Четверг, 21 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Глеб Ганчароў. «Прадчуванне мовы». Вершы

  • Понедельник, 09 августа 2021 18:35

Ганчароў Глеб Уладзiмiравiч нарадзiўся 23 верасня 1965 года ў горадзе Мiнску. Скончыў iнжынерна-фiзiчны факультэт Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута (1988) i гаспадарча-прававы факультэт Беларускага iнстытута правазнаўства (1999). Аўтар рамана ў вершах «Каятан Чабор», паэм «Анёл Януш», «Цвет нiкацiяны», «Гiпербарэйская легенда», аповесцей, апавяданняў, вершаў, шматлiкiх п’ес, якiя ставяцца ў тэатрах Беларусi, Украiны, Лiтвы, Польшчы, Латвii, Чэхii.

Уладальнік гран-пры літаратурнага конкурсу «Мінск – горад майго лёсу» выдавецтва «Чатыры чвэрці» (2017), першай прэміі Літаратурнага конкурсу «Скарынавай душой узлашчанае слова» Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (2017) i конкурсу лiтаратурных бiяграфiй «Слаўная кампанiя: рэANIMAцыя», Лаўрэат Нацыянальнай прэмii Дзяржавы Iзраiль за паэму «Анёл Януш» (2018).

 

ПРАДЧУВАННЕ МОВЫ

 

Не вер, што час беспаваротны!
Глядзi, падобна гвяздару,
Як лiвень з лужыны вiльготна
Падняўся хмарай угару; 

Як флейты спеўнае начынне
Ператвараецца ў сцябло;
Як выяўляецца ў мужчыне
Дзiцяцi мудрае чало; 

Як перад адчуваннем слова
Свет нараджаецца спярша;
Як з думкi вынiкае мова,
I пазнае сябе душа.

 

***

 

Мы раставалі пакрысе,
Нібы знікаюць рэчы ў доме.
I выцякалі думкі ўсе
Скрозь асцярожнае бяссонне. 

Праз млявую знямогу цел,
Распластаваных пустатою,
За вокнамі цвыркун рыпеў,
Што ўсё дарэмнае, пустое... 

Мы задыхаліся ад крыўд,
Гадзіннік стрэлкамі варочаў,
I разганяў брынклівы ліфт
Ліхтарны прыцемак паўночны. 

А ў заваконні зноў і зноў
Цвыркун пад маскай невідзімкі
Iграў нам нешта пра любоў
I пра дарэмныя абдымкі.

 

ВОСЕНЬ У ГОРАДНI

 

Зазiмкам мроiў старажытны горад,
Русалачка сядзела ля вады,
I праз вякi лiцвiнскага гумору
Да прышласцi цягнулiся сляды. 

Лагодна кiрлi над рачною нiвай
Палац хавалi, быццам Эльсiнор.
Муры сiвыя строгасцю маўклiвай
Падзенню пацвярджалi прыгавор. 

Гучалi рэхам вузкiя правулкi,
Як водблiскамi шкленнi лiхтара,
З мiнулага даходзiў грукат гулкi
Вялiкасцi кароны i двара. 

Драбнiлiся ў вiрах бурлiвых зоры,
Iзноў праменнем пырскалi з вiроў,
I прылятаў асеннi вецер з мора
Ў свет лодак ды iмклiвых кацяроў. 

Мiгцелi цэрквы колерам фасадаў,
Гучаў арган натолена, калi
Да неба з самацвецця лiстапада
Цягнулася шыпшына на галлi. 

А ў самым цэнтры вецер у гарэлкi
Гуляў з лiстотай шпарка на рагу,
Дзе жаба-падарожнiца з вандзэлкам
Чакала пералётную чаргу. 

 

***

 

Мастак намаляваў ступнi Хрыста,
Прапахлыя сухiм пяском i кроўю,
I рушыўся туды, дзе пустата,
Да ўяленага думкай узгалоўя. 

Жароўня астывала. Шэры прах
Успыхваў ледзь, i ў водблiску навекi
Мiгцеў агонь нягаснуты ў вачах
I расчыняў нябожчыку павекi. 

Шашковы пэндзаль, што падоўжыў кiсць,
Плоць маляваў – бялявую, як перлы:
Халодную. I ўсё. I ўся карысць.
Вось лёд жывы i вось агонь памерлы. 

 

***

 

Душа мая не сатанела

Ў жыццёвай цемры анiяк,

I мне святло ў канцы тунэля

Было, нiбы бяссмерця знак.

 

Аб смерцi думаў я нячаста

I трацiў сэрца, як мантач.

А непазбежныя няшчасцi

Былi адбiткамi няўдач.

 

Я знаў, што некалi з наскоку

Парвецца вышытая гладзь,

Душа памкнецца да вытоку

I не пакiне iснаваць.

 

Так злiцца з iм душа хацела

Па-над прасторамi быцця!

Нашто мне збродлiвае цела?

Яна пануе, а не я!

 

Ёй не абняць дзяцей, з сябрамi

Не выпiць i жанчын не мець,

А плоцi – гнiць у золкай яме.

Дык хiба жыць лягчэй за смерць?

 

Я чую: – Хопiць, пустамеля!

Твае спынiлiся гады... –

I блiск святла ў канцы тунэля,

Дзе я пагасну назаўжды.

 

 

***

 

Вось стол і стул – прыстанак для нуды,

А побач – ашуканства і аблуда.

Як шмат было прадбачанай бяды

I мала непрадбачанага цуду!

 

Так часта ты піжоніш словам «Бог»,

Што стала, быццам высахлая Прыпяць.

А я любіў цябе – любіў, як мог,

За права жыць і нават ненавідзець,

 

За дабрабыт, які прайшоў крадком,

За лёс радзімы двухбаковавостры,

За тое, што па цемю цесаком,

I за шляхоў падманлівую ростань,

 

За права глум і лаянку стрываць,

За ненадзейны будучы набытак,

За тое, што ты можаш забіваць

I забываць бязлітасна забітых.

 

 

ЭЛЕГIЯ МАКСIМУ БАГДАНОВIЧУ

 

Хіба ў свеце калісьці была любата?

Тая, што без вынятка – і толькі –

Акрывалася ўстрыманым імем Хрыста

Без сумневу, карысці і толку.

Устаялася ўжо павятовая глуш,

Ля штыкетаў цвіла біручына,

Прымінаючы выцерты коўдравы плюш,

Знемагала ў чаканні дзяўчына.

 

Ці то «Нашае нівы» памяты лісток,

Ці то сум дэкадэнцкі і, нават,

Далятае з-за поля гняўлiвы свісток

Паравознага баса-актавы.

I чамусьці карціць безупынна руцэ

Ў падарожныя ўставіць запіскі:

«Назаўсёды бывай, Яраслаўскі ліцэй,

Пестуны, сябрукі, гімназісткі!»

 

Захад сонца, спалоханы выгук савы,

Сад у прыцемку, надаўбень косы,

Ды абвітыя кольцам наўкол галавы

Залаціста-янтарныя косы.

Успамін пра каханне цяжэйшы ўдвайне –

Так на глыбу грувасцяцца глыбы;

На замшэлай, счарнелай, з бярвення сцяне

Адліваюць вясёлкаю шыбы.

 

I на год узбіраецца сёлетні год,

Быццам па шчупаковым казанні!

Мо ў Казань уцячы ад юнацкіх нягод?

Ды каму ты патрэбны ў Казані,

Бо раптоўна душу засушыў сухадол?

Як пазбавіцца той закабуні?

Адшумеў паміж дрэў веранічын падол –

Так заканчваў аповеды Бунін.

 

Мусіць, час надышоў, каб на памяць дзяўбці

Дзён мінулых і прагных прыкметы:

Гэта бэз адзічэлы ў апалым лісці,

Гэта гронкі чаромхі, і гэта –

У глухім закавулку, дзе ціша вакол,

Узлятае да згубленых зорак

Закарэлы, патрэсканы ліпавы ствол,

На якім распісаўся сцізорык.

 

Застаецца нарэшце адправіцца ў Крым,

Каб сухотам адчайна даць рады.

Ты навошта сумуеш сабе, пілігрым?

Без патрэбы малітвы, абрады...

Што маліцца? Мо лепей накрэмзаць пісьмо –

Не забыць толькі марку наклеіць! –

I тады яно дойдзе да Бога само

Пакаяннем аб цёмных алеях.

Прочитано 409 раз