Вторник, 07 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Далёкія і блізкія суродзічы Убачыць зарапад!..

  • Вторник, 25 мая 2021 11:17
  • Автор  Сугучча

Яшчэ зусім нядаўна знаходзіліся скептыкі, якія маглі натхнённа спрачацца на тэму: «Якая карысць з таго, што нехта назірае за начным небам?!.» Мо нават і сёння яшчэ ёсць такія, хто заяўляе: маўляў, законы фізікі дапамагаюць будаваць механізмы. А механізмы аблягчаюць працу. Ёсць шмат вартасцяў нават ў матэматыкі. Што ўжо казаць пра хімію, біялогію, ды іншыя «канкрэтныя» навукі!.. Але ж без астраноміі людзі не маглі б арыентавацца на мясцовасці. А значыць – не трымалі б у памяці і не маглі б паведаміць сябрам, знаёмым свае адрасы. Як жа без астранамічных ведаў вызначыць дні тыдня?!. Так бы і любімыя выхадныя – суботу і нядзелю – прапусцілі. Без астраноміі не ведалі б, якая гадзіна ў той ці іншы момант.

Словам, астраномія была надзвычай запатрабавана. І калі ж яе ў такім разе прыдумалі?..Тысячы і тысячы гадоў таму. Адвечнай спадарожніцай астраноміі была астралогія. А калі астраномія пачала развівацца ўсё шырэй, бо ў яе з’явіліся адгалінаванні, дысцыпліны ўскоснага характару. Прыкладам, астрабатаніку прыдумаў наш зямляк – ураджэнец Смалявіч, што знаходзяцца на Міншчыне, Гаўрыла Адрыянавіч Ціхаў (1875 – 1960). Дарэчы, што такое астрабатаніка? Раздзел астрабіялогіі, які прысвечаны даследаванню мяркуемай расліннасці на планетах Сонечнай сістэмы. У асноўным – на Марсе. Галоўным падцверджаннем наяўнасці расліннасці на Марсе лічыліся сезонныя змены. У тым ліку – і знікненне палярных шапак, а таксама пацямненне некаторых участкаў планеты. І гэтыя акалічнасці былі галоўнымі ў перакананні, што на Марсе павінна быць расліннасць. Адрозненні ж аптычных уласцівасцяў цёмных абласцей гэтай планеты ад аптычных уласцівасцяў зямной расліннасці (адсутнасць у спектры паласы насычэння хларафіла, малая здольнасць адлюстравання ў чырвонай вобласці спектра) разглядаліся як вынік прыстасавання да надзвычай суровых марсіянскіх умоў. Часткова гэта назіраецца і на Зямлі – на Паміры, у Паўночнай Сібіры і іншых падобных мясцінах. 

Праўда, прамых доказаў існавання расліннасці на Марсе і другіх планетах метады астрабатанікі, шматгадовыя назіранні Гаўрыіла Ціхава не далі. Пакуль што не далі… Дзеля чаго ў такім разе трэба было гадамі, дзесяцігоддзямі праседжваць начамі ля тэлескопа?..

Наш зямляк прыдумаў не толькі астрабатаніку. Але ж аб усім па парадку. Нарадзіўся Гаўрыла ў сям’і чыгуначнага службоўца. Што ўяўлялі ў 1875 годзе Смалявічы?.. Калі ў 1850-ыя гады ў мястэчку пражывала каля 800 жыхароў, то ў 1897-м – ужо 2757 чалавек… Развіццё паселішча напрамую было звязана з будаўніцтвам чыгункі. Станцыю ў мястэчку, праз якое пралегла Маскоўска-Брэсцкая чыгуначная лінія, назвалі Вітгенштэйнаўскай. І такую назву яна насіла да 1830 года. У мястэчку мелася валасная ўправа. Працавалі дзве царквы. У 1863 годзе было адчынена земскае народнае вучылішча. Працавалі бровар, рамесныя майстэрні па вырабу адзення і абутку, 8 кухняў. Да паслуг местачкоўцаў і жыхароў ваколіц мелася паштова-тэлеграфнае аддзяленне.

