Воскресенье, 15 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Афанасій Філіповіч (1597—1648)

  • Среда, 31 июля 2019 13:36
  • Автор  Сугучча

Жыццё Афанасія Філіповіча было драматычным і павучальным. Паверыўшы ў сваю абранасць быць абаронцам праваслаўя, ён асудзіў сябе на цяжкія выпрабаванні. Яго лічылі звар'яцелым, кідалі ў вязніцу, яму затыкалі рот, яму не верылі... Здавалася, ён губляў пачуццё рэальнасці, здавалася, ён сам не разумеў, што робіць, здавалася, ён сее нянавісць і варожасць... Супярэчлівы і просты, ваяўнічы і міралюбівы, вялікі і «недзный». Афанасій Філіповіч — гэты «правоверный слуга Божий».

Атрымаўшы добрую адукацыю ў брацкай школцы, верагодна, у Бярэсці, Афанасій у маладосці настаўнічаў «па науках церковно-русских». Сем гадоў вучыў «царэвіча маскоўскага» — яшчэ аднаго самазванага прэтэндэнта на царскі пасад Яна Фаўстына Лубу, якога апекаваў канцлер Леў Сапега.

Зрэшты, Афанасій зразумеў «опытность света» і ў 1627 годзе стаў манахам Віленскага Свята-духаўскага манастыра. Пасля былі Куцейнскі манастыр каля Оршы і Міжгорскі манастыр каля Кіева. Усё жыццё памятаў Афанасій наказы свайго духоўнага настаўніка айца Каментарыя: «Принамней, тые три речи заховай: першая — будь послушным старшим своим, другая — правила церковного пилнуй, третяя — бесед женских стережися. Тыя гды, даст Бог, сохраниш, спасёшся и будеш потребен на службу церкви Христовой». Гэтых правілаў Афанасій і прытрымліваўся.

Тры гады з 1633 года Афанасій у сане іераманаха ўзначальваў Дубайскі манастыр каля Пінска. Тут ён вёў змаганне са злымі духамі «видомыми и невидомыми». Магчыма, «злыя духі» — гэта свецкія спакусы, ці ў містычным азарэнні трызніліся яму д'яблы. Увогуле ў рэлігійнай экзальтацыі Філіповіч бачыў нейкія патаемныя знакі ці чуў голас Божай Маці.

Не толькі малітваю, але і справаю хацеў Афанасій служыць Богу. Восенню 1637 года Філіповіч пакінуў манастырскую келлю і пайшоў па свеце збіраць міласціну для манастыра. Міласціну ён рашыў прасіць у самаго цара, нібыта самая Божая Маці, якая з'явілася да яго падчас малітвы, указала яму: «Цар московский збдуем ми церков! Иди до него».

Шлях да Масквы быў цяжкі. Філіповіч і яго спадарожнікі каля Прапошака трапілі ў страшэнную буру, блукалі доўга ў непагадзі і ледзь не патанулі ў Дняпры, ледзь не згарэлі ў будынку, дзе знайшлі сабе прытулак. Выпрабаванні Афанасій трываў мужна.

У Маскве ён усё ж трапіў на прыём да цара Міхаіла Раманава. Але коштам выдачы дзяржаўнай тайны пра «маскоўскага царэвіча», якога ён навучаў. Думаў, што робіць добрую справу, бо з-за гэтага самазванца магло быць «много злого». Здзіўляе наіўная прастата Філіповіча, калі ён шчыра правакуе цара на вайну з Рэччу Паспалітай у абарону праваслаўя. І зноў, нібыта гэта пажаданне Божай Маці, якая нібыта загадала яму сказаць цару: «звитяжай неприятели наши». З-за рэлігійнага фанатызму ён не разумеў, што распальвае нянавісць сярод хрысціян. Здаецца, Філіповіч жыў сваімі апантанымі пачуццямі, а не разважлівым розумам. Аднак ён не шукаў асабістай карысці ці славы. Сваю місію вызначаў сціпла: «А запытает ли хто: «Чи пророк ты, што то мовіш?». В покори сердечной одповем: «Не пророк, только слуга Бога сотворителя моего, посланый ведлуг часу, абым правду каждому мовил». І праўду ён казаў, нават каралю Уладзіславу Вазе, перакананы, што яна дапаможа ўсталяваць справядлівасць, не разумеючы, што праўду не любяць і таго, хто яе кажа, таксама. За сваю праўду Афанасій апынуўся ў становішчы, калі яго ненавідзелі і чужыя, і свае — ён быў гнаны і зняважаны.

Пасля вяртання з Масквы ў 1640 годзе Філіповіч стаў ігуменам Сімяонаўскага манастыра ў Бярэсці. Апантана ён абараняе манастыр ад захадаў уніятаў завалодаць святыняй. І нібыта пачуўшы голас Купяціцкай Божай Маці, каб патрабаваў ад караля Уладзіслава Вазы, «грозячи правдивым гневом и страшным судом Божим», адмены царкоўнай уніі, Афанасій Філіповіч шчыра паверыў, што на яго «пал» дух святы і ён абраны для святой місіі. А таму на сойме ў 1643 годзе Афанасій не толькі патрабуе ад караля скасавання уніі, але і пагражае каралю Божым гневам. Гэта была адкрытая абраза каралеўскай годнасці. Сойм не адобрыў гэтага выступлення. Праваслаўныя іерархі адцураліся нястрыманага ігумена і абвясцілі яго вар'ятам. Філіповіча пасадзілі ў вязніцу, каб не нарабіў большага глупства і не наклікаў бяды на праваслаўную царкву. Немаведама як Афанасій вызваліўся, але на волі ён у крайнім запале бегаў па варшаўскіх вуліцах і крычаў: «Беда проклятым и неверным!» Яго зноў засадзілі ў вязніцу. Духоўны суд над ім у Кіеве ўсё ж вызваліў яго з няволі, але ненадоўга. Філіповіч зноў апынуўся ў вязніцы, ужо за выдачу тайны «маскоўскага царэвіча». За паўгода зняволення Афанасій напісаў некалькі публіцыстычных твораў у абарону праваслаўя і з нападкамі на унію. Па каралеўскім наказе кіеўскі мітрапаліт замкнуў непакорлівага манаха ў Кіева-Пячэрскім манастыры, каб той «не могл жадных (ніякіх) голосов робити». Тут у цеснай келлі Афанасій напісаў свой галоўны твор — «Дыярыуш» — адзін з шэдэўраў старадаўняй беларускай літаратуры. «Дыярыуш» — не толькі ўспаміны аўтара, але і выкрывальныя прамовы, і багаслоўскія думкі, і гарачая палеміка, і рэлігійныя гімны. Аўтар сабраў пад адной вокладкай перажытае і перадуманае, каб перадаць свой духоўны набытак: «...для ведомсти людем православным, хотячим о том тепер и у потомные часы ведать».

На свабоду Афанасій выйшаў пасля смерці кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы на пачатку 1647 года і вярнуўся ў свой манастыр у Бярэсці. Тут і напаткала яго пакутніцкая смерць. 5 верасня 1648 года яго расстралялі жаўнеры па даносе аб сувязях з казакамі Багдана Хмяльніцкага. Берасцейскі ваявода не стаў высвятляць віны Філіповіча і выдаў яго на расправу. Ён вытрымаў катаванні агнём, але не адмовіўся ад поглядаў: «Што юж рекл, том рекл, а з тым умираю». Перад смерцю Афанасій прадрок праследаванне праваслаўнай царквы, але пасля і яе росквіт «як крын сярод цярноўнікаў і яе іскра ў попелу зарытая з'явіцца, зазіхаціць і ўсё асвеціць». Зрэшты, так і сталася. Толькі праз доўгі час і праз цяжкі цярністы шлях праваслаўная царква заняла свае адметнае і годнае месца ў духоўным жыцці Беларусі. А апантаны змагар за яе — святы прападобнамучанік Афанасій Філіповіч — стаў адным з нябесных заступнікаў Беларусі.

Вітаўт Чаропка

Крыніца: Звязда

Прочитано 66 раз Последнее изменение Среда, 31 июля 2019 13:53
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии