Паэзію беларускага паэта Сяргея Панізьніка (нарадзіўся ў 1942 годзе) добра ведаюць у Латвіі, Украіне, Расіі, Чэхіі, Славакіі. Яго творы перакладзены на мовы самых розных народаў свету. Новая кніга паэзіі нашага суайчынніка – “Вішні цвітуць” – выйшла сёлета ў Сербіі.
Белградскі зборнік беларускага паэта пераклала на сербскую вядомая перакладчыца Даяна Лазарэвіч. Наклад кнігі, якую выдаў паэт і кіраўнік Саюза паэтычных стваральнікаў Сербіі Анджэла Заблачанскі, -- 300 асобнікаў. Даяна Лазарэвіч – перакладчыца твораў беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Бачылы, Віктара Кажуры і іншых. Пісьменніца часта бывае ў Беларусі, займаецца бібліяграфіяй публікацый,я кія адлюстроўваюць беларуска-сербскія літаратурныя сувязі.
У кнізе “Вішні цвітуць” Сяргея Панізьніка змешчаны творчыя біяграфіі аўтара зборніка і перакладчыцы. Уступнае слова пра паэзію беларускага творцы напісала Даяна Лазарэвіч. Вокладку зборніка ўпрыгожвае фотапартрэт аўтара, які ў канцы 1960-х гадоў зрабіў Іван Мележ.
Сяргей Шычко.