Сёлетні студзень – 70-годдзе з дня нараджэння Міколы КАЛІНКОВІЧА, пісьменніка, краязнаўца, кандыдата юрыдычных навук (15. 01. 1951 – 24. 07. 1990), які нарадзіўся на Берасцейшчыне, у Лунінецкім раёне. Так склалася, што частку свайго жыцця ён правёў за межамі Беларусі. У Туркменістане, Расіі, Грузіі. У Лунінцы ёсць вуліца Калінковіча. Яму ўсталяваны ў палескім гарадку бюст.
Але і жывучы за межамі Беларусі, пісьменнік сябраваў з беларускімі літаратарамі, журналістамі. Часта ліставаўся. Пры наведванні роднай старонкі сустракаўся. Сярод сяброў, добрых знаёмых Міколы Калінковіча – Генадзь Каханоўскі, Віталь Скалабан, Віктар Супрунчук, Алесь Марціновіч, Алесь Гаўрон, Павел Жукаў, Уладзіслаў Рубанаў, які, дарэчы, вывеў Міколу як знакавага персанажа, у адным са сваіх раманаў, Васіль Ткачоў, Дзмітрый Песлякоў…
А ў юбілей пісьменніка, аўтара кніг “Лунінец”, “Палсекія дні Аляксандра Блока” і іншых твораў, паэт Віктар ШНІП напісаў “Баладу Міколы Калінковіча”, якую мы і прапануем ўвазе чытачоў “Созвучия”.
Сяргей Шычко
БАЛАДА МІКОЛЫ КАЛІНКОВІЧА
(15.01.1951—24.07.1990)
Ізноў бацькі прысніліся і вёска Цна.
Ідзеш, як па зялёным моры, па траве.
І жаўрукамі над табой звініць вясна,
І голуб, ці пісьмо табе, ляціць-плыве
Высока так, што, не ўзляцеўшы, не дастаць,
І ты ўзлятаеш, прачынаешся ізноў.
А за вакном спіць Ашхабад, вятры шумяць
І зоры, нібы водбліскі чужых агнёў.
Да ўсходу сонца пішаш пра бацькоўскі край,
Які цяпер, як сонца, што заўжды з табой.
І Лунінеччыны зямля— твой вечны рай,
Куды табе вярнуцца жніўнаю парой.
“Я вырас тут, і край мне гэты дарагі…”—
Нібы малітву паўтараеш, і жывеш
У тым, што напісаў… На поплаве стагі
Стаяць, як вежы. Ты ідзеш да родных веж,
З якіх глыбока бачыш тое, што было
І новы дзень, дзе ёсць краіна, для якой
І ты таксама жыў, і нітаваў святло,
Што сонцам хутка стала і жывой вадой.
Ізноў сябры прысніліся і вёска Цна.
І птушкі ў небе ўсё лятуць і ўсё лятуць,
Бо ведаюць, што ў Беларусі ўжо вясна,
Іх там заўжды чакаюць, любяць, берагуць…
16.01.2021