Выдавецтва “Мастацкая літаратура” прадоўжыла выданне кніжнай серыі “Сябрына: паэзія народаў Расіі”. Пабачыла свет кніга вершаў народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна “Начныя птушкі”. Перакладчык на беларускую мову – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі.
У прадмове да новага выдання гаворыцца: “Такая падзея па сённяшнім часе рэдкая – параўнальна нядаўна за кароткі адрэзак часу ў Беларусі выходзіць другая перакладная кніга паэта з Татарстана…” “Начным птушкам” папярэднічала кніга вершаў Роберта Мінуліна, адрасаваная дзецям. Яна пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”.
Два колеры ў жыцці люблю –
і белы, і зялёны:
Зімы пяшчотнай кісяю,
Жывой вясны карону, ‒
так адкрываецца зборнік вядомага татарскага паэта, якому ўжо даўно не падаецца чужой старонкай Беларусь. Раней вершы Роберта Мінуліна друкаваліся ў часопісе “Вясёлка”, газеце “Літаратура і мастацтва”, у калектыўным зборніку твораў паэтаў і празаікаў Расіі, адарасаваных дзецям, – у анталагічнай серыі “Дзіцячая літаратура народаў СССР”. У 2009 годзе татарскі паэт быў удзельнікам міжнароднага круглага стала беларускіх і зхамежных пісьменнікаў у Смаргоні. Сёлета, 1 сакавіка, удзельнічаў у міжнародным сімпозіуме літаратураў “Пісьменнік і час” у Мінску.
Шмат гадоў назад Р. Мінулін напісаў верш “Слухаючы палакнэз Агінскага”. “Агінскага/ Даўнейшы паланэз/ Іграе хтосьці / Так натхнёна./ У нотах/ Горкую тугу/ Ён адкрывае зноў/ Здзіўлёна./ А чалавека нудзіць ростань./ Сум зразумець яго / Так проста…/ ў Айчыны просіць/ Даравання…” Пранікліва, надзвычай душэўна гучаць гэтыя словы і зараз. Семдзясят вершаў аб’яднаны ў кнізе “Начныя птушкі”. Кожны з твораў – гэта глыток крынічнай вады, дзякуючы якому і беларусу прасцей адчуць, спасцігнуць свет татарскай культуры, татарскай літаратуры.
Серыя будзе мець працяг, ‒ гаворыць дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт і перакладчык Алесь Бадак. – “Сябрына”, распачатая ў свой час кнігай вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі “Ранішні вецер у акне”, відавочна, папоўніцца новымі зборнікамі. Чаму б не кнігамі калмыка Эрдні Эльдышава, чачэнцаў Адама Ахматукаева, Лулы Куна, удмурта Сяргея Мацвеева, чуваша Валеры Тургая, а мо і яшчэ некага, чые вершы сёння друкуюцца ў перакладзе на беларускую мову на старонках часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, газет “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”.
Алесь Карлюкевіч
На фота Роберт Мінулін падчас сімпозіўма "Пісьменнік і час", 2018.
Фота: "Сугучча"