Версия для печати

Жывіце даўжэй, хлопцы!..”

  • Воскресенье, 31 марта 2019 16:08
  • Автор  Сугучча

У “Мастацкай літаратуры” пабачыла свет накладам у 22 020 экзэмпляраў аповесць-эсэ Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”.

Упершыню гэтая кніга была выдадзена ў 1964 годзе. Аповесць-эсэ, пасля дапрацаваная ‒ напрыканцы 1960 – у пачатку 1970-х гадоў, добра вядомая ўсім, хто любіць творчасць народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Максім Лужанін у пасляваенныя гады працаваў сакратаром славутага пісьменніка, быў сведкам яго жыцця, творчага працэсу, у якім нараджаліся многія творы класіка беларускай літаратуры, быў частым суразмоўцам “дзядзькі Коласа”. Несумненна, хто яшчэ не звяртаўся да гэтай кнігі – знойдзе ў ёй шмат адкрыццяў, прыхінецца да цікавых дакументальных сведчанняў.

Аповесць-эсэ выдадзена ў серыі “Школьная бібліятэка” – і кнігі (увесь наклад!) бясплатна разыйдуцца па школьных бібліятэках краіны. Гэта вельмі важна асабліва сёння, калі школьныя бібліятэкі мастацкай літаратурай камплектуюцца не лепшым чынам. Але тут ёсць і адна праблема. Новае выданне знакамітага твора М. Лужаніна, прысвечанага Якубу Коласу, міне шэрагаовага чытача, які карыстаецца паслугамі звычайных бібліятэк альбо набывае кнігі ў гандлі. Можа быць, маючы на ўвазе дадзеную акалічнасць, выдавецтва падрыхтуе звычайны наклад аповесці-эсэ? І яшчэ адна заўвага да кніжнай падзеі, якая, несумненна, з’яўляецца знакавай: праз столькі гадоў пасля напісання твора і першых яго выданняў добра было б паўторныя выданні ажыццяўляць з грунтоўнай прадмовай ці з публікацыяй у кнізе дадатковых архіўных, гісторыка-літаратурных матэрыялаў. Айчыннае коласазнаўства за мінулыя дзесяцігоддзі крочыла істотна наперад – і, безумоўна, давяраючы Максіму Лужаніну, усё ж шмат што можна было дадаць да яго расповяду. Гэта, як мне падаецца, зусім не лішні крок.

Сяргей Шычко

 

Прочитано 146 раз Последнее изменение Воскресенье, 31 марта 2019 16:08
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии