Суббота, 16 01 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Прачытанне Пушкіна ў Паднябеснай: Жыццё і творчасць класіка рускай літаратуры ў працах ураджэнцаў Беларусі – эмігрантаў у Кітаі

  • Понедельник, 09 ноября 2020 09:11
  • Автор  Сугучча

У маскоўскім выдавецтве «Художественная литература» пабачыла свет надзвычай цікавая кніга «Руская эміграцыя ў Кітаі. Крытыка і публіцыстыка. «…сын Музы, Аполлонов избранник». Наклад – усяго толькі 500 экзэмпляраў. Відавочна, што тысячы захопленых творчасцю А. С. Пушкіна даследчыкаў і з Расіі, і з Беларусі, і з іншых краін свету могуць прапусціць гэта выданне.

Першы том (мяркуецца, што выданне будзе мець некалькі асобных частак) склалі публікацыі рускіх эмігрантаў у Кітаі пра асобу і творчую спадчыну А. С. Пушкіна, якія істотна дапаўняюць фонд замежнай пушкініяны. Матэрыялы з замежных і расійскіх архіваў друкуюцца ў Расіі ўпершыню. У кнізе з максімальнай паўнатою прадстаўлены толькі «пушкінскія» крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, рэцэнзіі, эсэ, надрукаваныя ў эмігранцкіх перыядычных выданнях усходняй галіны рускай эміграцыі (Харбін, Шанхай). Тэксты ўяўляюць сабою толькі частку вялікай спадчыны крытыкаў, мысляроў, пісьменнікаў, даследчыкаў, багасловаў, а таксама людзей, якія прафесійна не звязаны з літаратурнай дзейнасцю, і якія пісалі пра расійскае прыгожае пісьменства.

Ёсць у кнізе, як ні дзіўна, і «беларускія старонкі». Маюцца на ўвазе публікацыі аўтараў, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі альбо ў блізкай да Беларусі прасторы – маю на ўвазе Вільню, дзе ў дзевятнаццатым стагоддзі і раней сутыкаліся розныя нацыянальныя культуры і літаратуры.

Артыкуламі «Лісты Н. М. Пушкінай», «Два словы пра Вялікага», «Пушкін – звышчалавек», «Пушкін – наш сцяг» прадстаўлены Рыгор Рыгоравіч Сатоўскі-Ржэўскі (1869 – 1943), які нарадзіўся паблізу Полацка Віцебскай губерні. Выхоўваўся ў Полацкім кадэцкім корпусе, які закончыў у 1887 годзе. Наступныя два гады вучыўся ў Мікалаеўскім ваенным вучылішчы. Затым служыў у Фінляндыі. За час вайсковай вучобы паспеў закончыць дзве ВНУ: Ваенна-юрыдычную акадэмію (1896) і Археалагічны інстытут. Дзякуючы якраз такому ўзроўню адукацыі наш зямляк мог служыць у вышэйшых інстанцыях ваеннага ведамства. Рыгор Рыгоравіч быў ад’ютантам Наказнога атамана Кубанскага казачага войска. Затым служыў у Галоўным упраўленні Казачых войскаў. У час руска-японскай вайны 1904 – 1905 гг. Служыў у дзеючым войску ў якасці камандзіра казачай сотні ў Забайкальскай ваеннай акрузе. У 1909 годзе паступіў на службу ва Упраўленне Амурскай чыгункі, а затым перайшоў на будаўніцтва Мурманскай чыгункі.

У час грамадзянскай вайны друкаваўся ў іркуцкай газеце «Сибирь». Працаваў у газетах «Новое время» і «Раннее утро». У канцы 1918 года эміграваў у Харбін, дзе пачаў супрацоўнічаць з газетай «Вестник Маньчжурии». З 1919 па 1924 гг. быў выдаўцом і рэдактарам газеты «Свет». У 1920 – 1921 гг. – рэдактар штотыднёвай газеты «Понедельник». Таксама рэдагаваў газету «Гун-Бао». Акрамя літаратурнай працы займаў важную для Харбіна пасаду начальніка канцылярыі Праўлення Кітайска-Усходняй чыгункі, пакуль не прыйшлі бальшавікі.

