Воскресенье, 28 11 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Святы агонь памяці

  • Воскресенье, 14 июня 2020 14:43

Мінскае выдавецтва «Каўчэг» выпусціла ў свет вельмі багатую на сустрэчы з рознымі героямі кнігу эсэ, партрэтаў, роздумаў «Бязмежжа памяці». Аўтар – вядомы беларускі пісьменнік Васіль Жуковіч.

У зборніку мастацкай публіцыстыкі літаратар выступае з тэкстамі, матэрыяламі рознажанравымі, напісанымі на працягу многіх гадоў. Адкрываецца кніга трыпціхам «Сузор’я сусветнага зоркі», які прысвечаны тром постацям – народнаму песняру Беларусі Янку Купалу, класіку ўкраінскай літаратуры Тарасу Шаўчэнку, генію беларускай і польскай паэзіі Адаму Міцкевічу. На старонках зборніка чытача чакаюць сустрэчы з Кастусём Каліноўскім, Максімам Багдановічам, Якубам Коласам, Кузьмою Чорным. Васіль Жуковіч знаходзіць тыя словы, тыя адметнасці, якія робяць яго матэрыялы пра легендарных постацяў беларускай гісторыі арыгінальнымі, вартымі ўвагі. Хаця, зразумела, і пра Каліноўскага, і пра Багдановіча, і пра іншых згаданых персанажаў напісана гэтулькі, што шэраговаму чытачу ўсё засвоіць і не пад сілу. А вось мастацка-публіцыстычныя тэксы Васіля Жуковіча раю не абмінуць нікому, каго цікавіць лёс беларускай культуры ў рэтраспектыве, для каго клопат пра лёс Беларусі не з’яўляецца пустым гукам. Праўда, улічыце пры гэтым, што   наклад кнігі ўсяго толькі 99 асобнікаў і спяшайцеся яе знайсці. Мне асабіста ўдалося зрабіць гэта ў кнігарні «Акадэмкніга».

А большасць артыкулаў, эсэ, нарысаў зборніка «Бязмежжа памяці» – пра людзей, якія былі добра знаёмыя Васілю Жуковічу. Як, напрыклад, і ў нарысе «Пакутнік XX стагоддзя» – пра Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пяюна (1906 – 1994). Ледзьве ці не з першых радкоў аўтар дае характарыстыку гэтаму чалавеку, вылучае галоўнае, пра што далей выкладзе болей падрабязна: «Таленавіты – значыць небяспечны» – узгадаўся дарэчы радок з верша Жэні Янішчыц. Менавіта небяспечным бачыўся Сяргей Новік-Пяюн як белапольскаму і нямецка-фашысцкаму, так і сталінскаму рэжымам, якія надоўга вырывалі з рук творцы пяро і пэндзлік, скрыпку і ноты, пазбаўлялі самага дарагога – свабоды, адрывалі ад роднай старонкі, перарывалі сувязь з выдаўцамі і чытачамі, са школаю і сцэнаю, з усім беларускім асяроддзем, з крыніцамі духоўнасці, не давалі на ўсю моц разгарнуцца шматграннаму таленту, стараліся зламаць маральна, знішчыць фізічна. Гады ягоных зняволенняў склалі больш чым усё жыццё Максіма Багдановіча…»

Нарысы, эсэ пра Фёдара Янкоўскага, Ніла Гілевіча, Валянціну Коўтун, Генрыха Далідовіча, Міхася Казлоўскага, Уладзіміра Содаля, Міхаіла Фінберга, Эдуарда Зарыцкага, Яўгенію Янішчыц, Ніну Мацяш, Янку Брыля, Фелікса Баторына, Валерыя Стралко, Тамару Чабан, Яраслава Пархуту і шмат яшчэ каго ўражваюць дэталізацыяй, выключна асабістымі ўражаннямі ад сустрэч ці з гэтымі асобамі ці іх кнігамі, іх творчасцю. Праз расповед пра пісьменнікаў, перакладчыкаў, кампазітараў, проста цікавых аўтару кнігі «Бязмежжа памяці» людзей паўстае шырокі, сапраўды бязмежны свет Васіля Жуковіча.

Многія старонкі кнігі таленавітага мастака слова так ці іначай звязаны з яго ўкраінскімі зацікаўленнямі, яго ўвагай да ўкраінскай паэзіі. На старонках зборніка мы сустракаем імёны Тараса Шаўчэнкі, Валерыя Стралко, Рамана Лубкіўскага, Дзмітро Белауса.

Лейтматывам кнігі мне бачацца і такія словы Васіля Жуковіча з артыкула «Як  шануем і ўвекавечваем памяць?»: «… Стаўленне да памяці знакамітых – ці не першы паказчык узроўню культуры. Узвядзём жа культуру ў культ!..» Відаць, болей нічога і дадаваць не трэба, акрамя як павіншаваць Васіля Жуковіча і выдавецтва «Каўчэг» з выдатнай кнігай мастацкай публіцыстыкі, напоўненай светласці, шчырасці, сапраўднасці, кнігай, якая павінна заняць вартае месца ў бібліятэцы беларускай культуры.

Мікола Раўнапольскі

Прочитано 5543 раз