Вторник, 04 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вырываючыся з «Фінскага капкана»: Мемуарная публіцыстыка Мікалая Дзенісевіча

Што нашаму сучасніку маглі б расказаць такія адрасы, як Хепасуо, Тукса, Аланец..? А між тым яны маюць самае непасрэднае дачыненне да беларускай гісторыі, да гісторыі Беларусі. І даведацца пра гэта можна з кнігі Мікалая ДЗЕНІСЕВІЧА «Фінскі капкан: Успаміны і развагі былога малога вязня фінскага канцлагера» (Финский капкан: воспоминания и размышления бывшего малолетнего узника финского концлагеря, Н. И. Денисевич).

Патрапіўшы ў Карэлію ў якасці першай хвалі перасяленцаў (1940 – 1941 гг.), сям’я М. Дзенісевіча (а хлопчыку было тады ўсяго дзесяць гадоў) праз невялікі прамежак часу аказалася ў самым эпіцэнтры вайны. Афіцыйна пра свой удзел у вайне Фінляндыя абвясціла 26 чэрвеня 1941 г. «… разам з магутнымі ваеннымі сіламі Германіі, як браты па зброі, адпраўляемся ў крыжовы паход…» Хаця на самай справе ўжо 22 чэрвеня фінскія і нямецкія ваенна-марскія сілы блакіравалі савецкую ваенна-марскую базу на востраве Ханко. У гэты ж дзень разам мініравалі Фінскі заліў. У грабежніцкіх планах тагачасных фінскіх палітыкаў і ваенных было і сумеснае з немцамі знішчэнне Ленінграда, ачышчэнне рускіх тэрыторый, перасяленне на іх з унутраных раёнаў Расіі цвярскіх карэлаў, мардвы, чарамісаў і іншых фіна-вугорскіх народаў.

Каштоўнасць даследвання Мікалая Дзенісевіча заключаецца і ў тым, што ён падае шырокую гістарычную рэтраспектыву фінска-расійскіх адносін, паказвае вузлавыя іх моманты, пралівае святло на сапраўдныя памкненні Манергейма і яго паплечнікаў. Нельга без хвалявання чытаць і такі раздзел кнігі, як «Фінскі рэжым на акупаванай тэрыторыі Карэла-Фінскай ССР у 1941 – 1944 гг.» Вось што адкрываем у кнізе дасведчанага аўтара: «Нацыянальная палітыка акупантаў на захопленай тэрыторыі Карэліі цалкам адпавядае фашысцкай ідэалогіі фінскіх нацыяналістаў, замешанай на выпеставанай імі ж нянавісці да ўсяго рускага, а таксама імкненню да стварэння рафінаванай Вялікай Фінляндыі, дзе мелі права жыць толькі фіны і асобы фіна-вугорскіх нацыянальнасцяў. Таму блізкія фінам нацыі – карэлы, вепсы і савецкія фіны атрымалі адразу прывілеяваны статус, як будучых паўнапраўных грамадзянаў «Вялікай Фінляндыі». Усё астатняе насельніцтва (галоўным чынам рускія, беларусы, украінцы і інш.) было абвешчана па-за законам і павінна было знікнуць, пакінуць Карэлію назаўсёды. А для вырашэння гэтага пытання па загадзе Манергейма, яно практычна цалкам было заключана ў канцлагеры і турмы. На адносна невялікай захопленай тэрыторыі Карэліі было створана болей за 14 канцлагераў, куды былі закінуты ні ў чым не вінаватыя, галоўным чынам, старыя, жанчыны і дзеці толькі за тое, што не адносіліся да фіна-вугорскіх этнасаў. Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак татальнага генацыду ў адносінах да славянскага насельніцтва. Ніякай ваеннай неабходнасці для стварэння канцлагераў, нават па прызнанні фінскіх даследчыкаў, не існавала».

І сам асабіста Мікалай Дзенісевіч прайшоў праз 1004 дні і ночы выпрабаванняў за калючым дротам фінскага канцлагера… Кніга ўжо з-за гэтага, з-за сведчанняў чалавека, які пакутаваў у ліку многіх суайчыннікаў, ды шмат што адчуў на сваёй уласнай скуры і ўбачыў на ўласныя вочы, з’яўляецца выключнай сілы дакументам пра далёкія, а мо і не зусім далёкія часіны. Доктар гістарычных навук А. Літвін яшчэ ў 2006 годзе напісаў пра кнігу вязня і даследчыка наступнае: «… публікацыя працы М.І. Дзенісевіча, сабраных ім успамінаў і дакументаў будзе прадстаўляць неацэнны інтарэс як для гісторыкаў, так і для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй савецка-фінскай вайны, гістарычнымі лёсамі беларускага народа». І далей: «Варта адзначыць таксама вялікі ўклад М. І. Дзенісевіча і яго сястры Г. І. Змушка ў аднаўленне гістарычнай праўды пра вязняў фашысцкіх канцлагераў. Менавіта дзякуючы іх намаганням была ўзноўленна гістарычная справядлівасць у адносінах былых вязняў фінскіх канцлагераў, якія жывуць зараз у Беларусі, якія атрымалі пасведчанні і адпаведныя выплаты з фонда «Узаемаразуменне і прымірэнне».

Наклад кнігі Мікалая Дзенісевіча «Фінскі капкан…», якая выдадзена мінскім выдавецтвам «Колорград», зусім невялікі – 100 асобнікаў. І шкада, калі кніга не патрапіць хаця б у вядучыя бібліятэкі краіны. Пакуль што выданне можна набыць у сталічнай «Акадэмкнізе».

Алесь Пясчанскі

Прочитано 431 раз