Четверг, 21 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Творы ўкраінскіх пісьменнікаў у Беларусі: 2018 год

  • Воскресенье, 14 апреля 2019 11:51
  • Автор  Сугучча

У мінулым, 2018-м, годзе ў Беларусі выйшла дзевяць кніг украінскіх пісьменнікаў – у перакладзе на рускую і беларускую мовы. 

На рускай мове пабачылі свет дзве кнігі ўкраінскіх пісьменнікаў: зборнік вершаў «Здравствуй, жизнь!» Сямёна Цванга і аповесць Лесі Варонінай «Тайное Общество трусов или средство от испуга № 9». Перакладчык вершаў С. Цванга – Сяргей Шаўчэнка. Дарэчы, зборнік выдадзены ў Мазыры, наклад кнігі – 80 экзэмпляраў. Аповесць Лесі Варонінай пераклала Алена Гардзіенка.

У выдавецтве Андрэя Янушкевіча выдадзены гістарычны раман Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл: нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага», які на беларускую мову пераклала Наталка Бабіна. Зборнік вершаў Сяргея Жадана, які так і называецца – «Вершы», выдадзены Змітром Коласам. Пераклаў Андрэй Хадановіч. Кнігу паэзіі Таццяны Дзюбы і Сяргея Дзюбы «Горад Зіма» пераклаў на беларускую мову старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў. Васіль Жуковіч пераклаў на беларускую мову некалькі вершаў Валадзіміра Сасюры і сабраў іх у зборніку «Любіце Украіну» (Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў; наклад – 99 экзэмпляраў). А Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа выдаў зборнік вершаў заходнеўкраінскіх паэтаў «На арэлях натхнення» ў перакладах розных беларускіх паэтаў.

Яшчэ адзін зборнік украінскай паэзіі – «Усмешкі» – перакладзены Міхасём Мірановічам (выдавецтва «Медысонт»). Назва гаворыць сама за сябе: разам сабраны гумарыстычныя творы паэтаў Украіны. А ў Брэсце выдадзена кніга афарызмаў украінскага пісьменніка Васіля Прастапчука «Непрыстольныя гномы». Перакладчык – Сяргей Амяльчук.

У гісторыі беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў дзевяць украінскіх кніг за адзін год у Беларусі – гэта многа ці мала? Давайце паспрабуем параўнаць. І возьмем да прыкладу не самы спрыяльны час – 1950-я гады – пачатак 1960-х... Закончылася Вялікая Айчынная…  У 1949 годзе выйшаў раман Алеся Ганчара «Сцяганосцы» у перакладзе Івана Мележа і Усевалада Краўчанкі. А «Тронку» Алеся Ганчара выдалі ў перакладзе Уладзіміра Шахаўца ў 1974 годзе. Дарэчы, У. Шахавец – перакладчык кніг украінскіх пісьменнікаў М. Алейніка «Утрапёная» (1970), У. Каніўца «Хлопчык і жар-птушка» (1972). У 1955 годзе па-беларуску былі выдадзены дзве аповесці Ю. Збанацкага «Лета ў Сакаліным» і «Таямніца Сакалінага бору». Абедзве кнігі пераклаў Усевалад Краўчанка. У 1958 – 1961 гг. Анатоль Вялюгін выдае ў сваім перакладзе кнігі ўкраінскіх паэтаў Платона Варанько «Хлопчык Памагай», Дзмітра Белавуса «Птушыныя галасы», Багдана Чалага «Прадаўцы заморскіх сувеніраў». У 1954 годзе выйшла камедыя В. Мінко «Не называючы прозвішчаў» у перакладзе Паўла Кавалёва. Аповесць Л. Смілянскага «Сашко» ў перакладзе Кастуся Кірэенкі была выдадзена ў 1959 годзе. У 1962 годзе выходзіць «Казка нашага лесу» Т. Масэнкі ў перакладзе Хведара Жычкі. Дарэчы, менавіта гэтага беларускага паэта можна смела залічваць да паўнамоцных прадстаўнікоў украінскай паэзіі ў Беларусі. Пачынаючы з 1953 года, Хведар Жычка надрукаваў пераклады вершаў А. Малышкі, Л. Забашты, Я. Шпорты, П. Бабанскага, П. Варанько, Л. Украінкі, У. Ладыжэца, Г. Бойкі, А. Вішні, У. Сасюры, В. Кароціча і іншых украінскіх аўтараў. 1962 год – год выдання кнігі вершаў А. Малышкі «Запаветная крыніца» ў перакладзе Аркадзя Куляшова. Крыху пазней – у 1979 годзе – выйдзе і куляшоўскі пераклад «Энеіды» І. Катлярэўскага. 1964 год – асобна выдаецца паэма «Кацярына» Тараса Шаўчэнкі у перакладзе народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. Дагэтуль купалаўскі пераклад славутага твора друкаваўся ў перыёдыцы – трэці нумар часопіса «Полымя рэвалюцыі» за 1939 год і ў кнігах Тараса Шаўчэнкі, якія выходзілі ў Беларусі з перакладамі яго твораў, здзейсненых рознымі аўтарамі, – у 1941, 1948, 1952 гадах.

У 1952 годзе выйшла ў Мінску і кніга «Украінская савецкая паэзія». А яшчэ – зборнік паэзіі «Выбраныя творы» Максіма Рыльскага. У 1954 у Мінску выдалі па-беларуску «Выбраныя творы» Паўла Тычыны. У 1957 беларускія паэты аб’ядналіся, каб перакласці і выдаць «Дзень украінскай паэзіі». У 1957 выходзіць і беларуская кніга Міколы Нагнібяды «Песня з Украіны».

Так што, і грунт, традыцыі ў беларуска-ўкраінскіх кніжных стасункаў, і сучаснасць – на вышыні. Галоўнае – трымаць заваяваныя пазіцыі, умацоўваць іх і надалей.

 

Кастусь Ладуцька

Прочитано 121 раз Последнее изменение Воскресенье, 14 апреля 2019 11:54
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии