Суббота, 18 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

На кніжнай выставе прэзентавалі энцыклапедыю Караткевіча

  • Пятница, 19 февраля 2021 16:33
  • Автор  Сугучча

18 лютага, у першы дзень ХХVІІІ Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прапанавала чытачам новую энцыклапедыю «Уладзімір Караткевіч».

Як распавялі дырэктар установы Вольга Ваніна і загадчыца рэдакцыяй літаратуры, культуры і мастацтва Вольга Давідовіч, над кнігай працавалі прафесіяналы з розных рэгіёнаў Беларусі і замежжа (дзе пакінуў свой след Уладзімір Караткевіч), спецыялісты ў галіне літаратуразнаўства, краязнаўства, мастацтвазнаўства, музейнай справы і інш. Аднатомнік змяшчае каля 1000 (!) навуковых артыкулаў, прысвечаных спадчыне (у прыватнасці, разглядаецца аснова твораў, жанравая разнастайнасць, іх мова, сімволіка, папярэднія ўплывы, рэцэпцыя ў наступных пакаленняў – спіс можна доўжыць), біяграфіі і творчым кантактам пісьменніка.

На вялікі жаль, падчас пандэміі прэзентацыя адбылася ў дастаткова камерным фармаце, аднак, некаторыя аўтары ўсё ж змаглі папрысутнічаць на мерапрыемстве. Слова меў доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў, які падкрэсліў фундаментальнасць, сістэмнасць і комплекснасць выдання, заўважыў, што энцыклапедыя можа стаць добрым апірышчам для для студэнтаў, навукоўцаў і ўсіх, хто неабыякава ставіцца да творчасці Уладзіміра Сямёнавіча.

Кандыдат філалагічных навук Пятро Жаўняровіч выказаўся, што прэзентаваная кніга стане толькі перашай цаглінкай у энцыклапедычным даследаванні жыцця Караткевіча, навуковец спадзяецца, што яшчэ больш грунтоўны праект будзе рэалізаваны да 100-годдзя прызнанага класіка беларускай літаратуры. Напрыканцы свайго выступу Пятро Пятровіч прачытаў некалькі радкоў з верша У. Караткевіча «Паўлюк Багрым».

40 артыкулаў для энцыклапедыі падрыхтаваў калектыў Архіва-музея літаратуры і мастацтва і асабіста дырэктар установы – Ганна Запартыка. Яна падкрэсліла, што кніга багата ілюстравана копіямі дакументаў, што робіць выданне не толькі больш візуальна прывабным, але і больш факталагічна дакладным. Ганна Вячаславаўна падзякавала выдавецтву і ўсім, хто спрычыніўся да праекта, павіншавала з завяршэннем вялікай і карпатлівай працы, пажадала моцы, здароўя і натхнення ў наступнай.

З кола аўтараў, якія спрычыніліся да вывучэння мемарыялізацыі Уладзіміра Караткевіча, выступіла член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза журналістаў, мастацтвазнаўца Галія Фатыхава. Яна збірала матэрыялы і ілюстрацыі да артыкулаў па мастаках і іх творах, дзе быў увасоблены вобраз Уладзіміра Караткевіча, як пры жыцці (на гэта Галія Ахметаўна звярнула асаблівую ўвагу – надзвычай папулярны аўтар і адкрыты чалавек быў Уладзімір Сямёнавіч), так і пазней. Мастацтвазнаўца адзначыла, што абсягі захавання памяці Караткевіча вельмі шырокія ў Беларусі і за мяжой, і у розных відах выяўленчага мастацтва – скульптуры, жывапісе, графіцы, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Усе аўтары атрымалі ад выдавецтва спецыяльныя лісты-падзякі за ўнёсак у працу.

Падтрымалі настраёвую хвалю прэзентацыі ўдзельнікі народнага тэатра «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай, якія прадставілі музычна-паэтычны нумар, а таксама ўразлівае харавое чытанне твора Уладзіміра Караткевіча.

Марына Варабей

Фота аўтара

Прочитано 212 раз Последнее изменение Пятница, 19 февраля 2021 16:40