Вторник, 19 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Дыяменты паэтычнага пярсцёнка. Вянкі санетаў Анатоля Сербантовіча

Таленавіты паэт і яркая, неардынарная асоба, наватар у літаратуры і нястомны вандроўнік у жыцці — такім мы бачым Анатоля Сербантовіча ў яго творах і ўспамінах сучаснікаў. Сёлета 13 мая пісьменнік мог бы адзначыць 80-годдзе. Але няўмольны лёс адлічыў яму толькі дваццаць дзевяць вёсен… Гісторыя прыгожага пісьменства ведае мноства выпадкаў, калі кароткая жыццёвая дарога атрымлівала доўгі працяг у літаратуры, які значна пераўзыходзіў зямны чалавечы век. Так здарылася і з А. Сербантовічам. Яго шчырыя, натхнёныя радкі нязменна знаходзяць водгук у сучаснага чытача. Юбілей — добрая нагода яшчэ раз зазірнуць у творчую лабараторыю аўтара.

Фота з сайта bdamlm.by

Фота з сайта bdamlm.by

Крытыкі і літаратуразнаўцы ніколі не  абыходзілі ўвагай паэзію А. Сербантовіча. Разам з тым застаюцца творы, мастацкія вартасці якіх да канца не раскрыты, падрабязна не прааналізаваны. Першыя сярод іх — вянкі санетаў. У А. Сербантовіча тры ўзоры гэтага жанру: «Курганы», «Салдат» і «Васілёк». Падрабязней спынімся на двух першых, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны.

Эпахальныя па сваіх маштабах і наступствах трагічныя ваенныя падзеі прадвызначылі ключавыя моманты ў развіцці беларускай паэзіі на дзесяцігоддзі наперад. Кожнае пісьменніцкае пакаленне па-свойму асэнсоўвала гераічны вопыт змагання з ворагам, дасягаючы новых вяршынь мастацтва слова. Пра творчыя набыткі надзвычай прадстаўнічага філалагічнага пакалення, да якога належыць і А. Сербантовіч, пісалася шмат, але, як ні парадаксальна, да сённяшняга дня яны застаюцца недастаткова даследаванымі. Так, адначасова з іншымі патрабуе разгляду пытанне станаўлення беларускай традыцыі вянка санетаў, якое ў айчыннай санеталогіі належным чынам не распрацавана. На мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў цікавасць да згаданай паэтычнай формы значна ўзрасла, што актуалізуе неабходнасць вывучэння гісторыі яе асваення айчыннай паэзіяй.

Першыя беларускія вянкі санетаў напісаны ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў. Нягледзячы на складанасць і вялікі аб’ём, форма хутка набірала папулярнасць. Суседнія літаратуры — руская, украінская  — ужо мелі багаты вопыт вянковай творчасці, што не магло не паўплываць на нашу паэзію, якая ў гэтай галіне актыўна далучалася да набыткаў сусветнага слоўнага мастацтва. У  айчынным прыгожым пісьменстве былі і ўнутрылітаратурныя перадумовы для з’яўлення арыгінальных твораў і нацыянальнай традыцыі. Дастаткова нагадаць, што за паўвекавы (на той момант) перыяд бытавання санета ў нашай паэзіі на беларускай глебе паспяхова прыжыліся ўсе кананічныя і многія некананічныя яго віды, прадстаўленыя ў шматлікіх змястоўных варыяцыях.

На першапачатковым этапе засваення цвёрдай формы за ёй, як правіла, замацоўваецца пэўны гістарычна абумоўлены змест. Час стварэння, аўтарства, найбольш актуальныя кірункі агульналітаратурнага развіцця абумовілі зварот беларускага вянка санетаў да тэмы Вялікай Айчыннай вайны.

