Четверг, 21 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд літаратурных часопісаў № 8

  • Четверг, 02 сентября 2021 09:54

«Зямныя доўжацца арбіты…»

 

Светлай лірычнай паэмай Віктара Гардзея «Белая касынка» пачынаецца жнівеньскае «Полымя». Прычым пачатак яе, здавалася б, не абяцае нічога асаблівага.

Але аўтарская манера — гульня сэнсаў і слоў, недаказанасці і іранічнасці, простага і складанага, сімвалаў і алюзій — робіць чытанне насалодай! Узнікае ўражанне, што праз гісторыю першага кахання — вонкава нічым асаблівым не адрознага ад тысяч падобных — далучаешся да космасу — космасу душы: настолькі глыбокія перажыванні схаваныя ў падтэксце твора.

Асноўныя тэмы элегічных вершаў Івана Карэнды, аб’яднаных пад агульнай назвай «Я маю права на прызнанні», — успаміны маладосці, пераасэнсаванне свайго мінулага і сучаснага, роздум аб тым, чым жыве душа і што яе сілкуе, што трымае ў жыцці і з’яўляецца неад’емнай часткай усведамлення сябе прыналежным да гэтага месца і часу. Глыбока філасафічным па змесце і крыху больш арыгінальным, чым астатнія ў гэтай нізцы вершаў, з’яўляецца апошні з іх: «Анёл — ахоўнік, што мяне вартуе, // ад бедаў засланяе і ратуе, // не лічыць, як і я, зямныя дні: // абодва знаем ісціну святую — // мая сцяжына з кожным днём прастуе // да берага спрадвечнай цішыні».

Лірыка Таццяны Цвіркі (падборка вершаў пад назвай «Я шукаю Яго сляды») — маналог на духоўную тэматыку, спроба наблізіцца да Боскага праз зямныя паняцці і вобразы, праз больш яркае і яснае іх высвечванне ў аб’ектыве паэтычнай думкі. Хваля настраёвасці лірычнага героя паэтэсы ўзносіць да нябесных вышыняў, адкуль не хочацца вяртацца да будзённых клопатаў, але ж у гэтым, мусіць, і заключаецца чалавечая сутнасць — жывучы на зямлі, імкнуцца да Бога:

«…У паклоне штодзённым // я не прашу… // Я дзякую!»

Падарункам айчыннаму чытачу з’яўляецца публікацыя ў рубрыцы «Галасы свету» падборкі сучаснай в’етнамскай паэтэсы Нгуен Фан Кве Май (нар. у 1973 г.) —

«Пялёсткі зялёнага рысу», перастворанай па-беларуску Таццянай Сівец. Многія матывы і настраёвасць збліжаюць лірыку в’етнамскай аўтаркі з айчыннай паэзіяй, напрыклад: «У нябыт адыходзяць дынастыі; // Садоўнік у глебу кідае зерне — і з ім узрастае. // На руінах забытых царстваў — // Кветкі працы людской».

Але ёсць у творчасці Нгуен Фан Кве Май штосьці вельмі адметнае — асаблівая вастрыня перажывання, аголенасць пачуцця, адсутнасць пэўнай шаблоннасці, заглыбленасць паэтычнага нерва да самых нетраў паэтычнага светаўспрымання — гэты нерв навылёт працінае душу творцы, навечна прыбівае яе да крыжа пакут свайго народа: «Станем зямлёю — і ты, і я, // Каб па нас аднойчы // Песня з сэрца зямлі травою смарагдавай // Прарасла».

На прыкладзе сямейнай трагедыі аўтарка распавядае гісторыю сваёй краіны, дзеліцца перажываннямі наконт сучаснасці…

З прозы, надрукаванай у нумары, асаблівую цікавасць выклікае твор Івана Саверчанкі «Лучнік». Аўтар вызначыў яго жанр як «Міф пра забытага героя». У цэнтры расповеду — князь Трайдзень. Аўтар рэканструіруе падзеі мінуўшчыны на аснове звестак даўніх хронік, што робіць яго спробу ўзнаўлення тых падзей вартай самай шырокай увагі. Асабліва імпануе, што аповесць не з’яўляецца сухім пералікам звестак і падзей: ёсць тут і паэтычнасць, і лірызм: «Велічны Нёман зачароўваў і натхняў Трайдзеня. Ён адчуваў містычную сувязь з магутнай ракой, верыў у выратавальную моц велічнай плыні. Усёй сваёй істотай князь хацеў, каб магутны Нёман ад пачатку і да самай дэльты належаў толькі яго ўладзе. Ён меркаваў, што поўнае валоданне Нёманам зробіць яго непераможным, а Бацькаўшчыну — заўсёды вольнай і шчаслівай».

Знойдуць сваіх прыхільнікаў і празаічныя творы іншых аўтараў: заканчэнне рамана «Паўшыя анёлы» Вітаўта Чаропкі, апавяданне «Трыццаць міль да святасці» Віктара Праўдзіна і два апавяданні Сяргея Сцяпана.

