Воскресенье, 09 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Інтэрв'ю з пісьменніцай Алёнай Беланожкай

  • Суббота, 10 апреля 2021 15:02

«Мы, як алхімікі, шукаем формулу твора на беларускай мове».

Пісьменніца Алёна Беланожка жыве ў Магілёве і працуе мастацкім кіраўніком у абласной філармоніі. Нядаўна ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла яе аповесць «Зорка Ракгіхархі». Падчас знаёмства з пісьменніцай вельмі складана ўявіць, як у яе атрымліваецца жыць у такім хуткім тэмпе: ствараць апавяданні, вершы, песні; распрацоўваць музычныя мерапрыемствы, удзельнічаць у круглых сталах ды тэлеперадачах. Алёна распавяла аб сваім творчым бэкграўндзе, падзялілася асноўнымі планамі і выказалася наконт стану сучаснай беларускай літаратуры. 

— Вы былі госцяй тэлеперадачы «Дыяблог», дзе сказалі аб тым, што з'яўляецеся спецыялістам па фальклоры. Таксама ў вас ёсць твор «Зарні Ані», заснаваны на комі-пярмяцкай міфалогіі... Дзе вы набывалі адукацыю?

— Сказаць, што ў маім дыпломе так і напісана — «Спецыяліст па фальклоры», вядома, нельга. Я вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і, скончыўшы навучанне, стала рэжысёрам абрадаў і свят. Мы вывучалі традыцыйную мастацкую культуру беларусаў. Я шчыра захапілася, пачала набываць адпаведную літаратуру, звязаную не толькі з культурай Беларусі, але і з культурай нашых паўднёвых і ўсходніх суседзяў. Вывучала сімволіку, семантыку... Пазней, калі ўладкавалася на работу ў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы, атрымала шанец наведаць розныя куточкі Магілёўскай вобласці і паглядзець, у якім стане народная творчасць Магілёўшчыны знаходзіцца ў дваццаць першым стагоддзі, як яна развіваецца, трансфармуецца, як адказвае на выклікі часу.

Твор «Зарні Ані» — фантастычнае апавяданне, мастацкая перапрацоўка ўяўленняў пра «Залатую бабу», і прыдумкі ў ім значна больш, чым уласна міфалагічнага кантэксту. Мяне проста ўразіў гэты вобраз, асноўную частку твора дарабіла фантазія.

— Якую ролю іграюць міфы ў вашых творах?

— Вялікую. Як, напэўна, і ва ўсіх пісьменнікаў, хто піша ў фантастычным жанры. Міфы — вялікая крыніца натхнення. Наколькі глыбока мы іх перапрацоўваем — залежыць ад задачы, якую перад сабой ставім. Іншы раз трэба напісаць захапляльны, дынамічны сюжэт. А іншы раз — стварыць атмасферны твор, у якім залішняя сюжэтная нагрузка будзе разбураць тую самую атмасферу. Напрыклад, «Казкі неба і акіяна», надрукаваныя ў часопісе «Маладосць», хоць і маюць адсылкі да палінезійскай міфалогіі, але асноўная мая задача была — паказаць прыгожую, таямнічую, сапраўды казачную атмасферу ўсходняй Акіяніі. Свет, які адрозніваецца ад нашага.

— Які ўплыў на вас як на аўтара аказаў Магілёў?

— Гэтае месца, дзе я нарадзілася, з якім звязаны мой лёс. Я напісала не адну песню, не адзін верш пра Магілёў і Магілёўшчыну, ствараю сцэнарыі свят і відовішчаў, фестываляў, якія праходзяць у Магілёўскай вобласці. Зараз працую над творам для падлеткаў, заснаваным на паданні пра Машэку. Думаю, што мой горад абавязкова натхніць мяне і на вялікія празаічныя творы.

— У адным са сваіх інтэрв'ю вы сказалі: «З прозай і драматургіяй сітуацыя, мякка кажучы, тужлівая. Тут не тое, што няма канкурэнцыі. Тут некаторыя нішы зусім не занятыя». Прайшло амаль дзесяць гадоў. Ці змянілася ваша меркаванне на гэты конт? І калі змянілася, то як?

— Драматургаў у нас, і праўда, небагата. Кінасцэнарыстаў, стваральнікаў тэатральных п'ес можна пералічыць па пальцах. На жаль, мы не чуем новых гучных імёнаў. Магчыма, яны ёсць, але мы пра іх нічога не ведаем. Згадак у шырокай прэсе няма — хіба што ў профільнай, але для простага чалавека гэта таямніца. Для большасці людзей, чытачоў вялікая загадка, ці ёсць у нас сучасныя драматургі? Ці выдаюцца зборнікі п'ес, адрасаваных дзіцячай аўдыторыі? А для самадзейных тэатраў? Дзе ім браць сучасны матэрыял? Напэўна, гэта звязана з тым, што сёння сцэнарыст і рэжысёр працуюць у шчыльным тандэме, новыя п'есы, пастаноўкі калі ствараюцца, то робяцца адразу пад умовы сцэнічнай пляцоўкі, і вядома, што ў друку яны не з'яўляюцца. Але ўсё-ткі я ўпэўнена, што калі аўтары напішуць добрыя, якасныя п'есы, прынясуць у рэдакцыі — то з'явяцца новыя зборнікі, ды не адзін-два, а будзе заснавана цэлая серыя, адкрыты новыя імёны. І таксама спадзяюся, што ў нас з'явіцца больш сатырыкаў, фельетаністаў. Можа быць, не зараз. Не адразу. Але ўсё будзе. Я аптымістка.

— Як вы ставіцеся да падзелу літаратуры на мужчынскую і жаночую?

— Я думаю так: каму зручна дзяліць літаратуру, каб было прасцей абіраць для сябе аўтараў, прасцей крытыкаваць — хай дзеляць. У гэтым ёсць прыемны элемент гульні і спаборніцтва.

— Якія станоўчыя тэндэнцыі вы бачыце ў развіцці жаночай літаратуры? У прыватнасці сярод беларускіх аўтарак?

— Гэта пытанне да крытыкаў, а не да аўтара. Мастак слова многа працуе, цяпер у мяне значна меней часу на тое, каб пісаць — не тое што маніторыць стан нашай літаратуры. Мы кожны робім у сваім кірунку тое, што можам, на што хапае сіл. Думаю, ні для кога не сакрэт, што жыць толькі з ганарараў за мастацкую літаратуру сёння немагчыма. Мы, як алхімікі, шукаем формулу твора на беларускай мове — любога жанру, — які хутка разляціцца агромністым тыражом, будзе мець вялікі поспех, дасць фінансавую свабоду аўтару і дазволіць займацца толькі літаратурай. Я, напрыклад, гэтую формулу пакуль не знайшла. Магчыма, нехта зараз дапісвае апошнія радкі такога твора. Час пакажа.

— Вы ўжо не адзін раз казалі аб неабходнасці стварэння ўмоў для прасоўвання аўтараў і іх твораў, то-бок гэта з'яўленне літаратурных агентаў, больш актыўная работа выдавецтваў і г. д. Як вы лічыце, ці палепшылася сітуацыя за апошнія гады?

— Думаю, што ёсць станоўчыя тэндэнцыі. Выдавецтвы актыўней прасоўваюць сваіх аўтараў. Літаратурны агент — па-ранейшаму вялікая мара кожнага пісьменніка.

— А што датычыцца інстытута крытыкі? Вы як аўтар адчуваеце дастатковасць або, наадварот, недастатковасць прафесійнага водгуку на вашы работы?

— Цяжка пра гэта казаць, калі кнігі выходзяць раз на некалькі гадоў. Я не самы прадукцыйны аўтар, а прычына — вышэй. У аглядах часопісаў, якія з'яўляюцца ў газетах, іншым разам бачу сваё прозвішча. Адзін-два-тры сказы — дзякуй крытыкам, што мяне згадваюць, для мяне гэта вялікі падарунак, вялікі гонар. Але я думаю так: калі мяне не крытыкуюць — значыць, тое, што я раблю, крытыкам не цікава. Аповесць «Зорка Ракгіхархі», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», пакуль водгукаў не мае. Ні станоўчых, ні адмоўных. Буду працаваць. Магчыма, на будучыя творы крытыкі звернуць увагу.

— Вы мастацкі кіраўнік Магілёўскай абласной філармоніі. Распавядзіце, калі ласка, што ўваходзіць у вашы абавязкі? Над чым вы зараз працуеце?

— Як мастацкі кіраўнік, я вяду рэпертуарную палітыку ўстановы. Зараз мы працуем над некалькімі праектамі: музычным кавер-праектам «Аднойчы ў кафэ «Смайл», які будзе прадстаўлены аўдыторыі 10 чэрвеня, над музычнымі праграмамі ў рамках свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое пройдзе 10 ліпеня, мюзіклам «Вянок на вадзе», дзіцячай музычнай казкай «Барбос і Мурка шукаюць гаспадара», музычна-пазнавальнымі праграмамі з цыкла «Казкі і песні роднай зямлі», адрасаванымі дзіцячай аўдыторыі, — у іх мы расказваем маленькім гледачам пра беларускія святы і звычаі, знаёмім з народнымі гульнямі, песнямі, казкамі. Гэта асноўнае, над чым мы цяпер працуем, але ў нас яшчэ шмат праектаў — канцэртных праграм, вялікіх свят, а восенню ўсіх чакае міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер — 2021» — будзем рады бачыць на канцэртах!

— А калі казаць аб літаратуры: над чым працуеце і што плануеце зрабіць у найбліжэйшы час?

— Дзіцячая прыгодніцкая аповесць «Скарб Машэкі» і зборнік фантастычных апавяданняў. Таксама вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца выдаць паэму індыйскага паэта Джаядэвы «Гітагавінда», напісаную на санскрыце, у перакладзе на беларускую мову. Вельмі хачу, каб наш чытач пазнаёміўся з гэтым фантастычна прыгожым творам! Джаядэва па-беларуску — гэта вельмі незвычайна і цікава. Мноства адсылак да індыйскай міфалогіі, таму з каментарыямі, з прадмовай. Увогуле, «Гітагавінда» — тэма для асобнай гутаркі. Я спадзяюся, што вядомы індолаг, прафесар Аляксандр Якаўлевіч Сыркін убачыць гэтую кнігу. За натхненне я павінна падзякаваць гэтаму неверагодна таленавітаму чалавеку, бліскучаму вучонаму, які пераклаў шмат помнікаў старажытнаіндыйскай літаратуры.

Арына Карповіч

Фота Кастуся Дробава

Крыніца: Звязда

Прочитано 450 раз