Среда, 21 04 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Чавусы і ваколіцы

  • Среда, 24 февраля 2021 12:14
  • Автор  Сугучча

Чавусы – горад, які прытуліўся на беразе ракі Бася. У пісьмовых крыніцах вядомы з сярэдзіны 16 стагоддзя як вёска Чавусавічы. Горадам лічыцца з 1604 года. Не аднойчы паселішча аказвалася ў эпіцэнтры войнаў і бітваў.  Было рэзідэнцыяй казацкага палкоўніка Нячая…У час Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў  горад разрабаваны шведскімі войскамі. І ўсё ж узноўлены, адбудаваны… Канешне ж, дзякуючы таленавітым і руплівым сваім гараджанам.

Бываючы на Магілёўшчыне, раней я часта сустракаўся з доктарам тэхнічных навук выкладчыкам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандрам Віктаравічам Клачковым (нарадзіўся ў вёсцы Воўкавічы Чавускага раёна 30 мая 1952 года).  Некалі мяне з ім пазнаёміў знаны беларускі  паэт светлай памяці Алесь Пісьмянкоў. Аляксандр Віктаравіч – не толькі вядомы ў краіне вучоны, спецыяліст па сельскагападарчых машынах, але яшчэ і паэт, чалавек, захоплены літаратурнай справай. Гэтым і абумоўлена было іх сяброўства з Алесем Уладзіміравічам, які і сам з Магілёўшчыны, праўда, з Касцюковіцкага раёна. Аляксандр Віктаравіч і выказаў аднойчы такую думку: «Калі  ўважліва заняцца летапісаннем біяграфіі  Чавускай старонкі, то можна стварыць сапраўдны даведнік пра вучоных-землякоў…» Сапраўды,  родам з гэтых мясцін – і прафесар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Рыгор Купрыянавіч Дзямідаў (нарадзіўся ў вёсцы Бахацец у 1921 годзе), і доктар ветэрынарных навук Аляксандр Іванавіч Гаўрылаў (1906-1937, ураджэнец вёскі Сласцёны), і доктар юрыдычных навук Сцяпан Парфёнавіч Маргунскі (1912-1978, нарадзіўся ў Чавусах), і доктар медыцынскіх навук, дырэктар інстытута аздараўленчай медыцыны  ў Маскве, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі  медыцынскіх навук  Аляксандр Мікалаевіч Разумаў (нарадзіўся ў Чавусах у 1944 годзе), і доктар фізіка-матэматычных навук Аляксандр Міхайлавіч Снігіраў (нарадзіўся ў 1954 годзе ў вёсцы Асінаўка)…

Да пераліку знакамітых вучоных можна дадаць яшчэ добры тузін імёнаў.

 ‒ Мне здаецца, што толькі збегам абставінаў памкненні ўраджэнцаў Чавусаў і ваколіц у вялікую навуку нельга патлумачваць, ‒ не аднойчы выказваў сваё меркаванне Аляксандр Віктаравіч Клачкоў. – Ёсць яшчэ і разуменне традыцыі, някідкая, але разам з тым важная псіхалогія, заснаваная на побытавых рэчах і з’явах, на інфармацыі, што ішла ад аднае сялянскай хаты да другой.  Былі  ж у нашым краі і знакавыя імёны ў ранейшыя часы, калі не так і лёгка прабіцца было да вышынь асветы.

У 1844 годзе ў Чавусах нарадзілася Варвара Аляксандраўна Кашаварава-Руднева, першая ў гісторыі Расіі жанчына – доктар медыцынскіх навук. У біяграфіі яе  нямала блытаніны. Доўгі час пісалі, што нарадзілася ў Віцебску. Хаця на самай справе – у Чавусах, у сям’і беднага настаўніка. Праз некаторы час разам з бацькамі пераехала ў Веліж Віцебскай губерні. У 12 гадоў уцякла з дому і накіравалася ў Пецярбург.  З самага пачатку засваення медыцынскіх ведаў Варвару цікавілі праблемы здароўя жанчын. У 1863 годзе наша зямлячка з вялікімі цяжкасцямі дамаглася таго, каб яе залічылі ў Медыка-хірургічную акадэмію. Зрабіць гэта было няпроста яшчэ і таму, што ўстанова падпарадкоўвалася ваеннаму ведамству. І ўсё ж удалося прарваць заслоны. У 1868 годзе Варвара закончыла акадэмію з залатым медалём і дыпломам «лекара з адзнакай». У 1876 годзе (ва ўзросце 32 гадоў!)  жанчына абараняе доктарскую дысертацыю па медыцыне. Працуе  ў клініцы славутага С. Боткіна. І ўсё адно спрацоўваюць пэўныя перашкоды. Жанчыну, нягледзячы на высокую навуковую ступень, стараюцца не дапусціць да навуковай і педагагічнай дзейнасці. Варвара Акляксандраўна падарожнічае па Расіі. Займаецца медыцынскай практыкай. Піша навуковыя работы. А свае перажыванні, пакуты, норавы таго часу ў грамадстве і навуковых асяродках выкладае ў аўтабіяграфічнай аповесці «Піянерка».