Вянкі А. Сербантовіча ўвайшлі ў кнігу паэзіі «Пярсцёнак» (1971), якую аўтар рыхтаваў сам, але, на жаль, убачыць не  паспеў. Творы зборніка не датаваны, хоць ёсць падставы меркаваць, што работа над вянкамі пачалася ў самым канцы 1960-х гадоў. Кожны з узораў уяўляе сабой кананічны (калі не лічыць вельмі нязначных адступленняў) вянок санетаў — твор з пятнаццаці вершаў, дзе першыя чатырнаццаць звязаны ў кальцо: апошні радок кожнага санета паўтораны ў першым радку наступнага, апошні радок чатырнаццатага паўтарае першы радок першага. Пятнаццаты (апошні) санет — магістрал — складаецца з першых радкоў усіх папярэдніх чатырнаццаці санетаў. Радкі магістрала і адпаведныя ім радкі санетаў кальца поўнасцю супадаюць. Пра мэтанакіраванасць рознавектарнага характару творчых пошукаў А.  Сербантовіча яскрава сведчыць тое, што вянкі прадстаўляюць усе тры класічныя тыпы санета  — італьянскі, французскі і англійскі.

Перанёсшы пакуты вайны зусім маленькім хлопчыкам, А. Сербантовіч пранікнёна, па-мастацку праўдзіва і арыгінальна пісаў пра гады ліхалецця і суровыя выпрабаванні. Размову пра яго вянкі санетаў варта весці, маючы на ўвазе вельмі важную асаблівасць паэзіі маладога майстра, пазначаную А. Вярцінскім так: «Натуральнасць і эмацыянальная ўзрушанасць характэрны не толькі для тых твораў, якія А. Сербантовіч прысвячае сваім асабістым перажыванням. Ён астаецца такім жа лірыкам, калі бярэцца за тэмы грамадскага значэння. Як неаддзельна ў яго вонкавае ад унутранага, так і неаддзельна грамадскае ад асабістага». 

Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў вянках санетаў, як ва ўсёй паэзіі А. Сербантовіча, атрымала вельмі асабістае гучанне. У вянку «Курганы» пануе стыхія ўспаміну, яна працята пакутліва-незабыўнымі дзіцячымі ўражаннямі, ад чаго трагізм вайны «з хвілінай кожнай робіцца вастрэй». У прадмове да зборніка «Пярсцёнак» А. Пысін сцвярджаў права свайго малодшага калегі па пяры гаварыць пра вайну: «Гэта ж маё пакаленне займала першыя акопы, а ён ледзьве яшчэ трымаўся за драўляны бруствер калыскі. Ды тыя самыя бомбы падалі, адны асколкі свірчэлі над маім акопам і яго калыскай. Таму і ён быў на вайне». Сам А. Сербантовіч заявіў пра гэта так: «Вайна прайшла шырокай баразной // І цягнецца з дзіцачае калыскі: // Я столькі не далічваюся блізкіх, // Што нават сёння дыхаю вайной!» Менавіта адчуванне далучанасці да трагічных падзей, моцнае перажыванне, перададзенае ў паэтычным радку, зрабіла лірычную кампазіцыю, унутраную структуру вянка санетаў «Курганы» вельмі цэласнай, пры сваёй знешняй прастаце і празрыстасці  — складанай, дакладна выбудаванай. Твор мае вельмі шырокую часавую перспектыву і дастаткова лакалізаваную  — прасторавую, у цэнтры якіх знаходзіцца велічны, узбуйнены вобраз кургана — «таго, дзе лесвіца крутая». Значнасць названага вобраза раскрываецца ў сімвалічнай пары, якую ён (а разам з ім і «вечныя курганы») утварае з вобразам званоў. Помнікі быццам гавораць ад імя тых, чыю памяць яны ўшаноўваюць. У вянку шмат разнастайных канкрэтных і абстрактных паэтычных карцін, намаляваных дакладна і запамінальна: дзіцячыя перажыванні, гібель маладога салдата, «напаўпустыя хаты Беларусі» і незагойная памяць тых, хто страціў дзяцей і унукаў, шчымлівыя эпізоды вайны і інш. Але ўсе яны так ці іначай звязаны з цэнтральным вобразам, які выконвае самую важную, асноўную функцыю  — захаванне памяці: «У курганоў ёсць нешта ад званоў, // Званоў жалобы і званоў бяды. // Яны гудуць цяжэй, чым правады,  // І  аб усім напамінаюць зноў». Памяць пра воінаў, якія ў розныя часы баранілі Бацькаўшчыну, павага да мінулага і духоўнай спадчыны аб’ядноўваюць розныя пакаленні. Твор адметны моцным фальклорным пачаткам, выкарыстаннем элементаў паэтыкі народнай песні і казкі. Выразна прасочваецца ў ім і сувязь з класічнай беларускай літаратурай, з творчасцю Я. Купалы  — тое, што найперш заслугоўвае асобнай гаворкі. У  вянку гісторыя суседнічае з будучыняй, і адзінства гэта паказана ў нечаканым ракурсе, але вельмі арганічна

