Четверг, 14 11 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Нашчадкі старажытных асілкаў, сведкі даіндустрыяльнай эпохі

  • Среда, 27 марта 2019 10:58
  • Автор  Сугучча

«Лазараў Леанід Яфімавіч, 1904 г.н. Працаваў млынаром на гэтым млыне з 1953 года. Мяркуе, што будаваўся да рэвалюцыі. Восенню і зімой вецер раўнейшы. Млын на два камяні, у вайну прывезлі з вадзянога млына яшчэ адзін камень»... Такія і падобныя нататкі ў 1970-х гадах рабілі падчас экспедыцый па Беларусі ўдзельнікі рабочай групы, што працавала над стварэннем музея-скансэна народнай архітэктуры і побыту. Гэтыя ж нататкі, зробленыя алоўкам, змешчаныя ў асобных блакнотах, папках, мы можам пабачыць і сёння — на адмысловай выстаўцы «Забытыя асілкі зямлі беларускай», арганізаванай сумесна Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту і Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь.

З выстаўкай знаёміць загадчык экспазіцыйнага аддзела музея народнай арітэктуры і побыту Ігар Іваноў.

Млыны, гэтыя велізарныя збудаванні, магутныя асілкі, з якімі змагаўся Дон Кіхот, у наш час падаюцца тэхнічным анахранізмам. Але ж гістарычнай значнасці, іх адметнай ролі ніхто не адмяняў. Іх і сёння, у амаль першапачатковым выглядзе, можна пабачыць у музейным комплексе «Дудуткі», сядзібе «Наносы» на Нарачы і, натуральна, музеі архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо непадалёк ад сталіцы.

Але як яны трапілі ў музей? Эдуард Багдановіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, падчас адкрыцця выстаўкі распавёў:

— У нашых фондах захоўваецца мноства негатываў, што адлюстроўваюць архітэктурную спадчыну ў розных праявах. У межах гэтага праекта прапаноўваем выстаўку, дзе мы паказалі старажытныя млыны, з негатываў зрабілі фотаздымкі. Тут можна пабачыць млыны ветраныя, вадзяныя, працэс іх вывучэння і перавозкі ў наш музей-скансэн.

Выстаўка — не столькі пра музейныя прадметы, колькі пра вобразы страчанай архітэктурнай спадчыны Беларусі. Але важна, што яны захаваліся дзякуючы працы рабочай групы музея архітэктуры і побыту, што складалася з архітэктараў, музейных супрацоўнікаў, цэлай плеяды прадстаўнікоў розных прафесій. Група правяла вялікую работу па фіксацыі помнікаў, што планаваліся для перавозкі ў музей.

Спачатку праводзіліся экспедыцыі па пошуку ўнікальных помнікаў архітэктурнай спадчыны, што маглі б стаць асновай музейнай калекцыі. Асобным раздзелам экспазіцыі можна назваць негатывы драўляных млыноў. Большасць з іх былі пабудаваны ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст., іх выявы яшчэ 50 гадоў таму былі звычайныя для беларуса-селяніна. Яны працавалі не на ветры, паводле традыцый, а былі пераабсталяваныя на электрацягу. Так, млын з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна, што перавезены на тэрыторыю музея, працаваў у мясцовым калгасе яшчэ ў пачатку 1970-х.

Навукоўцы адзначаюць, што ў пачатку ХІХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі было больш вадзяных млыноў, часцей выкарыстоўвалася энергія рэк, яны належалі фальваркавым панскім гаспадаркам. І ўжо ў канцы 1890-х насельніцтва нашых земляў пачало карыстацца млынамі ветранымі, што былі ў прыватнай уласнасці простых людзей. Млын дазваляў яго ўладальніку не залежаць ад зямлі, сюды везлі зерне з усіх ваколіц і малолі ў сярэднім да 9 тон зерня на месяц. Таму сёння млын — гэта не толькі помнік архітэктуры, але і помнік вытворчым сілам і прыватнай уласнасці беларусаў.

— Часта наведвальнікі нашага музея задаюць пытанне: як млыны перавозіліся? І асобны раздзел выстаўкі распавядае менавіта пра гэта. Тут можна пабачыць фотаздымкі, што паказваюць, як будынкі разбіраліся, як захоўваліся асобныя іх часткі. Пра гэта ж сведчаць і дакументы супрацоўнікаў рабочай групы.

У традыцыйнай культуры млын — вельмі містычнае збудаванне, а паводле ўяўленняў млынар — ледзь не кум самога д’ябла. Але ў сучасных умовах супрацоўнікі музея містыкі на збудаваннях не згадваюць:

— Сапраўды, млынарская справа па традыцыі лічылася вельмі містычнай, як і кавальская, — кажа загадчык экспазіцыйнага аддзела музея архітэктуры і побыту Ігар Іваноў. — Гэта тлумачыцца досыць проста: людзі нешта ствараюць, іх праца звязана з ператварэннем рэчаў з аднаго стану ў іншы, а сам працэс простаму чалавеку, які прывык працаваць на зямлі, не зразумелы. Магчыма, такое стаўленне звязана і з зайздрасцю, бо як кавалі, так і млынары цяжка не працавалі, за сахой не стаялі.

Фрагмент выстаўкі «Забытыя асілкі зямлі беларускай» у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

Фрагмент выстаўкі «Забытыя асілкі зямлі беларускай» у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

Як жа захаваць старажытныя млыны? Натуральна, што выявіць іх усе і перавезці ў музей немагчыма. Але тут бачыцца іншае выйсце: паводле апісанняў, фотаздымкаў, што сабраныя навукоўцамі, аднавіць старыя машыны.

— Прыйшоў той час, калі, на жаль, мы не можам рэстаўраваць помнікі, што былі створаны ў XVIII—ХІХ стагоддзях, — разважае дырэктар музея-скансэна Эдуард Багдановіч. — І сёння навукоўцы ставяць пытанне аб стварэнні дакладных копій старажытных драўляных збудаванняў паводле дакументаў, што захаваліся. Іх трэба вывучаць і аднаўляць. Праўда, тут меркаванні раздзяліліся, не ўсе прымаюць як слушную ідэю стварэнне копій, многія лічаць, што навадзел — гэта нецікава. А я лічу, што цікава. Знішчаныя гадамі помнікі, што ўжо загінулі, можна аднавіць па дакументах і фотаздымках.

Марына Весялуха

Фота Кастуся Дробава

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 225 раз Последнее изменение Среда, 27 марта 2019 11:03
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии