку пекла». Чаго тут болей – правакацыі ці мастацкага асэнсавання рэчаіснасці?!.
Аляксандр Уладзіміравіч, які зараз выкладае на кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, скончыў не толькі філалагічны факультэт, магістратуру і аспірантуру, не толькі абараніў кандыдацкую дысертацыю па філалогіі… Але і скончыў Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь. Мае ступень доктара тэалогіі (ступень прысуджана Тэалагічнай семінарыяй св. Яна Хрызастома (Медэльін, Калумбія), з’яўляецца прасвітарам.
Вось шчасця рэцэпт зямнога –
І нельга сказаць прасцей –
Жыць так, каб табе нічога
Не трэба было ад людзей.
А справіцца з гэтым заданнем –
Крыху прыпыні свой бег
І паразважай над пытаннем:
што трэба жыццю ад цябе?
Паэт імкнецца спасцігнуць усе (!) галоўныя таямніцы жыцця, бо яму хочацца «растлумачыць сляпому колер», а «глухому – як шторм раве». Апанатанасць, з якой аўтар зборніка «На тонкай нітачцы» угрызаецца ў жыццё, уражвае. І пры гэтым ён стараецца пазбягаць паўтарэнняў, сурова ацэньвае і свае ўласныя высілкі ў мастацкіх пошуках.
Арыгінальную частку зборніка дапаўняе раздзел «Пераклады». Беларускі паэт прапаноўвае чытачу свае пераўвасабленні з твораў Інакенція Аненскага, Максіміліяна Валошына, Восіпа Мандэльштама, Сяргея Ясеніна.
Наклад зборніка «На тонкай нітачцы» – 300 асобнікаў.
Кастусь Лешніца