У 1897 годзе Гаўрыла Ціхаў заканчвае Маскоўскі ўніверсітэт. Наступныя некалькі гадоў праводзіць у Сарбоне. І працаваў практыкантам у Мядонскай абсерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара П. Ж. С. Жанслена. Вярнуўшыся ў Маскву, атрымаў ступень магістра. Затым два гады выкладаў у Маскве і Екацярынаслаўлі. Як толькі ў 1912 годзе ў Рускім таварыстве аматараў святлазнаўства была ўсталявана астранамічная секцыя, стаў яе старшынёю.

І ва ўсе гэтыя гады малады чалавек настойліва займаецца навуковай работай. У 1898-1908 гады Гаўрыла Ціхаў прапаноўвае два метады пошуку дысперсіі святла ў міжзоркавым асяродку – па рознасці фаз промневых хуткасцяў спектральна-двайных зорак і па рознасці фаз крывых бляску пераменных зорак, атрыманых па назіраннях у розных участках спектра. Адным з першых наш зямляк пачаў прымяняць метад светлавых фільтраў у астраноміі. 

У 1906 годзе Ціхаў пачынае свае назіранні за зоркамі ў Пулкаўскай абсерваторыі. Атрымлівае першыя фотаздымкі Марса ў розных участках спектра. Знайшоў рознасць памераў і яскравасці яго палярных шапак у розных абласцях спектра. Устанавіў існаванне блакітнай дымкі ў атмасферы гэтай планеты. Ужо з пачатку навуковай працы Ціхаў вылучаўся і як вучоны-практык. Таму ў пярэдадзень Першай Сусветнай вайны рыхтуе і выдае кнігу «Паляпшэнне фатаграфічнай і візуальнай паветранай разведкі». І ўсё ж галоўная ўвага – планетам, далёкім і загадкавым.

Марс як самая старая планета захапляе, бярэ ў палон маладога, але ўжо вопытнага астранома. Загадкі Марса ўваходзяць у свядомасць чалавецтва з адкрыцця Скіяпарэллі. Якраз пад час аднаго з набліжэнняў планеты, якую яшчэ называюць Богам вайны, італьянскі астраном заўважыў на паверхні далёкай «зоркі» (усяго на адлегласці 55 мільёнаў кіламетраў) цэлую сетку роўных прамых ліній. А тады якраз самай вялікай навіной на Зямлі было будаўніцтва і праектаванне каналаў: Суэцкі, Панамскі, Кільскі… Пройдзе час, і пісьменніца В. Жураўлёва правядзе цікавае параўнанне гістарычных падзей з сенсацыйнымі адкрыццямі на Марсе: «…пазней высветлілася, што амаль за сто гадоў да Скіапарэллі розныя назіральнікі нанеслі на карты Марса каля 60 «каналаў». Але ніхто не агучыў самога слова «каналы» і ніхто не выказаў гіпотэзы пра іх штучнае паходжанне. Давялося чакаць, пакуль на Зямлі пачнецца эпоха будаўніцтва вялікіх каналаў. Толькі тады ў цёмных прамых лініях, якія прарэзваюць марсіянскія мацерыкі, вучоныя ўбачылі каналы!»

Выходзіць, што такія яны ўжо фантазёры – шукальнікі зор?!. Але ж, пэўна, без фантазій, без вобразнага мыслення наўрад ці Гаўрыла Адрыянавіч прыдумаў бы гіпатэтычную навуку астрабатаніка. У 1949 годзе Ціхаў нават і кнігу выдасць – «Астрабатаніка». 

…Але ж не толькі Марс вабіў уважлівага назіральніка за зоркамі. У 1909 -1911 гадах наш зямляк выконвае колераметрычныя даследаванні Сатурна, адной з прыгажэйшых планет нашай сістэмы. У 1922 годзе Ціхаў даследуе Уран і Няптун. Багаты матэрыял, які назапашваецца гадамі, прымушае да ўважлвага аналізу, падштурхоўвае да навукова-публіцыстычнай дзейнасці. Менавіта Ціхаў з назіранняў попельнага святла Месяца ўпершыню ўстанавіў, што Зямля пры назіранні з космасу павінна мець блакітнаватае адценне. А да першага палёту ў космас заставалася яшчэ 47 гадоў… У 1937 і 1951 гадах Ціхаў выдае каталогі колераў каля 18 000 зорак у выбраных пляцоўках Каптэйна. 

Гаўрыла Адрыянавіч праявіў сябе як адмысловы вынаходнік у астранамічнай галіне. Яшчэ ў 1912 годзе прапанаваў канструкцыю прыбора для рэгістрацыі і ўзнаўлення мігцення зорак. У 1917 годзе Ціхава прызываюць у войска. Астраном займаецца праблемамі аэрафатаграфіі. Распрацоўвае тэхніку фатаграфічнага працэсу. Шукае метады змяншэння ўплываў паветранай дымкі. Праводзіць аптычныя даследаванні прыроднага ландшафту. А ў 1936 годзе адкрыў анамальную дысперсію святла ў атмасферы, а яшчэ распрацаваў арыгінальны прыбор («сапфірны цыянаметр») для вывучэння святла дзённага неба.

Навуковая слава Ціхава ўсё болей і болей шырылася. Па маштабах зробленага ён нагадваў старэйшага свайго земляка – ураджэнца Слуцка легендарнага рускага і савецкага астранома Вітольда Карлавіча Цасарскага (нарадзіўся ў 1849 годзе). Гаўрыла Адрыянавіч – нястомны ўдзельнік многіх навуковых экспедыцый. У тым ліку – і 5 экспедыцый для назірання за поўнымі сонечнымі зацьменнямі (у 1914, 1927, 1936, 1941, 1945 гадах).

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Гаўрыла Адрыянавіч пакідае Ленінград. У эвакуацыі знаходзіцца ў Алмааце. Дарэчы, ехаў сюды спярша, каб толькі правесці назіранні за сонечным зацьменнем 21 верасня 1941 года. На той час Ціхаў ужо быў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР (1927). А ў Казахстане востра стаяла пытанне стварэння рэспубліканскай Акадэміі навук. Разам з вучонымі К. Сатпаевым, У. Фясенкавым і другімі Гаўрыла Адрыянавіч займаецца і гэтым клопатам. У 1946 годзе Ціхава выбіраюць акадэмікам Акадэміі навук Казахстана. І ўсё далейшае жыццё нашага земляка звязана з Алмаатой, Казахстанам. У Алмааце выходзяць і асноўныя працы А. Ціхава ў 5-ці тамах. Да ранейшых кніг і публікацый дадаюцца «Астрабіялогія» (1953), грунтоўны том успамінаў «Шэсцьдзесят гадоў ля тэлескопа» (1959). З 1946 года і да канца жыцця (памёр вучоны ў 1960 годзе) акадэмік узначальваў арганізаваны ім сектар астрабатанікі пры АН Казахскай ССР.

Навуковыя здабыткі Гаўрылы Адрыянавіча адзначаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага сцяга, прэміяй Парыжскай акадэміі навук, двойчы – прэміямі Рускага астранамічнага таварыства. Імем А. Ціхава названы кратар на Марсе і Месяцы, а таксама малая планета 2251, якая адкрыта астраномам Н. Чарных 19 верасня 1977 у Крымскай астрафізічнай абсерваторыі.

Жыццё славутага астранома завяршалася, калі жыхары планеты Зямля пачыналі асвойваць космас. Да астраноміі вядомай, традыцыйнай пачалі дадавацца новыя разгалінаванні. Хуткасць плённых даследаванняў і адкрыццяў пачала істотна павялічвацца. І ўсё ж зробленае, знойдзенае, а найперш падгледжанае на начным небе шукальнікам зорак Адрыянам Ціхавым з’яўляецца фундаментам на доўгія стагоддзі ў развіцці астраноміі. 

 

Кастусь Ладуцька

 

 

Прочитано 290 раз Последнее изменение Вторник, 25 мая 2021 11:26