Вторник, 04 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Нгуен Тхі Туі Лінь. В’етнам. Вершы ў перакладзе Таццяны Сівец          

  • Понедельник, 06 июля 2020 10:46

Знаёмцесяувазе беларускага чытача прадстаўлены вершы в'етнамскай паэтэсы Нгуен Тхі Туі Лінь. Па-англійску яе імя выглядае настпуным чынам: Nguyễn Thị Thùy Linh. Маладая в’етнамская паэтэса і перакладчыца. Нарадзілася ў 1991 годзе. Жыве ў горадзе Хайфон. Атрымала ступень бакалаўра эканомікі ў Ханойскім нацыянальным эканамічным універсітэце. Мае літаратурныя прэміі і ўзнагароды. Перакладала на в’етнамскую і апублікавала ў нацыянальным друку прадстаўнікоў арабскай, англійскай, турэцкай, сербскай, шведскай, індыйскай, узбекскай ды іншых літаратур.  

Перакладчыкам на беларускую мову твораў маладой в’етнамскай паэтэсы выступіла член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Сівец, якую беларускі чытач добра ведае па кнізе «Разняволенасць», іншых публікацыях у літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Таццяна Сівец – вопытны перакладчык. Яна пераўвасобіла на беларускую мову творы азербайджанскай паэтэсы Лейлы Аліевай, шмат намаганняў прыклала да выдання ў Беларусі анталогіі азербайджанскай паэзіі XX стагоддзя. Таццяна Сівец – перакладчык ладнай часткі вершаў рускага паэта Валерыя Казакова ў яго кнізе «Флейта травы», якая пабачыла свет у «Мастацкай літаратуры» ў 2020 годзе. 

Пераклады вершаў Нгуен Тхі Туі Лінь на беларускую мову – частка праграмы па стварэнні беларускай анталогіі сучаснай в’етнамскай паэзіі. Будзем спадзявацца, што в’етнамцы адкажуць узаемнасцю – і ў далёкай азіяцкай краіне пабачаць свет новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў на в’етнамскай мове.

 

Алесь Карлюкевіч

 

 

Нгуен Тхі Туі Лінь

 

На парозе свету

 

Пакуль што не ведаю хто я

Зялёная птушка з іскрынкамі сонца на крылах

Ці жвавая рыбка што ў хвалях зіхоткіх віруе?

Здзіўлёна на свет пазіраю

І прагну зямлі дакрануцца.

 

Мне подых займала

Чакала я часу свайго

Калі, бы пупышка

Адолею цішу

Сваім неспатольным маўчаннем.

Ці праўда

Яны неабсяжна падобныя паміж сабою?

Калі ж закрычу я

На момант суцішацца рэкі

Што плачуць па кожнае кроплі што выкінулася на бераг.

 

І там, на халодным пяску

Дзе даўкія хвалі сплываюць

Бы з вей маіх слёзы

Пакіну я гэтае цела

Пайду дрыжучы

Да гэтай цнатлівай зямлі

Там стануся кветкай

І кроў на пялёстках маіх

Пазначыць

Маё ўратаванне.

 

 

Калі ты мне сказаў, што кахаеш

 

Свет страціць мову не вымавіць ані слова

Ноч гэтым часам забудзецца пра цямрэчу

Толькі свечкі палацьмуць аддана

І я разам з воскам растану

Стану святлом у хаце

Вокны твару свайго закладу каменнем

Замест даху – мая самота

Недзе плача галоднае кацяня

А кветкі ў руках маіх болей не дыхаюць

(я прашу цябе хай бы яны раслі

чым вось так паміраць за каханне)

Зрэшты, я не кропля празрыстай расы

Каб пакласці мяне на пялёсткі

І па лесе даверу я буду хадзіць без сякеры

Пакінь жа

Усё што не моўлена ціхім.

 

Твае пацалункі святою вадой акрапляюць

І я пачуваюся поўняй што хмары схавалі

Ад гэтых пачуццяў у свету дыханне займае

Мне хочацца мушкаю стацца

Кахацца без жалю і вершаў       

Каб незакаханым не плакаць

Каб цемра наўкола не стала цямнейшай ад жарсці

Мы свечкі патушым і кветкі паставім у вазу!

