Вторник, 07 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Адрасы праваслаўнага краязнаўства. Загор’е. Царква. Могілкі…  

  • Пятница, 06 августа 2021 12:59
  • Автор  Сугучча

З гэтымі мясцінамі звязаны імёны многіх дзечаў культуры, мастацтва, літаратуры… Калі гаварыць пра прыгожае пісьменства, то дарога з Міра да Карэліч, прыпынак у  вёсках Загор’е, Турэц, а яшчэ – магчымасць збочыць у Ярэмічы – падстава згадаць імёны многіх беларускіх пісьменнікаў. Найперш – славутага празаіка Янку Брыля. Яго паплечніка па ваеннай біяграфіі – Уладзіміра Калесніка. Дарога гэтая вядомая пісьменнікам і акцёрам Анатолю Жуку, Пятру Ламану… У вёсцы Пагарэлка Ярэміцкага сельсавета нарадзіўся паэт, дзіцячы пісьменнік Мікола Бусько, аўтар кніг паэзіі «У Нёмна на плячах» (1986), «Ад галінкі да сучка – тэлефон у павучка» (1993), «Сузор’е Шаляў» (1995), «Шасцікрылец Хмарагон» (1997)… Ярэміцкую сярэднюю школу закончыў літаратуразнавец, крытык Уладзімір Навумовіч. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры  Беражноўскай васьмігадовай школы Карэліцкага раёна. Аўтар аповесці «Узаранае поле», надрукаванай у «Маладосці» у 1968 годзе, празаічнай кнігі «Такое бывае аднойчы» (1982), манаграфіі «Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка» (1984), дапаможнікаў «Беларусазнаўства» (1989), «Беларуская літаратура XX стагоддзя: Гісторыя і сучаснасць» (2005)… Добра вядомыя гэтыя мясціны і пісьменніку Яўгену Крамко, аўтару кніг «Звяры таксама плачуць» (1985), «Нёманскія замалёўкі» (1989)…

Шмат разоў, збочыўшы з брэсцкай трасы, праязджаючы ад Міра да Карэліч, і добра ведаючы гэты адрас, царкву на могілках каля вёскі Загор’е выхопліваеш літаральна на лічаныя секунды. І такое ж уражанне, такая сустрэча вокаімгненнага характару складваецца і на зваротнай дарозе – калі вяртаешся з Карэліч… Тут трэба спыняцца, каб як след агледзець гэтую мясціну і паспрабаваць пачуць подых часін, дакрануцца да далучанасці розных стагоддзяў, задумацца пра чалавека ў прасторы вечнасці, паразважаць  пра трывогі і сумненні хуткаплыннага жыцця, якое для кожнага з нас было і застанецца ў выпрабаваннях і веры…

Мяне прывёў сюды мясцовы карэліцкі будаўнік Сяргей Дунец. Яму і яго памагатым-паплечнікам давялося займацца рэканструкцыяй, лічы – будаўніцтвам новага памяшкання праваслаўнага храма… Яшчэ ў 1861 годзе на ахвяраванні мясцовых жыхароў тут, на могілках, каля Загор’я, была пабудавана драўляная царква… Зруб пад двухсхільным дахам, у цэнтры – макаўка. Фасад быў вырашаны чатырохступовай тэрасай пад трохвуголным франтонам. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Так апісалі навукоўцы Храм праведнай Ганны… Колькі падзей з ім звязана – і нараджэнне, і смерці, радасць і гора, колькі людзей пранікліва, углядаючыся ў глыбіні абразоў, адкрывалі ў сценах царквы нешта сутнаснае, вартае таго, каб прайсці з ім па жыцці ці паглыбіцца з нечым галоўным, сапраўдным, шукаючы сваё месца ў вечнасці… За многія дзесяцігоддзі прайшла і драўляная царква свой выпакутаваны лёс. Мяняліся ўлады. Розныя ідэалогіі накладвалі сваю пячатку на канкрэтныя храмы, забараняючы вернікам падтрымліваць іх годны выгляд. Ды і час рабіў сваю справу. Наспела патрэба ўзнаўлення старога будынка.

‒ Так склалася, што да нашых мясцін спрычыніўся Генадзь Леанардавіч Сабалеўскі, ‒ расказвае Сяргей Дунец. – А ўжо ён як фундатар, клапатлівы арганізатар усіх матэрыяльных выдаткаў і выбраў нас на ролю будаўнікоў. Так некаторы час назад і вырасла новая царква, ужо «апранутая» ў чырвоную цэглу… Уражлівымі падаюцца мазаіка, скульптура, вітражы. На даху ўсталяваны сонечныя батарэі, які асвятляюць храм і блізкую тэрыторыю, прыцягваюць да гэтай мясціны вандроўнікаў і ў вячэрні час. Прыемна, што ўзнаўленне, новае нараджэнне адбылося ў пярэдадзень 160-годдзя з дня першага нараджэння храма… Людзі, а жыццё паказвае, што гэта – і моладзь, новыя пакаленні, прыходзяць на вядомае іх прадзедам, дзядам, іх прашчурам месца, і, як мне падаецца, адчуваюць светло, судакранаюцца з мінулым і перадаюць свой настрой зусім юным, для каго, спадзяюся, царква ў Загор’і стане роднай і блізкай…

