Воскресенье, 15 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Хочаш у зямны рай?

  • Четверг, 28 марта 2019 19:20
  • Автор  Сугучча

Ва ўсе часы нашы продкі любілі ўпрыгожваць жытло. Але калі, напрыклад, саламяныя павукі, лялькі часта выконвалі функцыі абярэгаў, выцінаныя з паперы фіранкі засцерагалі дом ад яркага сонца, то маляваныя дываны, апроч эстэтычнай, ніякай утылітарнай функцыі не мелі. Малюнкі на тонкай тканіне ці паперы, створаныя ў асноўным вандроўнымі мастакамі, служылі толькі аздобай пакоя. Іх зазвычай вешалі на сцяну над ложкам ці канапай. Пра задачу маляванак радаваць вока гаспадароў сведчаць і самыя распаўсюджаныя сюжэты — карціны ідылічнага свету (амаль зямнога раю), дзе людзі і дзіўныя яскравыя жывёлы суседнічаюць у міры, вазы з кветкамі, непаўторныя і маляўнічыя пейзажы, што могуць існаваць у далёкіх і недасяжных землях. Натуральна, такія карціны падаваліся селяніну, які прывык цяжка працаваць на зямлі, цалкам нерэальнымі, але прыносілі асалоду толькі ад сузірання.

У нашай краіне маляваныя дываны вядомы з канца ХІХ стагоддзя, але найбольшае іх распаўсюджванне назіраецца ў 1930 — 1950-х гадах. У гэты час інтэнсіўна будаваліся вёскі, а сяляне імкнуліся зрабіць сваё жытло не толькі функцыянальным, але і прыгожым. Так, у адпаведнасці з наіўным светаўспрыманнем беларуса, сфарміравалася ўласная паэтыка ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе маляўнічапластычнымі метафарамі раю. Таму і нядзіўна, што дываны, дзе гэты самы рай быў адлюстраваны ў дэталях, калісьці дарылі на шчасце ў беларускіх вёсках да вяселля ці да ўваходзін.

Маляваныя дываны па матывах дэкору і характары кампазіцыі падобныя да вышываных і тканых славянскіх насценных дэкаратыўных дываноў, але з-за адметнасцяў тэхнікі выканання і матэрыялу яны былі таннейшыя і, натуральна, не такія працаёмкія. На адзін выраб ішло два сшытыя кавалкі даматканага льнянога палатна (1,5 × 2 м). Палотнішча спачатку фарбавалі ў чорны колер, потым малявалі на ім асноўныя дэталі сюжэта, часам ужываючы трафарэты, выразаныя з кардону. Падмалёўка дробных дэталяў і святлаценяў рабілася ад рукі.

Маляванка была вельмі зручным прадметам, якім можна было аздобіць хату. Аднак з-за таннасці матэрыялу, стаўлення да творцаў, якія іх выраблялі (а гэта зазвычай вандроўныя мастакі, якія за працу прасілі хіба толькі ежу і начлег), да нашага часу захавалася не так шмат прыкладаў аўтэнтычных маляванак. Іх часта выкідвалі, тканіну мылі, выкарыстоўвалі ў гаспадарцы. Маўляў, навошта захоўваць і берагчы стары дыван, калі за гадзіну можна зрабіць новы, ярчэйшы і прыгажэйшы?

З цягам часу ў пэўных мясцінах краіны вылучыліся рэгіянальныя варыянты кампазіцыі і дэкору. Адметныя мастацкія рысы маюць маляваныя вырабы Віцебскай вобласці (Глыбоцкі, Докшыцкі, Міёрскі, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі раёны) і Мінскай (Мядзельскі, Вілейскі). Сёння яны ўваходзяць у спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Кампазіцыя дываноў часцей за ўсё ўяўляе сабой размешчаны ў цэнтры букет кветак у вазе, кошыку ці перавіты стужкай. Асноўны малюнак, як правіла, мае раслінна-арнаментальную абляцоўку — па краях гірляндай з кветак і лісця або скіраванымі да цэнтра букетамі, рассыпанымі па ўсім полі. Таксама ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак — ластавак, галубоў, паваў, зязюль і звычайна ініцыялы аўтара ці заказчыка. Існавалі таксама, як сёння кажуць, эканом-варыянты: паўдываны — з аднаго палотнішча і макаткі — з паловы. У гэтых малых вырабах прысутнічалі кампазіцыі з парамі львоў, аленяў, галубоў, выкананыя ў звычайнай наіўна-рэалістычнай манеры.

Ад арэала паходжання дываноў залежала і тэхніка малюнка. Так, напрыклад, у Докшыцкім раёне ўжывалі клеевыя фарбы. Таму мясцовыя маляванкі вылучаюцца надзвычайнай дэкаратыўнасцю і ўмоўнасцю, моцнымі лакальнымі колерамі без паўтонаў і пераходаў. Маляваныя дываны з іншых раёнаў Віцебшчыны выконваліся алейнымі фарбамі. Таму яны адлюстроўваюць імкненне да рэалізму: у іх больш дэтальна намаляваны пялёсткі кветак, лісце, абрысы жывёл і птушак.

Абавязковым кампанентам дыванковых краявідаў Віцебшчыны была водная стыхія, што, натуральна, тлумачыцца геаграфічнымі асаблівасцямі краю. Перыядычна ў Беларусі сустракаліся маляваныя дываны сюжэтна-тэматычнага характару. Тут прысутнічалі сюжэты катання на лодках, сустрэчы ці развітанні закаханых, архітэктурныя пейзажы ў характэрным стылі. Таксама гэтыя малюнкі аздабляліся арнаментальна-расліннымі матывамі. Прыкладамі такіх вырабаў з’яўляюцца творы нашых славутых майстроў Язэпа Драздовіча і яго паслядоўнікаў Алены Кіш і Фёдара Сухавілы.

Як і любы від народнага мастацтва, маляванка — не застылая, трывалая форма, а пластычны жанр, што дазваляе мастаку выяўляць уласныя творчыя памкненні, натуральна, у прынятай стылістыцы. Так, маляваныя дываны сёння адраджаюць на Случчыне і Глыбоччыне (на фота — работа мастачкі з Глыбокага Святланы Скавыркі), а іх стылістыку і кампазіцыю можна паўтарыць у сучасным адзабленні рэкламы, вітрын магазінаў.

Таму, калі гэтай вясной будзеце праходзіць каля сталічнага ЦУМа, звярніце ўвагу на вітрыны. Думаю, пабачыце на іх знаёмыя «маляванкаўскія» элементы.

Марына Весялуха

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 217 раз Последнее изменение Четверг, 28 марта 2019 19:25
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии