Сёлетні восьмы нумар часопіса “Маладосць” у значнай ступені будзе прысвечаны мастацкім перакладам з іншых нацыянальных літаратур.
Разам сустрэнуцца пісьменнікі з Расійскай Федэрацыі, Туркменістана, Індыі, Бангладэш.
Ці не ўпершыню беларускі чытач на роднай мове знаёміцца з паэзіяй Бангладэш. На старонках маладзёжнага літаратурна-мастацкага выдання друкуецца вялікая балада славутага бенгальскага паэта Казі Назруло Іслама “Мяцежнік”. Перакладчык – Марыя Кобец. Пададзены і невялікі ўступны артыкул пра легендарнага паэта, чыя творчасць, несумненна, паўплывала на фарміраванне нацыянальнай свядомасці народа Бангладэш, на яго шлях да стварэння суверэннай і незалежнай краіны. Падрадкоўны пераклад твора падрыхтаваў грамадзянін Бангладэш Музахіддзін Іслам, які жыве і працуе ў Беларусі.
Таксама змешчаны тры варыянты перакладу на беларускую мову верша лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Рабіндраната Тагора “Мая залатая Бенгалія”. Гэты верш, напісаны на пачатку дваццатага стагоддзя, з набыццём Бангладэш незалежнасці стаў гімнам гэтай дзяржавы. Перакладчыкамі твора на беларускую мову выступілі Марыя Кобец, Навум Гальпяровіч, Мікола Мятліцкі.
Сяргей Шычко