З абнаўленнем храма змянілася і сама атмасфера гэтай мясціны. Пра тое, што царква праведнай Ганны прыцягвае людзей, становіцца своеасаблівым выхаваўчым асяродкам мы размаўлялі на могілках у Загор’ і са старастай прыхода… Яна звярнула ўвагу ў храме на пліту з прозвішчамі землякоў, якія не прыйшлі з мінулай вайны… Вялікая Айчынная ў гэтых мясцінах звязана з многімі драматычнымі падзеямі. Варта зазірнуць у мастацкія і дакументальныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, чый талент якраз тут, у Загор’і і яго ваколіцах і выпеставаны, у творы легендарнага партызана літаратуразнаўца Уладзіміра Калесніка, ‒ і перад вачыма адкрыецца шырокая карціна партызанскай памяці. Але кожны з мясцовых жыхароў ведае сваю ўласную сямейную гісторыю. І сабраўшы на пліце прозвішчы ўсіх землякоў, хто не вярнуўся, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі доктар біялагічных навук Мікалай Ламан, зрабіў высакародную справу захавання гістарычнай памяці. Вялікія падзеі заўжды ўспрымаюцца намі, калі адкрываецца нешта асабістае…

‒ А яшчэ Мікалай Афанасьевіч, ‒ расказвае стараста, ‒ высадзіў па перыметру могілак хвоі, якія сам і закупіў у пітомніку. Зараз вунь як вымахалі! І углядаючыся ў іх роўны радочак, нельга не пакланіцца добрай справе… Нашы вёскі Загор’е, Турэц, які зусім побач, дзе, дарэчы, ёсць вялікі, таксама з дзевятнаццатага стагоддзя праваслаўны храм, ‒ з багатай гісторыяй. І мне здаецца, што ў летапіс нашых мясцін увойдзе і сённяшняе ўзнаўленне царквы праведнай Ганны. А вернікі з Загор’я, госці, якія да нас прыязджаюць, будуць і надалей памятаць, што ўсіх збірае свята 7 жніўня…

З храмам не дазваляе хутка развітацца і адмысловае яго мастацкае аздабленне. Над вітражамі, мазаікамі для царквы працаваў вядомы беларускі мастак Віктар Барабанцаў. Яго творчыя здабыткі высока ацэнены ў нашай дзяржаве. Мастак ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, з’яўляецца лаўрэатам Прэміі «За духоўнае адраджэнне».

‒ І хаця нарадзіўся я на Гомельшчыне, ‒ расказвае Віктар Барабанцаў, ‒ прыкіпеў менавіта да гэтых навагрудскіх, карэліцкіх узгоркаў… Часта ездзіў сюды на пленэры. Мяне і храмы ў гэтай прасторы прыцгяваюць, і пэўны ўзвышаны творчы настрой надае сама гістарычнасць, унікальнасць гэтых мясцін…

«Вясна ў Міры», «Мір. Красавіцкая раніца», «Сустрэча ў Навагрудку», «Свята ў Міры. Партрэт пісьменніцы Вольгі Іпатавай», «Подых вякоў. Зямля Навагрудская.Трыпціх» – гэтыя і іншыя карціны, партрэты Віктара Барабанцава напоўнены святлом, светлымі фарбамі. Вельмі хацелася б, каб і астатнія ваколіцы Міра, паселішчы Загор’е, Турэц, Ярэмічы ўвайшлі ў мастацкае асэнсаванне рэчаіснасці, велічнай прыгажосці края праз яго творчасць. Як і слаўныя ўраджэнцы края – таксама…

Насустрач позірку гледача ў працах Віктара Барабанцава выпраменьваюцца снег, светлыя прасторы, чыстае неба… Так і ў мазаіках, якія аберагаюць сваімі зіхоткімі праменьчыкамі царкву праведнай Ганны на могілках у Загор’і, ‒ сонца, светласць адбіваюцца, здаецца, пры любым надвор’і. Сюжэты, вобразы, якія прыўнёс мастак менавіта ў аздабленне гэтага храма, ‒ гэта і вынік багатага папярэдняга вопыту такой працы Віктара Барабанцава. За плячыма ў творцы – і шматколерныя фрэскі на сюжэты Святога пісання, якія аздабляюць сцены ў царкве ў вёсцы Лебядзева Маладзечанскага раёна, мазаічнае пано «Прападобная Ефрасіння ігумення Полацкая», якое размешчана над уваходам у храм «Усіх тужлівых Радасць», мазаікі, якія ўпрыгожваюць царкву Марыі Магдалены ў Мінску. Высокі талент жывапісца, мастака-рэаліста дапамог Віктара Барабанцаву сягнуць і ў новыя калісьці для яго таямніцы царкоўнага мастацтва. Майстар і ў працах, якія аздабляюць святыню ў Загор’і, выклаўся напоўніцу, здолеўшы знайсці тую інтанацыю, якая і вечнасць, і мясцовую, уласцівую гэтай старонцы прыземленасць злучыць у адно цэлае. Мо таму і такой прыцягальнай, роднай, надзіва блізкай і па свойм зразумелай падаецца праваслаўная царква праведнай Ганны на могілках каля вёскі Загор’е? Будзеце ехаць у Карэлічы пры любой нагодзе – не мінайце яе. Спыніцеся. Угледзьцеся зробленае сучаснікамі нашымі, угледзьцеся ўважліва – і вы, упэўнены, адчуеце і вечнасці запавет, адчуеце дух нашых прашчураў. 

Мікола Міршчына

Прочитано 118 раз Последнее изменение Пятница, 06 августа 2021 13:02