Твор пісаўся хутка пасля таго, як чалавецтва зрабіла першыя крокі ў космас. Маштабнасць гэтай падзеі, яе значнасць для ўсіх сфер жыцця, у тым ліку для духоўнай, падсвяціла, яшчэ больш актуалізавала тэму, прыўнесла ў галоўны вобраз элементы сучаснасці: «Пагасіць неба ясную зару, // Штыкі тады ўзрываюцца ўгару // Ракетамі да месяца і зорак. // І ценямі касмічных караблёў // Вяртаюцца уранні на ўзгорак // І аб усім напамінаюць зноў». 

У вянку санетаў «Салдат» таксама ёсць аўтарскія наватарскія знаходкі, але іншага характару. У спецыяльных даследаваннях вянок неаднаразова параўноўваўся з паэмай, вялася гаворка пра эпічны складнік. Рускі пісьменнік Ілья Сяльвінскі прапанаваў, напрыклад, пайсці яшчэ далей, надаць вянку цалкам эпічны характар, абнавіць структуру санета, зрабіўшы толькі страфой і дапусціўшы значныя адхіленні ад канонаў формы. На яго думку, недатыкальным мог застацца толькі архітэктурны каркас вянка. А. Сербантовіч таксама зрабіў крок у напрамку эпічнага. Гэты эксперымент з боку аўтара можна лічыць прадказальным, бо на момант пачатку работы над вянкамі паэт ужо меў багаты вопыт стварэння паэм.

Вянок санетаў «Салдат» — твор больш камерны па сваім гучанні, чым «Курганы». У ім ёсць сюжэтная аснова, сціслыя пейзажныя замалёўкі, канкрэтыка абставін, побытавыя падрабязнасці. Пакалечаны салдат вяртаецца пасля Перамогі дадому. Мы выразна бачым яго партрэт: жоўтыя мыліцы, пасечаны асколкамі шынель, пілотка, якая прыкрывае русы чуб, далоні ў мазалях ад зброі і мыліцаў. Першыя тры санеты вянка  — апісанні таго, што бачыць герой на сваім шляху: разбітыя танкі і гарматы, абгарэлыя коміны, чужыя гарады, прырода з яе адчайным супраціўленнем усеагульнаму разбурэнню. Гэтыя карціны дапаўняюцца раўнамерным стукам мыліц, якія аўтар параўноўвае з птушкамі, каб перадаць вялікае жаданне салдата хутчэй вярнуцца дадому: «І мыліцы званчэюць дзень пры дні. // Дадому! Паспрабуй іх дагані!» Апісваючы рэальную сітуацыю, пісьменнік паказвае асобныя моманты жыцця як моманты вялікай гісторыі. Паэтычны роздум ад знаёмага накіроўваецца ў рэчышча разваг пра будучыню пакалення пераможцаў, іх нашчадкаў і лёс Айчыны: «Трывожыўся ён толькі аб адным: // Каму заваяваў ён жыць правы», «А хто ён той, што без яго падрос?»

