Понедельник, 10 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Гарэць купалаўскім кастрам Сяргея Панізніка!..

Пабачыла свет кніга выбранай паэзіі Сяргея Панізніка.

Добра вядомы беларускі паэт Сяргей Сцяпанавіч Панізнік у сёлетнім маі адзначыў сваё 75-годдзе. Ведаючы яго шмат гадоў, лістуючыся з паэтам яшчэ з сярэдзіны, нават з першай паловы 1980-х гадоў, усё ніяк не мог паверыць, што Сяргею Панізніку – 75…

Парадаваўся, што да гэтай даты выйшла і новая кніга – кніга, якая ў значнай ступені падсумоўвае плённы творчы шлях паэта: “Выбранае: Паэзія за паўстагоддзя творчай працы”. Укладанне і прадмова належаць Аксені Тарасевіч. Вось што,у прыватнасці, піша ўкладальніца ва ўступным слове: “… Гэта, бадай, адна з самых шчырых кніг Сяргея Панізьніка. Кожны раздзел пачынаецца маленькім уступам, у якім аўтар кажа пра тое, што натхняла яго ў часе працы, а што вярэдзіла душу. Далей, на адгорце шмуцтытула, да размовы далучаюцца крытыкі: спавіўшы словы аўтара тостамі-водгукамі, яны пакідаюць чытача сам-насам з паэзіяй, “настоеннай” на каранях ветласці і сяброўства, з вершамі, якія вытрымалі выпрабаванне часам і могуць лічыцца хрэстаматыйнымі”. І далей: “Скразная тэма зборніка – родны Край. Здавалася б, пра Беларусь у нашай літаратуры напісана столькі, што проста немагчыма не паўтарыць класікаў, не выкарыстаць звыклыя тропы і асацыяцыі. Аднак аўтар бліскуча пераасэнсоўвае здабыткі і надае звычайным з’явам новае гучанне, новую шчырасць, новую глыбіню. Нягледзячы на немалую колькасць каларытных прыдзвінскіх слоўцаў і аўтарскіх новатвораў, думка выказваецца проста і нязмушана – і гэта вельмі важна для сённяшняга чытача, стомленага штодзённымі бязмежнымі плынямі інфармацыі…”

Чытаеш вершы Сяргея Панізніка з розных гадоў – і быццам нектар п’еш. Такая асалода прыходзіць ад знаёмства з яго вершаванымі росшукамі, з яго мастацкімі і жыццёвымі адкрыццямі.

 

Бераг мудрай, таемнай зямлі,

ад якой ідуць караблі,

ад якога па рэках, лясах

пралягла і мая паласа –

як страла, як гасцінец… Абшар:

без мяжы – толькі плынь, толькі рух…

Урастаецца сонечны круг

у зямны, пераспелены шар.

А на ім і азёры – раса.

Любы бераг – дарог даўгунец:

тут мяне затрымае лаза,

роднай хаты самлісты вянец.

Я ад гэтага краю – углыб

па планеце-планідзе іду.

У жыцці прызнаю правату

і касую глухія вуглы.

І становіцца бераг зямлі

маяком і развілкай шляхоў.

Праплываюць гады-караблі

на сузор’ шчаслівых вякоў.

 

Гэты верш – з першай кнігі Сяргея Панізніка “Кастры Купалля” (1967 год). Пра гэтую кнігу вось што пісаў Вячаслаў Пятровіч Рагойша: “Кастры Купалля” – кніга ваяўнічая ў лепшым сэнсе гэтага слова. Яна ваюе з грамадзянскай інфантыльнасцю, з нацыянальным нігілізмам, сцвярджае ў чалавеку гістарычнае і нацыянальнае “я”… Паэт імкнецца ажывіць у нашай памяці ўчарашні дзень, каб яшчэ ярчэйшы, больш радасны быў дзень сённяшні і дзень заўтрашні…” З першага зборніка вершаў Сяргей Панізнік запачаткаваў галоўныя накірункі сваёй творчай біяграфіі. Яны звязаны з пасціжэннем лёсавызначальных для нашай Беларусі прыярытэтаў…

Вось што расказвае сам Сяргей Панізнік пра другую сваю кнігу – “Палявая пошта” (1972): “Палявую пошту” я пачаў збіраць яшчэ ва Ўруччы – “сталіцы” славутай калісьці 120-й гвардзейскай дывізіі. Верш “…Мой адрас: пошта палявая…” з’явіўся ў чэшскім гарадку Мілавіца над Лабай, дзе служыў з 1969 года. Ён быў “сталіцай” штаба Цэнтральнай групы войск. І зноў дненне і начаванне ў рэдакцыі дывізійнай газеты… Але ж рэха – чуйнае! Выслухоўвае мае крокі ў Юрмале, у Нясвіжы, у Горадні… І “на шляху Адысея” у 1970-х гадах пры напружаных чаканнях зноў і зноў аказвалася перада мною “несмяротная маці мая – Беларусь!” У кнізе – і верш з прысвячэннем Рыгору Барадуліну. У кнізе – і верш, які стаў песняй кампазітара Міколы Пятрэнкі “Нарачанка”. У кнізе – і верш з прысвячэннем Уладзіміру Караткевічу. А яшчэ – твор “Сяргею Палуяну”, які адкрываецца эпіграфам з Максіма Багдановіча. Вось тыя арыенціры, тыя вежы, што вымалёўвалі яго, Сяргея Панізніка, творчы шлях…У “Палявой пошце” – і адрасаваны Хатыні верш… Пройдзе час – і Сяргей Панізнік пройдзе шляхамі вязняў, жыхароў спаленых вёсак з Верхнедзвіншчыны, Асвейшчыны, Віцебшчыны, напіша празаічныя, публіцыстычныя кнігі пра драматызм, трагедыйнасць Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай…

Трэцяя кніга вершаў С. Панізніка – “Крона надзеі”—выйшла ў 1975 годзе. Няпросты для паэта час… “Газетчыка абвінавацілі ў тым, што ён згубіў “класавую пільнасць”. Сустракаўся ж афіцэр з Ларысай Геніюш, Забэйдам-Суміцкім… І дзе цяпер знайсці паэту сваю крону надзеі? З Карлавым мостам я развітаўся ў 1973 годзе, каб спраўдзіць пад цеплынёй незабытых песень бабулькі Альжбеты свае новыя творы…” Але ён знайшоў сваю крону надзеі. І надалей працягваў спраўджвацца. Як Паэт. Як тонкі лірык. Як высокага голасу грамадзянскі творца…

У кнізе выбранай паэзіі С. Панізніка – яшчэ і творы з яго зборнікаў “Чало і век” (1979), “Слова на дабрыдзень” (1982), “Мацярык” (1984), “Стырно” (1989), “А пісар земскі” (1994), “Пры сьвячэньні” (2004), “Нас – многа” (2012)… Па кнігах Сяргея Панізніка можна вывучаць біяграфію нашай Айчыны. У вершах – асобы і мясціны, лёсы тых нашых прашчураў і сучаснікаў, якія могуць быць прыкладамі шчырага служэння Радзіме, якія сваімі жыццямі вылучаюць духоўнасць, маральнасць, узвышаюць чытача.

Алесь Карлюкевіч 

Прочитано 6752 раз