Четверг, 28 05 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Любоў Турбіна: Ашхабад трымаю ў памяці

  • Вторник, 12 ноября 2019 20:30

Любоў Турбіна нарадзілася ў Ашхабадзе ў 1942 годзе. У Каракумскі край Туркменістана яе сям’я трапіла ў час Вялікай Айчыннай вайны. У хуткім часе пасля нараджэння дзяўчынкі Турбіны вярнуліся ў Расію. Пасля быў Мінск, дзе прабеглі школьныя гады, юнацтва, час студэнцтва. У Беларусі адбылося і станаўленне будучай пісьменніцы. Як паэтэсы, як літаратуразнаўцы. 

Некаторы час вядомая руская паэтэса і празаік Любоў Турбіна працавала ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Займалася вывучэннем повязяў беларускай літаратуры з азербайджанскай, туркменскай і ўзбекскай літаратурамі. Цяпер Любоў Мікалаеўна жыве ў Маскве, працуе ў Інстытуце сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук. З пісьменніцай і літаратуразнаўцам — наша размова пра повязі беларускага прыгожага пісьменства з цюркамоўным светам.

— Любоў Мікалаеўна, калі вы адкрылі для сябе тэму «Кантакты Беларусі з цюркамоўнымі літаратурамі»?

— Прызнацца, тэма «Сувязі беларускай літаратуры з цюркамоўнымі літаратурамі СССР» у Інстытут імя Янкі Купалы была «спушчана зверху» якраз тады, калі я скончыла Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага. Я сама напрасілася на гэты клопат. Бо генетычна трымала ў памяці сваё нараджэнне ў сталіцы Туркменістана.

— Ці займаліся такой альбо блізкай тэмай раней?

— Моў усходніх ніхто не ведаў. У гэтым  — прычына. І, адпаведна, да мяне ніхто цюркамоўнымі літаратурамі не займаўся. Літаратурныя сувязі з рэспублікамі Каўказа, Сярэдняй Азіі складваліся за кошт стасункаў паэтаў, празаікаў, якія шмат куды ездзілі.

— Так, і я памятаю, што ў 1980-я гады мне расказвалі туркменскія пісьменнікі пра сустрэчы з беларускімі паэтамі ў Каракумскім краі ў розныя дзесяцігоддзі — пра Алеся Адамовіча (распавёў Какалы Бердыеў), Алеся Жука і Міколу Калінковіча (Керым Курбанняпесаў), Любоў Філімонаву (Курбан Чаліеў)…

— Вось яны і ездзілі ў творчыя камандзіроўкі, на розныя фестывалі. І прывозілі з далёкіх старонак цікавыя ўражанні — у вершах, апавяданнях, нарысах… Так, у Рыгора Барадуліна быў нарыс «Браты па агню». Шмат чаго якраз і даведалася з гэтага тэксту. Шукала і іншыя крыніцы…

— Чаму ў якасці разгалінаванняў вашых даследчыцкіх кірункаў былі абраны менавіта туркменская, азербайджанская і ўзбекская літаратуры? Ці не было жадання звярнуць увагу на турэцкую літаратуру?

— Спачатку я хацела заняцца туркменскай мовай і пачаць менавіта з яе вывучэння. Але не знайшла настаўнікаў. Затое быў знаёмы яшчэ па інстытуце фізікі, дзе была на практыцы, пакуль вучылася ў Белдзяржуніверсітэце. Азербайджанскі камуніст… На той час ён быў абязножаны і знаходзіўся дома. Але розумам — надзіва дзеяздольны. І сам прапанаваў мне займацца. Нават не за грошы — проста вельмі сумаваў па роднай мове. А яшчэ прачытала пра азербайджанскую мову, што ў XIX стагоддзі яна была падобная на французскую. Універсальная і вельмі прыдатная на практыцы. Пасля мне даслалі падручнік туркменскай мовы. І ўжо па ім Давуд Шчэрбаб стаў вучыць мяне туркменскай мове.

— Яны вельмі блізкія — туркменская і азербайджанская... Неяк на кніжнай выстаўцы ў Мінску мы з азербайджанскім паэтам Чынгізам Алі аглу гарталі туркменскі часопіс. Здаецца, «Дунья эдэбіяты» — «Сусветную літаратуру». Чынгіз-ага ўсё спакойна перакладаў…

— І мне гэта таксама адкрылася адразу. У сакавіку 1986-га паехала ў Баку для вывучэння азербайджанскай мовы ажно на тры месяцы. Так планавалася... Але жыццё распарадзілася іначай. Грымнуў Чарнобыль. І я вярнулася ў Мінск, да сям’і.

— Для даследавання тэмы вы ўсур’ёз узяліся за асваенне азербайджанскай мовы. Цікавіла вас і туркменская... Наколькі паспяхова ў гэтым засваенні прасоўваліся? Ці перакладалі азербайджанскую паэзію?

— Вершы я пішу на рускай мове. І, адпаведна, вершы азербайджанскіх паэтаў перакладала на рускую. Перш-наперш — творы Вагіфа Самедаглы, сына Самеда Вургуна, які быў яшчэ і музыкантам. Мае пераклады яго вершаў змясціў мінскі часопіс «Всем ирная литература». Здаецца, напрыканцы 1999 года. Былі і іншыя пераклады, але яны не друкаваліся… З туркменскіх паэтаў шмат перакладала з паэзіі Атамурада Атабаева…

— Дарэчы, народны паэт Туркменістана Атамурад Атабаеў — перакладчык і беларуса Алеся Бадака… Яны сустракаліся ў Ашхабадзе.

— Не ведала пра гэта. Вершы Атамурада Атабаева друкаваліся ў маіх перакладах на рускую мову ў ашхабадскім часопісе «Юность»…

— Двухмоўнае выданне. Туркменская версія — «Яшлык». У часопісе выступала і беларуская даследчыца, пісьменніца Любоў Філімонава.

— Ёсць у мяне і вершы, прысвечаныя Атамураду Атабаеву…

— Якія публікацыі сталі вынікам вашых даследаванняў адносна повязяў беларускай літаратуры з цюркамоўнымі літаратурамі?

— Былі надрукаваны два грунтоўныя артыкулы — «Беларуска-азербайджанскія літаратурныя сувязі савецкага перыяду» і «Беларуска-ўзбекскія літаратурныя сувязі». Яны выйшлі ў «Докладах АН БССР».

— З 2001 года вы ў Маскве. Працуеце ў Інстытуце сусветнай літаратуры Расійскай Акадэміі навук. Ці сочыце за развіццём міжнародных стасункаў беларускай літаратуры?

— Асаблівую цікавасць па-ранейшаму выклікаюць повязі беларускай літаратуры з усходнімі літаратурамі. У мяне ёсць многія выданні, якія пабачылі свет у апошнія гады. Спадзяюся на новыя здабыткі ў гэтым кірунку. Мажліва, нешта і сама яшчэ перакладу з туркменскай, азербайджанскай, узбекскай літаратур.

 

Гутарыў Кастусь Ладуцька

 

Любоў Турбіна

***

Дажджы ў Ашхабадзе — прыродзе наўздзіў,

Пустыня — і раптам залева!

…Адзіны той край, што цябе нарадзіў,

Адно — радаводнае дрэва.

Сухімі пяскамі карміла вайна

Той горад любові, няйначай!

А ў кожнага маці таксама адна:

Замоўкне — і раптам заплача…

 

АШХАБАД

Як хмара, навіс над краінай той год,

З якога мой лёс пачынаў свой узлёт.

Спякота, нястачы і мноства нягод,

Здалёку гучалі грымоты,

А сэрцы сціскаліся ўпотай.

І нас, немаўлят, сілкавалі тады

Прыроды дарункі, лагода вады,

Матулін пяшчотны пагляд малады.

І хлебны паёк ледзь набыты

Усіх ратаваў ад нябыту.

Ды здані расталі часінаў ліхіх…

Яны — цяпер вехі ў блуканнях маіх.

Ды бляск азіяцкі тых зор залатых

І сёння чароўны, панадны

Над родным маім Ашхабадам.

 

***

Шмат новых людзей з незнаёмых мясцін

Сустрэлі — гасцінных і шчырых…

Праводзіны скрозь, дзіўны вэрхал адзін —

 Прабач, кліча зноў мяне вырай.

Будзённасць з каханнем не сумясціць.

Качэўніца вечная, рада,

Што ў вершах маіх неўтаймоўна бурліць

 Вандроўная кроў Ашхабада.

Няўмольна гады ўсё ж вядуць свой адлік —

Магчыма, пара мне вяртацца

Туды, дзе сінеецца ціхі арык,

Каб там з мітуснёй развітацца.

Ды ў цьмяных глыбінях шалеюць віры,

Расстанне пустэчаю зеўрыць.

Відаць, нам адно застаецца, сябры:

Трываць, спадзявацца і верыць.

 

***

У Краснаводску — зор шацёр

Над скверыкам сіроцкім,

І ноч усю марскі дазор

Не спаў у Краснаводску.

А з гор спрадвечны сум спаўзаў,

Ты быў пяшчотна-бестурботны,

З упартасцю не заўважаў

Маёй сумоты.

Мы елі дыню — райскі плод

З самой пустыні.

Там, дзе ў Эдэм быў уваход,

Мы елі дыню.

Ладдзёй Харона — ў небыццё,

Зваротнага няма парома…

Ратуючы сваё жыццё,

Мы беглі ад Харона.

Пераклад з рускай мовы Янкі Лайкова

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 334 раз