У 1899 годзе, 19 ліпеня, у Мінску нарадзілася расійскі і савецкі літаратурны крытык, літаратуразнаўца Лідзія Маісееўна Поляк.
У 1920 – 1940-я гг. яна досыць шмат выступала ў перыядычным друку з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі, творчымі партрэтамі, выдала нямала асобных гісторыка-літаратурных і літаратуразнаўчых кніг. Філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава наша зямлячка закончыла ў 1925 годзе.
У 1940 годзе доктара філалагічных навук Лідзію Поляк прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1927 годзе ўраджэнка Мінска выдала кнігу «Мікалай Баўман». У выхадных дадзеных пазначана, што кніга выдадзена ў Маскве – Ленінградзе. Таксама як і ў выпадку з кнігай «Пугачоўшчына», што выйшла ў 1928 годзе. Дарэчы, і яе, і кнігу «Партрэты пралетарскіх пісьменнікаў» (1928 год) Лідзія Поляк напісала ў сааўтарстве з Э. Карабковай.
Даследчыца вядомая і як аўтар падручнікаў «Літаратура XX стагоддзя: эпоха імперыялізма і пралетарскай рэвалюцыі» (Масква – Ленінград, 1934 год), «Сучасная літаратура» (Масква, 1940), «Літаратура XX стагоддзя» (Масква, 1940). Пяру Лідзіі Поляк належыць манаграфія «Аляксей Талстой – мастак: Проза» (Масква, 1964). Літаратуразнаўца займалася вывучэннем жыцця і творчасці Аляксандра Блока, Уладзіміра Маякоўскага, Дзям’яна Беднага, Аляксандра Жарава, Мікалая Ціханава, Мікалая Асеева, Міхаіла Ісакоўскага, Аляксандра Пракоф’ева, Усевалада Раждзественскага, Паўла Антакольскага, іншых рускіх пісьменнікаў. Лідзія Маісееўна друкавалася ў літаратурна-мастацкіх часопісах, «Литературной газете».
Памерла літаратуразнаўца ў 1992 годзе. Лідзія Маісееўна Поляк – жонка славутага савецкага мовазнаўца Рубена Іванавіча Аванесава (1902 – 1982). Яго класічная праца – «Фанетыка сучаснай рускай літаратурнай мовы» (1956). Да гэтага часу настольнай кнігай русістаў з’яўляецца кніга Р. Аванесава «Рускае літаратурнае вымаўленне» (1950), якая вытрымала шэсць выданняў. Што цікава, у 1971 годзе Рубен Аванесаў быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за комплекс прац па беларускай лінгвістычнай геаграфіі.
Сяргей Шычко