Суббота, 15 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Агляд кніжных навінак ад выдавецтваў «Мастацкая літаратура» і «Эксма»

  • Четверг, 04 марта 2021 10:33

Агляд новых кніжных выданняў ад Людмілы Рублеўскай. 

Алесь Пальчэўскі. Рэкс і Казбек. Мастацкая літаратура, 2020.

Невялічкія, але вельмі прыгожыя і зручныя кніжачкі серыі «Я люблю чытаць» прыплываюць да вас на хвалях цікавасці дасціпнымі рыбкамі — менавіта так, напэўна, можна растлумачыць лагатып серыі. Рыбак у лагатыпе дзве пары, яны ж сімвалізуюць дзве пары вачэй — дзіцяці і дарослага, запрашаючы да сямейнага чытання. У гэты выпуск серыі ўвайшлі апавяданні Алеся Пальчэўскага, кранальныя, светлыя і ненавязліва павучальныя. Пальчэўскі рыхтаваў свой першы зборнік твораў для дзяцей яшчэ ў 1930-х, калі працаваў у дзіцячым часопісе «Іскры Ільіча». Але быў арыштаваны, рукапіс знік, а для аўтара пачаліся доўгія гады хаджэння па пакутах — лагер, праца лесарубам, паўторны арышт... Але інтэлігентнасць сваю, дабрыню і мужнасць Пальчэўскі захаваў на працягу жыцця, і сваёй жонцы, сустрэтай у высылцы грузінскай актрысе Тамары Цулукідзэ, заяўляў: «Асоба ў любых умовах застаецца тым, што яна ёсць. Трэба толькі паклікаць усю сілу волі і выстаяць!» І гэтая цэльнасць натуры адчуваецца ў творах.

У апавяданні, якое дало назву зборніку, трое паляўнічых на прывале (класічная карціна!) расказваюць гісторыі пра сваіх сабак. Рэкс, напрыклад, належаў узятаму ў палон нямецкаму салдату. Нялёгка было савецкаму воіну Паўлу, які шчыра пашкадаваў сабаку, заваяваць ягоны давер... Але дабрыня не бывае марнай — і Рэкс не раз ратаваў Паўлу жыццё. А чатырохлапы сябар другога паляўнічага, Казбек, сядзеў калісьці на ланцугу ў каўказскай вёсцы, быў страшэнна злы... А калі аказаўся моцна параненым, гаспадар не стаў яго лячыць. Толькі кватарант з навуковай экспедыцыі, на якога Казбек яшчэ нядаўна кідаўся, пашкадаваў параненага, адратаваў... І той адплаціў сапраўднай вернасцю.

Дарэчы, каларыт далёкіх краёў, дзе аўтар пражыў шмат гадоў не па сваёй волі, адчуваецца — горы, суровыя лясы, бурлівыя рэкі, у якіх мядзведзі ловяць стронгу... Кніжка адметна аформлена мастачкай Вольгай Дзятко: выявы герояў зроблены з керамікі, тканіны, кавалачкаў кары, так, што хочацца іх паўтарыць у матэрыяле самому.

Дэніэл Кіз. Кветкі для Элджернана. Масква, Эксма, 2020.

Гэта адна з тых кніг, што змяняюць свядомасць. Невялікі празаічны твор, аднесены да жанру навуковай фантастыкі, трывала ўваходзіць у топы чытацкага попыту і рэйтынгі крытыкаў. Фантастычны элемент тут вельмі ўмоўны... Проста падстава для сур'ёзнай і шчымлівай размовы пра людскую нецярпімасць і людскую дабрыню. Пра тое, чым гатовы плаціць чалавек за жаданне быць самым разумным. І пра тое, што значнасць асобы зусім не вымяраецца яе сацыяльным, відочным, статусам... Вечнае супрацьстаянне: інтэлект без дабрыні і чалавечнасці і простасць дабрыні. Галоўны герой, Чарлі Гордан, інтэлектам не вызначаецца... Як зараз кажуць, чалавек «з асаблівасцямі». Ён вельмі хоча стаць разумным... А калі такая магчымасць даецца — інтэлект Гордана з дапамогай эксперыментальнай тэхналогіі пачынае імкліва расці — шмат што мяняецца... І не заўсёды да лепшага. Гордан, добрая, чулая істота, які лічыў усіх сваімі сябрамі, раптам усведамляе, што з яго, разумовага калекі, увесь час насміхаліся, ім пагарджалі... Цяпер яго чарга глядзець звысоку на іншых. Але ці ў гэтым шчасце? Бо сказана ж у Пісанні, што ў вялікім веданні шмат смутку... Тэкст лёгка і дынамічна чытаецца. Ён пададзены ў выглядзе дзённіка Чарлі Гордана, што дало аўтару магчымаць гуляцца са стылем, перадаваць унутраныя змены героя праз плынь ягоных думак. Развязка нечаканая... Некаторыя палічаць яе трагічнай. Сапраўды, фінал зусім не пераможны для героя, але ўсё-ткі не пакідае прысмаку безнадзейнасці. Гордан, які ўзняўся да ўзроўню генія, вялікага вучонага, сам вылічвае, што эфект ад праведзенага над ім эксперымента часовы... Адчуваць, як ты дурнееш, страчваеш веды... Страшнае выпрабаванне. Але тыя перамены, што за гэты час адбыліся ў свядомасці людзей, якія атачаюць Гордана, вартыя былі ягоных пакут.

А хто такі Элджэрнан? Ну, я ўжо і так дастаткова нарабіла спойлераў... Даведаецеся самі — здзівіцеся.

Выданні для агляду дадзены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Людміла Рублеўская

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Дзвюма парамі вачэй

Прочитано 765 раз