Вторник, 07 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Як зрабіць урок чытання любімым  

  • Воскресенье, 08 августа 2021 14:49

«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» зрабіла ўнікальны падарунак педагогам, бібліятэкарам краіны, усім, хто зацікаўлены ў развіцці дзіцячага, падлеткавага чытання, ‒ выдала дапаможнік-хрэстаматыю «Сустрэча з пісьменнікам, або Як зрабіць урок чытання любімым». Складальнік кнігі – Ірына Буторына.

«Задума стварыць гэтую кнігу падказана самім жыццём, ‒ зазначае яна ў кароткай прадмове да дапаможніка. – У жывой цікаўнасці дзяцей, імкненні актыўна спасцігаць навакольны свет я пераканалася за 15 гадоў працы настаўнікам пачатковых класаў. Назіранні выкладчыка методыкі літаратурнага чытання дазволілі адзначыць, што і настаўнікам, і студэнтам – будучым педагогам – складана арганізаваць падрыхтоўчую гутарку перад знаёмствам з новым творам, таму што звесткі пра пісьменнікаў, сабраныя ў энцыклапедычных даведніках мінулых гадоў, даюць толькі агульнае ўяўленне пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, з’яўляюцца складанымі для ўспрымання вучнямі пачатковых класаў, не маюць прывабнай эмацыянальнай афарбоўкі, што так важна для маленькага чытача!»

Чытача чакаюць сустрэчы з Генадзем Аўласенкам, Алесем Бадаком, Раісай Баравіковай, Анатолем Бензяруком, Расціславам Бензяруком, Тамарай Бунта, Анатолем Бутэвічам, Наталляй Бучынскай, Аленай Васілевіч, Нінай Галіноўскай, Васілём Жуковічам, Анатолем Зэкавым, Алесем Карлюкевічам, Уладзімірам Ліпскім, Уладзімірам Мазго, Міколам Маляўкам, Аленай Масла, Іванам Муравейкам, Міхасём Пазняковым, Аленай Стэльмах, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Міколам Чарняўскім, Уладзімірам Ягоўдзікам, Надзеяй Ясмінскай. Пісьменнікі імкнуцца распавесці тое, як складвалася іх жыццёвая біяграфія з прыцэлам на развіццё творчых, літаратурных памкненняў, расказваюць пра людзей і з’явы, якія вывелі іх у свет мастацкага слова. «Па вялікім рахунку, настаўнік кожнага пісьменніка – жыццё. І тут важна самому да ўсяго дайсці, самому адчуць тое, пра што пішаш, самому гэта перажыць. А вось творчаму майстэрству вучыцца варта. Мне вельмі пашанцавала, што ў Тальскай сямігодцы беларускую мову і літаратуру выкладаў Мікола Лобан, будучы вучоны-мовавед і пісьменнік-раманіст. Тады яшчэ ніхто не называў яго пісьменнікам, але адразу адчувалася: штосьці закладзена ў яго душы. Ён звярнуў на мяне ўвагу, даваў чытаць кніжкі, дапамагаў парадамі…» (Іван Муравейка). «Кнігі я чытаю запоем з самага дзяцінства. У мяне захавалася ў архіве некалькі сшыткаў, у якія яшчэ школьнікам навыпісваў шмат мудрых цытат з прачытаных кніг. Мне было цікава чытаць пра гісторыю Беларусі…» (Уладзімір Ліпскі). «Чаму я вырашыў стаць пісьменнікам і ці цяжкая гэта праца? Ды нічога я не вырашаў! Проста чытаў кнігі, зайдросціў тым, хто іх так цікава і «складна»  пісаў. Тым больш што ў мяне перад вачыма былі і свае прыклады. Пісалі мае старэйшыя аднавяскоўцы: паэзію – Уладзімір Дзюба, прозу – Таццяна Гарэлікава (пазней абое сталі прафесійнымі пісьменнікамі). І вучыла нас адна настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ульяна Фёдараўна Лазавенка. «Значыць, пісьменнікі нараджаюцца не толькі недзе далёка, ‒ думаў я. – Могуць яны, аказваецца, нараджацца і на нашай зямлі, нават у нашай вёсцы». (Анатоль Зэкаў).

Пісьменніцкія біяграфіі дапаўняюць іх творы – казкі, апавяданні, вершы, урыўкі з аповесцяў. Напрыканцы кнігі змешчана «Скарбонка мудрых думак». Вось што гавораць героі дапаможніка-хрэстаматыі, напрыклад, пра кнігу… «…дзівосны свет, па якім можна вандраваць, не выходзячы з дому» (Алесь Бадак). «… паветра душы» (Уладзімір Ліпскі). «… цэлы свет, без якога чалавек ідзе па жыцці як з завязанымі вачыма» (Алена Васілевіч). А вось пра школу што гавораць аўтары любімых кніг: «… скарбніца ведаў» (Алесь Бадак). «… бурлівы акіян, уражанні ад якога не пакідаюць усё жыццё» (Алена Стэльмах». «…шырокае кола, на якім дзяцінства шпарка едзе ў юнацтва» (Анатоль Бензярук). «…чароўны куфэрак, у якім складзены веды» (Генадзь Аўласенка). «… вулей, знітаваны з бясконцым Сусветам» (Уладзімір Ягоўдзік).

Завяршаюць кнігу метадычныя аспекты працы з біяграфічным матэрыялам на ўроках літаратурнага чытання ў пачатковай школе Ірыны Буторынай «Як зрабіць урок чытання любімым». Метадыст, педагог адказвае на пытанні: «Якой мэце падпарадкаваны ўрокі класнага і пазакласнага літаратурнага чытання»; «Як выглядае формула ўдалага ўрока чытання»; «Для чаго ў класе патрэбны куток чытання»; «У чым заключаецца метадычная вартасць кніжных ведаў»; «На што неабходна звярнуць увагу перад першым знаёмствам з біяграфічнымі звесткамі пра аўтара»; «Як выклікаць цікавасць вучняў да біяграфіі пісьменніка».

Дапаможнік-хрэстаматыя, падрыхтаваная Ірынай Буторынай, выйшла з QR-спасылкай на відэаролікі пра жыццё і творчасць пісьменнікаў. Наяўнасць дадзенага відэакантэнта на сайце p-shkola.by забяспечвае выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Як падказка на заўтра: калі ў кнігі будзе працяг, то, несумненна, варта ўключыць у новае выданне і матэрыялы, звязаныя з творчасцю такіх пісьменнікаў, як Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка, Валеры Гапееў, Георгій Марчук, Аляксей Якімовіч, Алесь Жук, Уладзімір Карызна, Таццяна Мушынская, Сяргей Панізнік і многіх іншых…

 

Мікола Міршчына

Прочитано 711 раз