Четверг, 21 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Эркін Вахідаў. Разам з усім узбекскім народам

  • Вторник, 11 декабря 2018 11:57
  • Автор 

Алтыарыкскі раён, Ферганская вобласць, Узбекская ССР – у гэтай старонцы 28 снежня 1936 года нарадзіўся легендарны паэт сучаснага Узбекістана, творца, якога чытае ўся краіна. Мастак слова, які прайшоў складанымі шляхамі гісторыі разам з усімі узбекамі другой паловы XX стагоддзя. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Узбекістана імя Хамзы (1983), народны паэт Узбекістана, Герой Узбекістана (1999) – вось пералік некаторых пашанотных адзнак паэта, драматурга, грамадскага дзеяча, у якім няпросты савецкі час не змог вытравіць, выправіць яго нацыянальную ўзбекскую сутнасць, яго ўнікальную здольнасць паказаць свой народ ва ўсім гістарычным убранстве. А самая галоўная пашана ў тым, што творы яго чытаюць і зараз, пасля смерці паэта ў 2016 годзе. Кнігі Э. Вахідава і зараз прыходзяць да чытача.

Філолаг па адукацыі, пасля заканчэння Ташкенцкага дзяржаўнага універсітэта, Эркін Вахідаў працаваў рэдактарам, галоўным рэдактарам выдавецтва “Ёш гвардия» . У 1963-1987 – у выдавецтве літаратауры і мастацтва імя Гафура Гуляма. Некаторы час – дырэктар гэтага выдавецтва. Таксама рэдагаваў часопіс “Ёшлік”. З 1990 – дэпутат Вярхоўнага Савета Узбекскай ССР, у 1995 – 2005 – старшыня Камітэта па міжнародных справах і міжпарламенцкіх сувязях Ойлій Мажліса Рэспублікі Узбекістан. Затым – старшыня Камітэта па пытаннях навукі, адукацыі, культуры і спорта Сената Ойлій Мажліса.

Яшчэ ў школе Эркін Вахідаў пачаў пісаць свае першыя паэтычныя творы. Першы зборнік вершаў – “Подых навальніцы” – выдаў у 1961 годзе. Наступныя паэтычныя кнігі: “Вам мае песні” (1962), “Сэрца і розум” (1963), “Мая зорка” (1964), “Водгук” (1965), “Лірыка” (1966), “Дыван маладосці” (1969), “Светач” (1970)… Паэт Роберт Раждзественскі так адгукаўся пра творчыя здабыткі Эркіна Вахідава: “… Мне прыйшлася па душы яго шчырая і жорсткая паэма “Сон зямлі”, спадабалася шматступенчатая і шматгалосая паэма “Паўстанне бессмяротных” – пра бенгальскага паэта Назруло Іслама. Тут аўтарскі голас дэманструе ўсе свае магчымасці і ўсе рэгістры – ад шэпту да крыка…”

Дзіўнае супадзенне. У восьмым нумары беларускага маладзёжнага літаратурна-мастацкага часопіса “Маладосць” друкуецца адзін з галоўных твораў бенгальскага паэта Казі Назруло Іслама “Мяцежнік”. У перакладзе на беларускую мову пінскай паэтэсы Марыі Кобец. І яшчэ “Мяцежнік” – у “партфелі” газеты “Літаратура і мастацтва”. Ужо – у перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. І вось раптам на “Созвучие» прыходзіць пераклад верша Эркіна Вахідава, які шмат дзесяцігоддзяў назад прысвяціў Казі Назруло Ісламу паэму… Зоркі сыходзяцца. У 1960-1980-я гг. Эркін Вахідаў пашырае сваю творчую палітру рознымі тэматычнымі абсягамі, рознымі жанрамі. Выяўляе сябе і эпікам, і паэтам-публіцыстам. Але з часам усё болей цягнецца да лірыкі. Шмат якія вершы Эркіна Вахідава становяцца песнямі ў выкананні лепшых эстрадных зорак Узбекістана. Да чытача прыходзяць зборнікі лірычных вершаў Э. Вахідава “Любоў” (1976), “Жывыя планеты” (1978), “Усходні бераг” (1982), “Пасланне нашчадкам” (1983)… У 1992 годзе чытацкую ўвагу захапіла яго кніга “Лепей горкай праўда”. Хаця, як помніцца шмат каму з нашых сучаснікаў, час быў зусім не для вершаў…

Эркін Вахідаў шмат працаваў і як перакладчык. Менавіта ён пераўвасобіў на ўзбекскую мову “Фауста” Гётэ, паэтычныя творы С. Ясеніна, А. твардоўскага, М. Ікбала, Г. Эміна, Р. Гамзатава і многіх іншых паэтаў Савецкага Саюза, паэтаў Усходу і Захаду.

А зараз мы прапануем увазе чытачоў верш Эркіна Вахіда “Мой узбек” у перакладзе вядомага беларускага паэта Навума Гальпяровіча. Спадзяёмся, што і іншыя беларускія паэты спрычыняцца да пераўвасаблення твораў Эркіна Вахідава на мову Купалы і Багдановіча. Ёсць у яго вершах шмат таго, што непадуладна часу, што разам з намі, нашымі нашчадкамі павінна пайсці далей, у іншыя стагоддзі. Эркін Вахідаў – з тае кагорты ўзбекскіх паэтаў, якія расказваюць пра Усход усяму свету. У гэтым ён блізкі, падобны і Алішэру Наваі, і Хаміду Алімджану, Зульфіі, іншым вялікім мастакам узбекскага прыгожага пісьменства.

Алесь Карлюкевіч.


Эркін Вахідаў,

народны паэт Узбекістана

                                      Мой узбек
Гісторыя твая скрозь тысячу вякоў
Святлом спрадвечным свеціць, мой узбек.
Равеснік твой Памір,старэйшы ад вышынь,
Сівы Цян- Цяшань вячысты, мой узбек.

Афрасіяб *сказаў пра гэта нам,
Пісьменнасцю Урхун* праклаў твой шлях.
У пацерках вякоў каменьчык лепшы ты
І цешыш погляд людзям , мой узбек.

Аль Біруні, альХарэзмі – славуты продак твой,
Пачатак твой Узлук* або Тархон*,
Вялікі Аль Фараб і цені мудрацоў-
Над беднай галавой адчуў ты шабляў свіст,

Султыны , каганы і ханы над зямлёй
Пранесліся не раз , і гора , бяду
З ваеннаю навалай і з попелам сівым
Ты сустракаў таксама,мой узбек.

І горы , нібы ўдавы , сціскаліся вакол,
І дзве ракі *, як вочы , слязамі працяклі,
І клаўся іх цяжар на твой пакутны твар
І слёзы выціраў ты часта ,мой узбек.

Ад рымскага цара* крывавае таўро,
Батый і Чынгісхан пакінулі сляды .
На целе, на тваім, іх раны бачыў свет,
Але трывалы шчыт быў на грудзях , узбек.

І з чатырох бакоў ляцелі стрэлы зноў,
Жыццё , нібы ахвяра , дзе толькі смерць і пыл,
Радзіма несла стогн, і плач гудзеў вакол,
Дачок , тваіх , сыноў і жонак, мой узбек.

Ды не схіляў ты голаў , стаяў , нібы скала,
Мукана*, патрыёт, хоць галава ў пятлі,
Ды вольнаю крывёй гудзелі жылы зноў
І вытрымаў ты годна , мой узбек.

Не вогненапаклоннік , не буддыст,
Твая святая вера чысцюткая заўжды,
Як светлае сумленне , як раніцы ўзыход,
Як людскасць і гуманнасць , мой узбек.
Ад цемры да святла твой клаўся мудры шлях,
Да таямніц навук , да думак трапяткіх
І зорамі вачэй і дыяментам слёз
Ты уваходзіў ў вечнасць , мой узбек.

Курагані табліцу Мірзо скалаў Улукбек*,
Што лесвіцай да неба таемнага была,
Сваёю сілай думкі, і мудрасцю сваёй
Зноў у вякі ўваходзіў ты славай , мой узбек.

І Наваі слаў голас паэзіі сваёй
Нібыта крыкам птушкі над ранішняй зямлёй,
І стаў султанам верша і рыфмы стаў царом
І край навек уславіў , мой узбек.

Ды ў ведах ўсемагутны, султан ад вершаў, цар,
Рабом адвечным лёсу свайго зямнога быў
Ён паспытаў пакутаў , ён плакаў і трываў
Ён сляз праліў нямала , мой узбек.

Мірзо Бабур крычаў, агнём святым палаў,
І кроў Машраба-шаха лілася на зямлю,
Яна магутнай лавай і велічным агнём
 Кіпела ў тваім целе, мой узбек.
Самотная Надзіра*,паэзіі сястра,
Як срэбра , яе слёзы і цела чысціня,
Сваю хавала мару , нязбытную , на жаль,
Ды пра яе помнім і любім , мой узбек.

Фурхат* быў у выгнанні, аседлы—Мукімі*,
Афганістан і Індыя пачулі гэты стогн,
І разам з імі чулі іх покліч землякі,
Была ў іх еднасць душаў , мой узбек.

Каб летапіс твой скласці , о слаўны мой народ,
Патрэбны сотні тысяч такіх Фердаусі,
Таму што толькі выдах агучаны адзін
Баладаў варты тысяч натхнёных , мой узбек.

Гісторыя народа ў мінулым бачым дні,
Прайшлі бяда і гора ,застаўся ззаду страх,
Рубцы ад даўніх шрамаў амаль што не смыляць,
Мы ўсе адчулі сілу , мой узбек.

І пасвятлела неба , і сонца узышло,
І ноччу проблеск светлы убачыўся здаля.
І ўсе надзеі светла над краем узышлі ,
Над любым нашым краем , мой узбек.
Я назаву Радзіму квітнеючай парой,
Вясновым светлым садам, дзе кветкаю цвіцеш,
Яна мне ёсць вачыма і веі ёсць мае,
І ты адчуеш гэта , мой узбек.

Я ганаруся гэтым , о, родны мой народ,
Падняўшы свае грудзі, трымаеш ты гару,
Як шчодры мой дзехканін,
Радзімы верны сын ,
Табою ганаруся , мой узбек.

Мой любы суайчыннік, калі кажу я ў свет,
Чаму б мне не уславіць усё, што існа тут,
Час выклікае роздум , спазнанне прыйдзе ў дом,
 І мудрасць будзе з намі, мой узбек.

Я сын свайго народа , Радзімы верны сын,
Я сын ўсяго сусвету,ды ўсё ж хачу найперш,
Тваім быць ўдзячным сынам, надзейным назаўжды,
І быць заўжды з табою , мой узбек.

Хоць мне вялікі Пушкін нібы увесь сусвет,
І Байран свеціць мудра мне з глыбіні вякоў,
Ды у мяне ёсць продак – вялікі Наваі,
І гонар надзвычайны прыходзіць , мой узбек.

І знакам адпаведным заўжды на галаве
Нашу я цюбецейку і гонар бачу свой,
Узбекістан мой родны вядомы на ўвесь свет,
І я іду шчаслівы , і горды , мой узбек.

Табе складаю оды , любімы мой народ,
З падзякаю сыноўняй за хлеб твой і за соль,
Прымі маю удзячнасць , любоў маю прымі
Ад вернага Эркіна , мой узбек.


З узбекскай. Пераклад Навума Гальпяровіча

*Старая назва зямлі узбекаў
*Пісьменнасць Урхуна існавала яшчэ да прыходу іслама
* Гістарычная асоба, карані якой магчыма звязаны з узбекамі
*Маюцца на ўвазе Амудар’я і Сырдар’я
*Аляксандо Македонскі
*Мукана – мясцовы патрыёт, супрацьстаяў арабскім заваёўнікам
* Родавы псеўднанім Мірзо Улугбека—султана і асіранома, унука Аміра Цімура
*Бабур – паэт і цар, які ў дзяцінстве быў пазбаўлены радзімы, жыў у далёкай Індыі
*Машраб – сімвал бязумнага кахання, яго павесілі за бунтарскія выказванні
* Надзіра царэўна Какандскага царства, паэтэса , пакарана бухарскім эмірам
Фурхат паэт-дэмакрат, у пачатку 20-га стагоддзя эміграваў у Кітай, там памёр
* Мукім – паэт , яго псеўданім значае “аселы чалавек”, памёр у жабрацтве
* тут гара – маецца на ўвазе хлопкавыя токі. Яны сваім выглядам нагадваюць гару
Падрадкоўнік і тлумачэнні Ібрагіма Чарыева

Прочитано 152 раз Последнее изменение Вторник, 11 декабря 2018 11:58
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии