Арцём Лонскі нарадзіўся 1 лістапада 2000 года ў Міёрах.
«Вучуся ў ВДУ імя Машэрава, вывучаю беларускую філалогію, лайдачу, пішу і перакладаю вершыкі. Часам не толькі вершыкі. Усё жыццё марыў пісаць так, каб падабалася сабе самому. Тут, здаецца, крышку атрымалася».
Нервовыя канчаткі
***
мае валасы — касмічная пупавіна,
праз якую перхаццю —
аскепкамі зор —
напаўняецца голаў
і выцясняюцца
нязграбна сфармуляваныя
думкі пра цябе.
толькі паперу
паспявай падстаўляць.
у валасах нервовыя канчаткі
маіх часта адсутных рыфм.
валасамі — карэннямі мозгу —
запомню кожную зморшчынку
тваіх часта адсутных рук.
за валасамі хаваю вошак
лютай роспачы, шчасця,
прыхільнасці/непрыхільнасці
да цябе,
да сябе,
валасоў
і да цэн
у бліжэйшых цырульнях.
***
гэта пакрытая поўсцю скура,
у якой мне так цесна,
аднойчы мне надакучыць.
я парву,
перарэжу ўнутры сябе Нешта,
якое яе трымае.
першымі пакрысе
пачнуць пакрывацца пер’ем
лапы і вушы.
спачатку буду саромецца,
галіць, выраваць
закрываць валасамі.
з часам на гэта забуду,
пачну заўважаць у горадзе
ўсё больш птушак.
з часам маё мядзведжае цела
паменшыцца
да птушыных памераў.
з часам выпадуць іклы,
вусны мае зацвярдзеюць
і выцягнуцца ў дзюбу.
з часам замест мяккіх рыкаў
пачну цвёрда й упэўнена
шчабятаць.
а калі атрафіруюцца пальцы
і лапы ператворацца ў крылы,
я злятаць не буду
з гэтага выраю,
хай і птушкі тут
ледзь не ўсе
лічаць, што яны вымерлі.
***
Я чытаў зборнік Рэмбо ў перакладзе А. Хадановіча перад сном і, ужо спаць кладучыся, паклаў яго проста на стол вокладкай уніз.
Раніцай, робячы каву, заўважыў, як з кніжкі вылазіць маленечкі таракашка;
адгарнуў і рэзка закрыў: дванаццаць-пятнаццаць дробненькіх вусякоў акупавалі мне ўсю старонку.
Два з іх закрывалі лічбу накладу, яшчэ двух цікавіла прозвішча выдаўца, астатнім жа да тэксту не было справы.
Я расціснуў іх вокладкай, змёў маленькія цельцы і выцер плямы.
Праз нейкі час яны ўлезлі ў зборнік Купалы, папсавалі мне выданне Ўітмэна, кніжку Ўайлда.
І калі я прыйшоў на сустрэчу з перакладчыцай Ўітмэна і папрасіў падпісаць сабе кніжку,
яна ўбачыла плямы і спытала, ці не грызу я пальцы, пакуль чытаю.
Я сказаў, што гэта ад тараканаў; ёй здалося, што гэта міла; мне здалося, што гэта міла.