Яна Будовіч


Без супярэчнасцей з прыродай

На календары  — апошнія дні гэтага лета, і ў паветры, як кажуць, запахла восенню. Для адных гэта чарговая нагода для глыбокіх роздумаў пра тое, што ўсё, асабліва добрае, мае ўласцівасць заканчвацца, для іншых  — штуршок да новых здзяйсненняў, якія не залежаць ад, магчыма, натуральнай восеньскай меланхоліі. Дарэчы, і тыя, і іншыя (часцей сярод моладзі) гэтымі днямі любяць згадваць суцяшальную цытату Фрэнсіса Скота Фіцджэральда з «Вялікага Гэтсбі»: «З першым восеньскім халадком жыццё пачнецца спачатку». Так ці інакш, дакладна адно: калі чалавек не любіць прыроду ва ўсёй яе разнастайнасці, то наўрад ці ён прымае і людзей, і, у рэшце рэшт, самога сябе.

А пакуль жнівеньскі нумар «Нёмана» спрабуе не даць засумаваць і прапануе «Вясёлыя былі» Анатоля Зэкава ў аўтарскім перакладзе. Пра тое, што нельга прадаваць клубніцы з вядром, якое каштуе больш за самі ягады; пра тое, што не варта неабскубаную курыцу ў агонь кідаць; пра тое, як выпадкова можна атрымаць імя; пра тое, наколькі ўнушэнне вялікая сіла… Значная частка назіранняў прысвечана «алкагольным» прыгодам, адну з якіх  — самую бяскрыўдную пад назвай «А дамы хісталіся…» — можна прывесці цалкам: «П’яны муж вяртаецца дадому.

— Ой, ты ж зусім на нагах не трымаешся. Як дайшоў толькі? — выгаворвае жонка.

— Нармальна дайшоў, — ледзь-ледзь варочае языком муж. Потым, вытрымаўшы паўзу, дадае: — А дамы, між іншым, хісталіся…»

Насамрэч усе «Вясёлыя былі» даволі далікатныя і адначасова сапраўды жыццёвыя, магчыма, таму, што аўтар піша пра сябе і родных, знаёмых. Ды і тэмы выбірае адпаведныя: сям’я, сяброўства, штодзённыя выпадкі, пра якія чалавек звычайна хутка забывае. Пасля знаёмства з творамі не застаецца ніякіх пытанняў — пазіцыя і настрой Анатоля Зэкава выдатна счытваюцца чытачом і дзіўным чынам здольны, бывае, яму перадавацца. Ідэйна ж найбольш цікавыя «Няскошаны лужок», «З двух бабуль», «Званок з могілак», «Знаёмства без прысутнасці», а таксама завяршальны пад назвай «Тэлеграма Брэжневу», дзе на ўрачыстам сходзе калгаснікаў гучыць наступны дыялог:

«— Ёсць прапанова накіраваць тэлеграму ў адрас Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Генеральнага сакратара ЦК КПСС, таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева.

І раптам з залы чыйсьці голас:

— Дык ён жа нам яшчэ не адказаў на тую, якую месяц таму адправілі!»

Эпіграфам да фантастычнай аповесці «Памылковыя ўспаміны» Сяргей Белаяр выбраў наступнае выслоўе: «Нішто не адбываецца ў супярэчнасці з прыродай, толькі ў супярэчнасці з тым, што мы ведаем» (Спецагент ФБР Дана Кэтрын Скалі з «Th e X-Files»). Складана з ім не пагадзіцца, аднак не выключана, што чытачу захочацца паспрачацца аб нечым ужо на працягу знаёмства з крышачку мудрагелістай гісторыяй.

Па-сапраўднаму летняя, з некаторымі выключэннямі, паэтычная частка прадстаўлена нізкамі «Толькі б сонца ты заўсёды будзіў» Віктара Гардзея ў перакладзе з беларускай мовы Уладзіміра Стасюка, «Што табе патрэбна?» Мікалая Намеснікава і «У стракатым сшытку кармы» Дар’і Ліпень. У такім парадку іх размясцілі ў часопісе, што абсалютна лагічна: лёгкія і нібыта празрыстыя вершы першага ў спісе паэта нібыта супрацьпастаўляюцца бойкай, схільнай да напружанасці паэзіі апошняга. І недзе пасярэдзіне, хоць і настраёва бліжэй да Віктара Гардзея, — Мікалай Намеснікаў, які ў творы «Дзень неўпрыкмет змяняецца вечарам…» прагаворвае самую простую і дасканалую формулу жыцця:

Годы нависнут, как черные надолбы

на раздорожьях слепого пути.

Боженька спросит:

— Чего тебе надобно?

— Этой дорогой идти и идти… 

Напрыканцы ж раім пазнаёміцца з перакладамі вершаў Генадзя Бураўкіна. Падборка пад назвай «І я спавядаюся небу» прадстаўлена ў перастварэнні Любові Турбіной.

Яўгенія Шыцька


Адчуць летнюю палітру пачуццяў

Жнівеньскі нумар «Маладосці» атрымаўся багатым на празаічны і паэтычны ўраджай. Тут буйства фарбаў, сакавітасць пачуццяў, сумесь летуценнасці, разваг і думак. Жнівеньская «Маладосць» дорыць чытачу апошнія праменьчыкі непаўторнага летняга сонца.