 

Шкада што не зможа нязменным застацца нічога

Таму я лісцінкаю мятнаю падаю ў твае рукі… 

 

 

Маленькая Ла Ла

 

Маленькая Ла Ла ператварылася ў матылька

На зямлі пабачыла столькі кветак

Кветкавы сок становіцца белым ранкам

Водар салодкі на крылах буслоў сплывае

 

Маленькая Ла Ла ператварылася ў матылька

Абдымае пяшчотныя зёлкі кроплямі-росамі

Слухае як спяваюць з усходу птушкі

У званочкаў вучыцца Ла Ла смяяцца і плакаць

 

Маленькая Ла Ла ператварылася ў матылька

За вейкамі восені будзе хавацца з часам

А пакуль яны з ветрам найлепшыя сябрукі

Тут я! Лаві мяне…

 

Пакойчык яе звужаецца да калыскі

Сівыя жанчыны паціху калыску гайдаюць

Ложак стары пагойдваецца, я таксама

Поўні святло закіпае на шклянках лекаў

 

Я бы малюнак цалкам пакрыты фарбай

Зерне ўва мне выспявае згінае голле

Вецер карэнне пускае на гэтых бальнічных сценах

Вецер спявае мне шал у ягоных словах:

Зоркі хаваюцца па падпахах лісця

Грудзі ўздымаюцца ў неба

Вантробы становяцца цэлым адзіным

Сэрцы сухія раптоўна трымцець пачынаюць

Рукі выпростваюць пальцы трымаюцца за паветра… 

 

 

Дзень далёкі ад свету

 

Я прачнулася нібы люстэрка-возера з ціхімі берагамі

Ува мне адбіваецца неба і трошкі Раю

Зоркі злятаюць проста ў мае далоні

Зоркі казычуць мяне сваімі пяціканцовымі крылцамі.

 

Святло тваё нада мною

Я чую водар

Роснае ружы што спакушае пчолаў

Я бачу як дзверы неба гасцей чакаюць…

 

Ды ўсё гэта мне здаецца

Я з жахам усведамляю

Што з горла зямлі

Не чуецца ані гуку

Свет на грудзях маіх ценем не адбіваецца

Вусны сухія нібыта пялёсткі ружаў

Захаду свечку ўвечары задзімаюць

Хмарная коўдра саслізгвае

Я з абдымкаў

Падаю проста ў вока свайго тайфуна

Цела маё становіцца незаўважным

Быццам бы зерне што ўсцяж мяне прарастае

Паглынае мяне пазбаўляе мяне надзеі

Перамагчы таго хто сэрца маё спыняе

 

Я да самага свайго дна не магу дацягнуцца болей

Я забыла дарогу дамоў і няма больш дому

Я на гэтай зямлі толькі госця з пустымі рукамі

Я плыву адзінокая ў чоўне

Да берага ды ніколі

Лотас душы маёй берага не пабачыць

Вецер мяне атуляе тваім дыханнем.

 

 

Успышка

 

След слязы на шчацэ

Нібы сонца пасля навальніцы

Позірк твой

Мне залоціць надзеямі шчокі

 

Натуральна

Мне трэба той бляск

Каб святочныя свечкі запальваць

Каб вышытым ружам

Подых жыцця падарыць

Прывітаць чалавека і кветку

Каб ім самыя безнадзейныя раны загойваць…

 

Ўсе жывыя істоты

Прагнуць адно аднаго

Нават хмаркі ў чароды збіраюцца

Безліч абліччаў кахання

 

 

 

Цуд

 

Ціха! Птушка з галінкі на іншую пераляцела

Вецер штодзень уплятаецца ў дрэва танюткія пальцы

 

Ціха! Дажджом узлятаюць да неба празрыстыя росы

І нараджаюцца кроплі дажджу ад такога кахання

 

Ціха! Яблык саспелы расплюшчвае сонныя вочы

Кветкі на ўзлеску стуліліся на світанні

 

Ціха! Паслухай як штосьці трапечацца пад зямлёю

Гэта дрэвы выпростваюць карані каб пабачыць сонца

 

Ціха! Воблака. Ціха! Пяшчынка. Ціха! Вось я

Прачынаюся каб пачацца.

 

 

Хараство супакою

 

Часам ты доўга маўчыш

Бы ўнутры акіяны

Поўныя слоў невыказных

Што ў сэрцы тваім патанулі

 

Быццам пунсовы карал

Побач з красуняй-жамчужніцай

Што ў маўчанні

Адно аднаго не даткнуцца

Іх не хвалюе прыліў

Хвалі хаваюць іх думкі

Сэрцы іх недзе там

У бяздоннай сінечы

 

Калі выйдзе ў эфір

Я не ведаю

Сінякрылая сойка

Пэўна тады

Калі вусны зямлі адамкнуцца

Калі кветку-лілею на грудзі

Неба ўскладзе сабе

На світанні. 

 

 

А гукі лунаюць

 

Срэбнаю ноччу

Два мурашы

Сутыкнуліся на павуцінцы

І ад майго дыхання

Яна калыхалася

 

Хто той мастак

Хто на чорнай паверхні ракі

Затрымаў зарапад і пялёсткі пяшчотныя кветак

Жабка не спіць адным вокам высочвае мушку

У маленькае птушкі расінкі на стомленых крыльцах

 

Музыка гэта ўва мне

Аздабляе малюнак чароўны

І бясконцаю колькасцю тактаў спявае пад скурай…

Прыроды гармонія як бязмоўная сутра

Я паўтараю імя сваё і валасы і цела…

Я аплакваю ўсіх жывых

Што народжваюцца каб памерці

Мы прывыклі быць разам

У кожным з наступных жыццяў

І да слёз шкадаваць і ад шчасця смяяцца разам

Бо душа мая прывязаная гэтак моцна да майго цела

Кроў сусвету знікае ў глыбокае плыні часу

Той хто не нарадзіўся

І знікнуць ніколі не зможа

 

Я Сусвет

Мой Сусвет мяне атуляе

Як і я яго

Унутры.

 

 

Кленчу я перад ветрам 

Ступаю па месяцы, ногі мае робяцца зыркімі ды халоднымі. У тварах вакол адчыняюцца сотні дзвярэй. Праз іх усё, што належыць не мне, выкідаецца ў рукі ветру. Цяпер ні крокаў маіх, ні слёз не чуваць. Толькі кветкі ціха ўсміхаюцца на руках маіх. Я згадваю ранішні боль. Я згадваю кроплю крыві, што ўпала на ліст зялёны, калі я пакалола палец, ды не спалохалася, проста руку адвяла. А ногі нясуць мяне далей. Пальцы бы яркія кветкі. Неба ў раку абярнулася. І я больш не разумею, іду я ці пад вадою плыву на месяцы. 

Ноч пранікае ў зямлю ўсё глыбей і глыбей, я кіруюся ў ранішні сад пакрыёма. Дрэвы схіляюць галіны, каб моцна абняць мяне. Чую, як б’юцца іх сэрцы пад ссохлай карою. Бачу, як вадкім святлом сцякае па іх жывіца. Ці гэта слёзы шчасця? Ногі мае ў расе ды зялёным лісці. Як тут ісці наперад? 

На парозе маўчання кленчу я перад ветрам, каб ён апусціў грахі мне – перад вясною, летам, восенню і зімою. Часам я выплываю з часу свайго ды прасторы. Удыхаю і выдыхаю глыбока. Ведаю, хутка цень часу накрые мяне з галавою. Ды я застануся цэлай. Вусны і цела маё рэагуюць на дотык ветру. 

 

 

Лесвіца

 

Паміж явай і сном ёсць лесвіца па якое

Мы ўздымаемся разам штовечар

Да вызначанага спаткання

Рукі твае як вецер

Абдымаюць мяне і цела

Быццам дрэва трымціць маё

Вогнішча хутка сягае вуснаў

Я прашу цябе разгайдай гэту лесвіцу

Станем маленькім домам

Жаўталісцем прысадаў вочы свае заплюшчым

На скрыжаванні вечным прасторы з часам

Дзе ніхто нас не знойдзе ніхто не пагрукае ў дзверы

Чэрава ночы хаваецца ў прыску цямрэчы

Кветкі самотныя хіляць галоўкі за шыбай

Водар узносіцца іх і залоцяцца гукі

Фарбы змяшаліся ў шэрым калейдаскопе

Дождж над страхою дзіраваю рукі раскінуў

Лісцік імкнецца вярнуцца да кінутае галінкі

Мы стварылі маленькі сусвет

Такі крохкі такі шчаслівы!

 

Мы спускаемся долу

Бы з краю сыходзім дзе колісь былі ўладарамі

Чамусьці хаваем вочы…

Становімся незнаёмцамі ў нашым звычайным свеце

Толькі твой пацалунак апошні нібы матылёк адлятае.

 

З в’етнамскай. Пераклад Таццяны Сівец

Прочитано 172 раз