У плынь аповеду ўключаны вобразы блізкіх людзей і карціны родных краявідаў. Твор паказвае рэчаіснасць не ў ружовых фарбах: разбурэнні, голад, жанчыны, якія цягнуць талакою плуг, малыя сіроты, якія стараюцца хутчэй падрасці на змену забітым бацькам… Маладому аўтару трэба было мець смеласць, каб апісваць непрыхарошанае жыццё. Гісторыя літаратуры падрабязна засведчыла, як цяжка прабівала сабе дарогу мастацкая праўда пра вайну. І ўсё ж твор атрымаўся светлым па настраёвасці, прасякнутым радасцю: «Абтросшы пыл Еўропы з шыняля, // Пусціўшы мірны тытунёвы дым, // З плячэй пагоны зняўшы назусім, // Салдат адзначыў: дыхае зямля». Асабліва вылучаецца ў гэтых адносінах трынаццаты санет, дзе апісваецца сустрэча героя з дзяўчынай-суседкай. Гэты верш  — сапраўдны гімн жыццю і маладосці: «А з яблынь асыпаўся першацвет,  // І перад сонцам, што заўсёды насцеж, // Як прад вянцом, стаяў вясновы свет, // Каб заручыцца з радасцю і шчасцем».

Абодва вянкі санетаў А. Сербантовіча ўяўляюць сабой класічныя ўзоры жанру. У вянку «Курганы» аўтар выкарыстаў французскую форму санета, у вянку «Салдат» — англійскую з трыма катрэнамі і заключным двухрадкоўем, амаль не парушаючы класічныя каноны. Пра англійскую форму санета, або, як яе яшчэ называюць, шэкспіраўскі санет, варта сказаць асобна. Яна хоць і выкарыстоўваецца ў еўрапейскай паэзіі ўжо не адно стагоддзе, па папулярнасці значна саступае санету італьянскаму і французскаму. Беларуская паэзія выключэннем не  стала. Але шэкспіраўскі санет знайшоў у нашай літаратуры сваіх прыхільнікаў. А. Сербантовіч — адзін з іх. Ён выкарыстаў англійскую форму не толькі ў вянку, але і ў некаторых асобных вершах.

Вянкі яскрава засведчылі вялікія поспехі ў творчай эвалюцыі маладога аўтара і значныя зрухі, якія адбываліся ва ўсёй беларускай літаратуры. Нездарма В. Бечык заўважыў, што «выкарыстанне “культываваных” лірычных форм гаворыць аб узрастанні агульнай творчай культуры ў нашай паэзіі».

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва сярод дакументаў асабістага фонду А. Сербантовіча захоўваецца блакнот з запісамі творчага характару. У ім мы знаходзім сведчанне, што паэт выношваў задуму напісаць вянок вянкоў санетаў — твор пра трагічны чалавечы лёс, імклівасць веку, няўдалае каханне, пошукі сябе… Галоўная ідэя — «чалавек без роднай зямлі нішто», «шчасце нельга стварыць намаганнямі аднаго». На жаль, гэтым смелым планам было не суджана рэалізавацца. Мару пра беларускі вянок вянкоў санетаў ажыццявіў З. Марозаў, які ў 1990 годзе завяршыў работу над творам «Апакаліпсіс душы» і прысвяціў яго А. Сербантовічу. Пазней яго шлях паўтарылі (і неаднойчы!) С. Шах і М. Віняцкі.

Першыя беларускія вянкі санетаў напісаны каля пяцідзесяці гадоў назад. Сёння, нягледзячы на адносна кароткі тэрмін бытавання гэтай складанай формы ў нашай паэзіі, можна гаварыць пра актыўнае развіццё адметнай нацыянальнай традыцыі. У шэрагу яе пачынальнікаў — і А. Сербантовіч, чые творы па-ранейшаму чытаюцца з цікавасцю і запрашаюць да роздуму.

Інеса Баўтрэль

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 6459 раз