Напэўна, таму пачынаецца нумар з «Дарогі ў лета» — апавядання Вікторыі Сінюк, якое напоўнена «смачным» апісаннем стану прыроды на пачатку сезона, прадчуваннем хуткага шчасця, спешкай і, нарэшце, разуменнем, што вось ён, момант, калі трэба спыніцца і адчуць асалоду ад жыцця. Усведамленне гэтага прыходзіць да галоўнага героя напрыканцы твора: «Шчасце, што лёс падкінуў ім гэты ложак — бо такой ночы, мабыць, ніколі ўжо не будзе для іх на свеце. Хацімцоў не спіць, але адчувае, што вось-вось праваліцца ў сон — і гэты дзіўны дзень скончыцца. Усё ж такі шкада яго адпускаць. Ён выдаўся незвычайным — падобным на апавяданне, што тоіць у сабе сэнс, які зусім не адразу распусціцца, быццам якая ганарлівая кветка...»

Празаічная частка нумара працягваецца пачаткам рамана Алеся Кажадуба пад назвай «Чорны бусел». Аўтар уводзіць чытача ў свет юнацтва, студэнцкага жыцця, з яго пачуццямі, легкаплыннасцю, напоўненасцю яркімі момантамі і эмоцыямі. Алесь Кажадуб дадаў твору жменю містычнасці, што робіць яго выйгрышным сярод іншых. Чытачу, безумоўна, будзе цікава разам з фалькларыстамі адправіцца ў фантастычнае Палессе і не толькі...

Пра сваё студэнцтва і жыццёвы шлях, звілісты і насычаны, быццам бурлівая рака, дзеліцца Анатоль Бутэвіч. «Гомо гоміні, або Мае дабрадзеі-дабратворцы»  — так называецца яго аўтабіяграфія, а, па сутнасці, глыбокі аналіз свайго шляху з вышыні пражытых гадоў. «Хоць некалі я не надта верыў, што, казалі, у кожнага наступае ў жыцці спавядальны момант, ды ўсё ж такі ён наступіў і для мяне. А калі не капацца і не калупацца ў дробязях ды не варушыць бруднай бялізны, дык, па вялікаму рахунку, я павінен прызнацца, што мне праз усё маё жыццё спрыялі добрыя і спагадлівыя людзі. Дабрадзеі-дабратворцы»,  — прызнаецца А. Бутэвіч. Ім, «сапраўдным і непрыцьмелым ад часу залацінкам» аўтар і прысвячае сваё «добрае і ціхае слова».

Варта звярнуць увагу на інтэрв’ю з мастаком Глебам Герасімавым, які ў сваёй творчасці шукае адметнае, працягваючы традыцыі. Ён працуе ў калажнай тэхніцы кампазіцыі, і жыццё сваё ладзіць так, каб у ім было месца сямейнаму архіву і новаму жыццю, старажытнай культуры і постмадэрну, навуцы і творчасці.

Паэтычную частку нумара складаюць вершы Жанны Міус, Міколы Мятліцкага, Алены Кісель, Вольгі Шпакоўскай. Мікола Мятліцкі прапаноўвае чытачу прагуляцца па аблоках:

Мы радасцю жылі такой высокай
І ведалі: для нас яе — замнога.
Ці хочаш прагуляцца па аблоках
І зноў напіцца ўсмак быцця зямнога?

Вольга Шпакоўская прадстаўляе спектр удумлівай паэзіі. Вершы аўтара розныя па змесце і форме, але аднолькава кранальныя і накіраваныя на пошук сэнсаў. «Паэзія — гэта паток думак, які немагчыма падпарадкаваць. Я дазваляю гэтаму патоку злавіць мяне. Калі я страчуся ў новых сэнсах, словах, то нястрашна, таму што я знайду сябе ў новай якасці. Адкрыю нешта ў сабе, што раней не заўважала. У нейкім сэнсе паэзія — гэта каталізатар душы», — адзначае В. Шпакоўская і дае магчымасць, дзякуючы сваім вершам, і чытачу адкрыць сябе ў новай якасці.

Жанна Міус праз вершы дэманструе сваё рамантычнае светаадчуванне. Паэтэса ў творчасці расстаўляе акцэнты на прыгажосці, дабрыні і закаханасці, гэта імкнецца перадаць чытачу:

Аазісы, міражы...
Сягоння, і заўтра, і ўчора...
На воку — дзесяць вяршынь,
пакрытых вечнай пяшчотай.
Брыду да іх праз адчай,
ныраю ў жыцця твані,
і хочацца закрычаць,
як вельмі ўжо млосна стане.

Між тым цікава будзе пазнаёміцца з крытыкай жнівеньскай «Маладосці», якая прадстаўлена архіўнымі рэцэнзіямі на твор У. Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі» і раман В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына», дзе аўтары адлюстравалі зусім новыя погляды на класічныя творы.

Дзіяна Казімірчык

Крыніца: Літаратура і мастацтва

 

Прочитано 2262 раз