Четверг, 21 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Зульфія Хананава. Башкартастан. Вершы

  • Четверг, 02 сентября 2021 15:16

Жоўтая восень

Без цябе зноў у расстанні
Горад пажаўцеў.
І лісцё ад хвалявання
Стала падаць з дрэў.

Ветрам горад не сагрэеш.
Жоўтая трава,
Як жа ты не разумееш,
Шэпчучы: «Трывай…»

Паглядзі навокал смела,
Як глядзела я.
У расстанні абляцела
Маладосць мая.


Жоўтыя мімозы ў сэрцы.
Жоўтым даль цвіце.
Жоўты дождж у вокны б’ецца.
Горад пажаўцеў…

 

***

Чысты прада мной лісток —
Для малітвы дыванок.
І да Суднага да дня
Жыць хачу спакойна я.

Не спазнаючы зімы,
Я прашу прыйсці вясну,
І каб нашыя дамы
Страпянуліся ад сну.

Зноў ад снегу белы свет,
І на лёдзе снегу след.
Я па ім ішла дамоў,
Несла радасць і любоў.

Быццам саван, белы ліст.
Дрэмле ў снезе белы ліс.
Песня спеліцца ўва мне…
Не судзіце вы мяне…

 

Наш агмень

Наш агмень больш не палае,
Ён стухае і стухае.
Заўтра попел узвятрыцца…
Пацямнее ўсё, і быццам
Знікне сонца над зямлёю,
Дзе застацца нам з табою.
Толькі ж нам тут не шанцуе —
Па агмені дождж танцуе…

 

Семафор

Вось мы й пасябравалі навякі,
Ды гэтак, што нас не разліць вадою.
Праводзім, сустракаем цягнікі,
Як летам табуны ля вадапою.


На тым жа месцы цягнікі, сады…
Ля іх мы прыпыняемся штораз.
Як «хуткія» лятуць гады,
І крыўды зноў вяртаюцца да нас.

І ў вочы нашы, што цяпер казаць,
Адно глядзяць тунэляў калідоры…
Бывай, каханне і пусты вакзал…
І плачуць з намі нашы семафоры…

 

***

Сонца ў час касьбы аж луг паліла,
Як каханне наша нас з табою.
Потым дождж лінуў, і ўсё астыла,
Залілося плыткаю вадою.

Ты, як дождж, што ўсё заліў старанна,
Ну а потым знік у шматгалоссі.
І ў душы маёй цямнее рана,
Як трава сырая на пракосе.

 

З башкірскай.

Пераклад Віктара Шніпа

Чытайце больш у рубрыцы «Мерыдыяны лучнасці» газеты «Літаратура і мастацтва» № 35/2021

 

Прочитано 3687 раз