Вторник, 19 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паэзія «ЛіМа». Настасся Нарэйка

***

Паварот залатога ключа.

Толькі дзверы ні з месца.

Чую словы твае

І вушам не паверу ані.

Ты гаворыш: «Патрэбна ламаць.

Што яшчэ застаецца?»

Ты гаворыш з сабой, не са мной.

Я жыву ў цішыні.

 

Ты злуешся, кідаеш ключы,

Потым лаешся злосна.

Ты спрабуеш налегчы на дзверы

Магутным плячом.

Я да болю дрыжу.

Мне то горка, то брыдка, то млосна.

Мілы мой! Дарагі!

Ты ізноў памыліўся з ключом…

 

Ты хацеў увайсці

У малое, нясмелае сэрца.

Ты каваў гэты ключ

Залаты. О, нашто залаты?!

Я прызнаюся. Хай.

Што яшчэ мне цяпер застаецца?

Медзь лістоты вазьмі для ключа

Ад маёй слепаты.

 

***

Сёння мы з табой

Памаўчым.

Проста памаўчым

Ні аб чым.

Проста лета зноў

Без прычын

Ціха адышло

На спачын.

Проста будзе восень

Яшчэ.

Золата з бяроз

Пацячэ.

А пакуль пра гэта

Маўчы!

Коцяцца мячы

Алычы…

 

***

Пры вераснёвым вогнішчы адвечным,

Што ў золата лістоту пераплавіць,

Алхімікам пабыць сярэднявечным,

Які адзіна чорта сёння славіць.

 

Хапаць з агню гарачыя манеты,

Хай на руках апёкі застаюцца!

Хай светы — запаветы — той і гэты

За бедную душу бяссільна б’юцца.

 

Накінуць капюшон. І мех звязаны.

І вогнішча згасае, як калісьці.

І ты — вар’ят шчаслівы, апантаны —

Не знаеш, што нясеш у торбе лісце.

 

***

Не пішацца дзённік,

Не пішуцца вершы.

Жыву прадчуваннем

Сляпой навальніцы.

І будзе мой дождж

Аглушальны, як першы.

І будуць грымоты,

Што пахнуць ігліцай.

 

І будзе маланка,

Што скосіць былое

Сярпом нечувана

Бліскучага срэбра.

І неба сплыве

На галовы смалою,

Гарачай, што раптам

Ліне, нібы з цэбра.

 

І кроў закіпіць,

І падымецца пара,

Каб воблакам стаць

І дажджамі праліцца.

І вернуцца вершы,

Цяжкія, як хмара,

І будзе ўнутры

Баляваць навальніца!

 

Прочитано 439 раз