Сумная вестка прыйшла з Пекіна: памёр Гао Ман. Для мяне ягоны сыход стаўся і асабістым горам, бо лёс падарыў мне незабыўную сустрэчу з гэтым цудоўным чалавекам, выдатным мастаком, перакладчыкам, цікавым літаратарам.
Памятаю нашу доўгую гутарку ў яго пекінскай кватэры, сустрэчу ў рэстаране, што стала потым асновай для аднаго з маіх апавяданняў “Качка па-пекінску”. Ён нават мне ў нечым нагадаў майго бацьку, а маёй дачцэ Олі –любімага дзядулю. Дарэчы, жывучы ў Пекіне, яна падтрымлівала сувязі з сям’ёй пісьменніка, не раз бывала ў іх гасціннай кватэры.
Гао Ман нарадзіўся ў Харбіне, вучыўся ў рускай школе, дзе выкладалі амаль усе прадметы рускія эмігранты, з дзяцінства палюбіў рускую літаратуру і ўсё жыццё маляваў партрэты рускіх пісьменнікаў.
А ў 1956 годзе пазнаёміўся з Максімам Танкам, і з таго часу стаў сябрам і нашай літаратуры, нашага мастацтва.
Я ўдзячны Алесю Карлюкевічу, што ён звёў мяне з гэтым цудоўным творцам і чалавекам , знаёмства з якім стала важнай вехай у маім жыцці.
Яму я нядаўна прысвяціў адзін з вершаў, які, ганаруся, стаў у шэраг паэтычных прысвячэнняў выдатных майстроў пяра Рыгора Барадуліна і Міколы Мятліцкага.
Цяжка змірыца з думкай, што не пачую больш яго голас і пераданае ім прывітанне праз дачку і сяброў, але ў маім рабочым кабінеце, як светлы напамін—зроблены ім падчас нашай сустрэчы мой партрэт і верш-прысвячэнне па-кітайску з яго перакладам. І кніжкі з рэпрадукцыямі яго жывапісных прац з яго дарчымі надпісамі.
Гао Ман – гэта творчы псеўданім Сунь Юйнаня (так назвалі яго бацькі). І азначае ён “Высокія зараслі”. Сам Мастак тлумачыў гэта так :”Хачу быць у жыцці простай травой”. Ён стаў не проста травой, а яркай і прыгожай кветкай у суквецці нашых літаратур і высокага мастацтва.
Навум Гальпяровіч
Фота: china.cn