Але Чавусы – радзіма не толькі вучоных, педагогаў, але і старонка, якая выпеставала многіх мастакоў, паэтаў, кампазітараў… Імёны іх добра вядомыя ў гісторыі не толькі беларускай, але і рускай культур. Сярод найболей яркіх творцаў – жывапісец, славуты пейзажыст Уладзімір Кудрэвіч (нарадзіўся ў Чавусах у 1884 годзе). Вучыўся ў мастацкім вучылішчы ў горадзе Лібавы (сучасная Ліепая, Латвія). З 1909 года ўдзельнічае ў мастацкіх выстаўках. У Мінску жыў з 1915 года. Сярод найболей вядомых работ – «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Беларуская вёска» (1925), «Над Свіслаччу» (1927), «Беларускі пейзаж» (1949)… У час Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Кудрэвіч арганізаваў Кемераўскае аддзяленне Саюза мастакоў СССР і ўзначальваў яго амаль два гады.  Па дарозе,  абранай некалі бацькам,  пайшла і  дачка – Раіса Кудрэвіч, вядомы графік,  мастак з кагорты тых тых, чые творы запамінаюцца,  падводзяць да асэнсавання святла і радасцяў жыцця і прыроды. А «Раніца», напісаная ў 1924 годзе Уладзімірам Кудрэвічам, як мне асабіста падаецца, вартая ўключэння ў альбомы  самых лепшых пейзажаў сусветнага ўзроўню.

Калі ўжо зайшла размова пра чавускіх мастакоў, то нельга не згадаць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі скульптара Мікалая Аляксеевіча Рыжанкова (1932-1995), мастака-графіка Вікенція Іванавіча Ральцэвіча (нарадзіўся ў 1936 годзе), жывапісца Мікалая Уладзіміравіча Кірэева (нарадзіўся ў 1942 годзе). А яшчэ ж – пісьменнікі, з твораў якіх можна скласці  сапраўдную аналогію хваласпеву роднай старонцы. Відаць, том у серыі «Беларусь літаратурная»,  прысвечаны ўраджэнцам Чавусаў, Чавускага раёна, літаратарам, якія працавалі ў гэтым краі, быў бы ніколькі не горшым, чым іншыя літаратурна-мастацкія летапісы… Абавязкова ў ім знайшлося месца вершам і Алеся Емяльянава, які нарадзіўся ў вёсцы Забалацце ў 1952 годзе. Шкада, што рана пайшоў з жыцця. Але засталіся яго сімпатычныя лірычныя кнігі – «Ранак поўніцца жыццём» (1977), «Нязжатае поле» (1982), «На падкове дарог» (1987). Увайшлі  б у гэты том і паэтычныя, празаічныя радкі Івана Аношкіна, згаданага ўжо паэта і вучонага Аляксандра Клачкова, а таксама Сілана Гусева, які нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Калясянка. Зараз імя яго ўжо і ў «Беларускай Энцыклапедыі» не знойдзеш. Выкрэсліваць і забывацца мы – вялікія майстры. А між тым у 1930-ыя гады пісьменнік рэдагаваў альманах «Атака».  Аповесць Сілана Гусева «Шлях юнака» (1938)  мела свайго прыхільнага чытача.

Углядаючыся ў выявы старых забудоў, у каторы ўжо раз думаю і пра тое, што памяць людская не заўсёды ўдзячная. Дык, можа быць, сляды і памяткі даўніны ў выявах матэрыяльных усё ж болей трывалыя..? Таму, відаць, і цягне нас часам да музеяў – памятлівых скарбонак учарашніх падзей і дзён…

 

Алесь Карлюкевіч

Фота: chausy.by

 

 

 

 

Прочитано 73 раз