З 1924 года пакінуў працу на чыгунцы і пачаў актыўна супрацоўнічаць з газетай «Заря». Шмат пісаў па пытаннях культуры, літаратуры, пісаў на грамадска-палітычныя тэмы. У 1940-я гг. моцна захварэў. Пайшоў з жыцця 10 верасня 1943 года.

Артыкулам «Барацьба за Пушкіна» прадстаўлены ў зборніку горны інжынер, журналіст, абаронца правоў бежанцаў Павел Іванавіч Зайцаў (1884 – 1953), які нарадзіўся 42 лістапада 1884 года ў Магілёве. Публіцыст закончыў рэальнае вучылішча ў Крамянчугу. Затым – Горны інстытут у Пецярбургу. Пасля ўніверсітэцкай вучобы выконваў вайсковую павіннасць у 10-й Сібірскай артылерыйскай брыгадзе. У 1913 годзе яму было прысвоена воінскае званне прапаршчык. А ў 1914 г. быў адкамандзіраваны у распараджэнне Упраўлення воднымі шляхамі Амурскага басейна. З 1917 па 1920 гг. працаваў дырэктарам Благавешчанскага палітэхнікума.

Перабраўшыся ў Маньчжурыю, атрымаў пасаду па палітычнай частцы пры Вярхоўным ўпаўнаважаным Омскага ўрада на Далёкім Усходзе генерала Д. Харвата. Быў старшынёю Таварыства па вывучэнню Маньчжурскага края. У 1923 годзе пераехаў у Шанхай. Стаў рэдагаваць газету «Слово» (1929 – 1937). У 1948 годзе перасяліўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе быў запрошаны заняць пасаду рэдактара сан-францыскай газеты «Русская жизнь». Дарэчы, тут зрабіў фактычна грамадзянскі подзвіг – дамогся ад амерыканскіх заканадаўцаў права на ўезд у ЗША для тысяч рускіх бежанцаў з Кітая, якія жылі ў лагерах на Філіпінах. Памёр 3 сакаваіка 1953 года ў Сан-Францыска. Што да артыкула «Барацьба за Пушкіна», то надрукаваны ён быў у газеце «Харбинское время» 11 лютага 1937 года.

А ў Вільні нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч Перамілоўскі (1880 – ?), аўтар цыкла «пушкінскіх артыкулаў» «Гутаркі пра рускую літаратуру». Ён выдатна ведаў польскую мову, дзяцінства правёў у Сувалкаўскай губерні Царства Польскага. Перакладаў на рускую мову творы польскіх пісьменнікаў – Ст. Жэромскага, Я. Леманьскага і інш. Асаблівую ўвагу надаваў прапагандзе творчасці Ст. Пшыбышэўскага. У сярэдзіне 1920-х гг. Выкладаў рускую мову ў Новай змешанай гімназіі ў Харбіне. Аўтар кніг «Пушкін» (Харбін, 1934 – 1935; два выпускі), «Гутаркі пра рускую літаратуру: Пушкін, Лермантаў, Гогаль, Тургенеў, Ганчароў, Л. Талстой» (Харбін; Прага, 1935) і іншых гісторыка-літаратурных і літаратуразнаўчых выданняў.

Канстанцін Восіпавіч Зайцаў выказаўся пра класіка наступным чынам: «Адзін толькі Пушкін ёсць проста Расія, ва ўсёй яе паўнаце і ва ўсёй яе індывідуальна-гістарычнай канкрэтнасці». Рускія эмігранты ў Кітаі жылі Пушкіным як Расіяй. І сярод пушкіністаў таго асяроддзя былі і ўраджэнцы Беларусі.

 

Мікола Берлеж

 

Прочитано 61 раз Последнее изменение Понедельник, 09 ноября 2020 14:19