Вторник, 07 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Вытокі» любові да сваёй гісторыі пачынаюцца ў Кобрыне

  • Пятница, 11 июня 2021 10:26
  • Автор  Сугучча

Гэтым летам культурна-спартыўны фестываль «Вытокі» аб'яднае ўсю краіну. Свята ўжо прайшло ў Лідзе і Оршы. Эстафету з 10 да 12 чэрвеня прыме Кобрын. Гэтаму гораду ёсць што паказаць гасцям. Што менавіта — высвятляла карэспандэнт «Звязды». 

Парк імя А. В. Суворава.

Парк імя А. В. Суворава.

Аляксандр Чырун, навуковы супрацоўнік Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Суворава, раіць пачаць знаёмства з горадам менавіта з музея. «Пабываць у Кобрыне і не пабываць у музеях — зусім нельга. У нас дзве найцікавейшыя экспазіцыі. Адна — «Сем стагоддзяў Кобрына», прысвечаная ваеннай гісторыі горада са старажытных часоў і да канца XX ст. А другая экспазіцыя — дом-музей А. В. Суворава, дзе прадстаўлены рэчы XVІІІ ст.», — расказвае супрацоўнік музея. У музеі можна ўбачыць экспанаты, якіх няма больш нідзе ў Беларусі, у тым ліку старажытная зброя і асабістыя рэчы расійскіх імператараў. Большасць рарытэтаў аказалася ў Кобрыне дзякуючы першаму дырэктару музея Аляксею Міхайлавічу Мартынаву, які мае доступ да фондаў Эрмітажа.

Па сувораўскіх слядах

Імя Аляксандра Васільевіча Суворава, бадай, — ці не галоўная прынада для турыстаў. У 1795 годзе за разгром паўстання Тадэвуша Касцюшкі і іншыя заслугі імператрыца Кацярына ІІ падарыла фельдмаршалу маёнтак «Кобрынскі Ключ». Першы раз ў Кобрыне Сувораў прабыў паўтара месяца. Другі раз палкаводзец прыехаў у беларускі гарадок пасля вяртання з італьянска-швейцарскага паходу 1800 года ва ўзросце 69 гадоў, ужо глыбока хворым. Жыў ён у звычайным шляхецкім доме за межамі горада (цяпер тут гарадскі парк імя Суворава). Папулярны сёння сярод турыстаў і гараджан парк заснаваны яшчэ ў другой палове XVІІІ стагоддзя, старыя ліпы памятаюць самога Суворава і іншых знакамітых дзеячаў, якія наведвалі Кобрын. 12 чэрвеня ў гісторыю парку ўвойдзе і фестываль «Вытокі», дзе адбудзецца кульмінацыя свята — спартыўны квэст. Але вернемся да Суворава.

Як адзначае Аляксандр Чырун, для развіцця горада Сувораў нічога не паспеў зрабіць. Першы раз не хапіла часу, другі — здароўя. Аднак кабрынчане яго не забылі. Вялікі палкаводзец часта наведваў Петрапаўлаўскую царкву, спяваў там у хоры, на клірасе, званіў у званы. У народзе царкву празвалі сувораўскай. Тады храм стаяў на месцы сённяшняга сквера Марозава. Але казаць у мінулым часе пра яго не варта, храм перанеслі ў іншае месца. «Калі ў 1900 годзе адзначалі 100-годдзе з дня смерці Аляксандра Суворава, было вырашана на месцы старой царквы пабудаваць новую, якую хацелі назваць Петрапаўлаўскай-Сувораўскай. Са старога храма ўсё вынеслі, знялі ўбранства, паставілі яго на бярвёны і... пакацілі па горадзе на новае месца. Усталявалі храм на старых могілках, дзе ён стаіць і па сёння», — расказвае Аляксандр Чырун.

Памяць у бронзе

Прагульваючыся па пешаходнай вуліцы Суворава, варта звярнуць увагу на помнік княжацкай пары Уладзіміра Васількавіча і Вольгі Раманаўны. З імёнамі гэтых уладзіміра-валынскіх князёў Кобрын упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 годам. Князь Уладзімір Васількавіч завяшчае горад сваёй жонцы Вользе Раманаўне. «У гэтым дакуменце Кобрын ужо называецца горадам, гэта буйное паселішча на той момант. Безумоўна, ён старэйшы, але звестак аб гэтым у нас няма. Таму мы адштурхоўваемся ад 1287 года. Дарэчы, часта і журналісты, і аўтары кніг памыляюцца, пішуць, што князі — заснавальнікі Кобрына. Гэта не так, заснавальнікі невядомыя», — расказвае Аляксандр Чырун.

Надмагілле Міцкевічаў.

Надмагілле Міцкевічаў.

Сам помнік з'явіўся ў Кобрыне напярэдадні рэспубліканскага свята «Дажынкі» 2009 года. Аўтар помніка, скульптар Аляксандр Лышчык падарыў гораду яшчэ дзве скульптуры — боцмана на набярэжнай і кампазіцыю «Купалле» ў цэнтры фантана ў парку. У Кобрыне ўвогуле вельмі ўважліва ставяцца да скульптуры. Адны з самых вядомых славутасцяў горада — менавіта помнікі. Польскія турысты вельмі цікавяцца надмагільным помнікам Аляксандра Міцкевіча, роднага брата вядомага пісьменніка Адама Міцкевіча. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён купіў маёнтак Губернія ў Кобрыне, які раней належаў Сувораву. Сёння на гарадскіх могілках побач з Петрапаўлаўскай царквой вылучаецца помнік канца ХІХ стагоддзя ў выглядзе анёла ў жальбе. Гэты анёл аплаквае жонку і сына Аляксандра Міцкевіча, якія таксама тут пахаваны. На жаль, інфармацыі, ці бываў у Кобрыне Адам Міцкевіч, гісторыкі не маюць.

Візіткай Кобрына Аляксандр Чырун называе помнік рускім воінам. «15 ліпеня 1812 года ў Кобрыне была здабыта першая вялікая перамога над арміяй Напалеона ў межах Расійскай імперыі. Рускімі салдатамі былі разбіты саксонцы генерала Кленгеля. У гонар 100-гадовага юбілею гэтай перамогі і быў усталяваны помнік. Спачатку на пастаменце быў двухгаловы арол, як на гербе Расійскай імперыі. У дзюбе ён трымаў вянок з манаграмай імператара Напалеона Банапарта. Падчас Першай сусветнай вайны немцы знялі арла і што з ім зрабілі — невядома», — расказвае Аляксандр Чырун. З 1921 да 1939 года Кобрын знаходзіўся ў складзе Польшчы. Замест арла гарадскія ўлады ўсталявалі на пастаменце помніка бюст Тадэвуша Касцюшкі. У 1951 годзе ўжо аднагаловы арол з вянком у дзюбе і лапах заняў сваё места на пастаменце.

Пад божай аховай

Аматарам рэлігійных славутасцяў варта наведаць Першамайскую вуліцу Кобрына. Тут размешчаны касцёл, сінагога і згаданая вышэй Петрапаўлаўская царква. Каменны касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі быў пабудаваны ў 1843 годзе. У ХІХ стагоддзі кобрынскі касцёл увекавечыў у сваіх малюнках мастак Напалеон Орда.

Свята-Петрапаўлаўская царква.

Свята-Петрапаўлаўская царква.

Кобрынская сінагога — адна з самых вялікіх у Беларусі. «У нашым горадзе праходзіла мяжа яўрэйскай аседласці. Калі ўзяць насельніцтва Кобрына 1941 года — каля 70 % яўрэі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны амаль усе яўрэі, на жаль, былі знішчаны фашыстамі. А сінагога другой паловы ХІХ стагоддзя засталася, цяпер яна не дзейнічае, але цікавіць турыстаў як гістарычны помнік», — расказвае Аляксандр Чырун. На памяць ад яўрэйскага насельніцтва Кобрыну засталася гарадская забудова — двухпавярховыя дамы, якія сёння ўваходзяць у гістарычны цэнтр горада.

Абавязковы для наведвання Спаскі праваслаўны манастыр, самая старая пабудова Кобрына. Упершыню ён згадваецца ў 1465 годзе. Як расказаў Аляксандр Чырун, ёсць звесткі, што асновай манастыра была драўляная царква Святога Спаса. Яна ўпершыню згадваецца ў ХІІІ стагоддзі падчас праўлення ўладзіміра-валынскіх князёў Уладзіміра і Вольгі. Таму фактычна манастыр, які спачатку быў мужчынскім, бярэ свой пачатак з ХІІІ стагоддзя. Пасля Берасцейскай уніі 1596 года манастыр перайшоў да ўніятаў. У першай палове ХІХ стагоддзя тут адкрылі духоўнае вучылішча, якое пасля адмены ўніі ў 1839 годзе вярнулі праваслаўнай царкве. У 1872 годзе вучылішча пераехала ў Жыровічы і паклала пачатак Жыровіцкай семінарыі. Падчас знаходжання Кобрына ў складзе Польшчы тут быў павятовы суд, у часы савецкай Беларусі — раённае аддзяленне міліцыі. І толькі ў 2010 годзе пабудовы ХІХ стагоддзя вярнуліся да праваслаўнай царквы.

Турызм і матэматыка

Гісторыя Кобрына — гэта гісторыя войнаў, паўстанняў, якія выпалі на лёс Беларусі. Амаль усе вызначальныя падзеі закранулі і Кобрын. Але на прывабнасць горада гэта не паўплывала. Для таго, каб гасцям было зручна знаёміцца з горадам, існуе праект «Пазнай Кобрын» — сайт, дзе сабраны ўсе славутасці горада. З яго дапамогай можна здзяйсняць рэальныя і віртуальныя прагулкі па Кобрыне. Лепей, канешне, рэальныя з дапамогай анлайн-гідаў, прадстаўленых на сайце праекта.

Унікальны праект ствараецца на чыстым энтузіязме настаўніка сярэдняй школы № 6 Віктара Лагвіновіча, яго бацькі і вучня. «Я па сваіх вучнях бачу, што яны не ведаюць і не цікавяцца гісторыяй горада. Таму асноўная мэта нашага праекта — зацікавіць моладзь гісторыяй. Я ведаю, што госці горада ўжо карыстаюцца нашым сайтам, бо гэта адзіная пляцоўка, дзе сабраны ўсе славутасці Кобрына і Кобрынскага раёна», — расказвае Віктар Лагвіновіч. Цікава, што пачаўся праект з матэматыкі — менавіта гэты прадмет Віктар выкладае ў школе. «Мы даведаліся, што сусветна вядомы матэматык Аскар Зарыскі нарадзіўся ў Кобрыне, адкрылі яго біяграфію, знайшлі мноства цікавых фактаў. Потым мы пачалі даведвацца пра сувязь іншых выдатных асоб з Кобрынам (яны ўсе прадстаўлены на сайце праекта), і закруцілася», — адзначае Віктар Лагвіновіч.

Помнік князю Уладзіміру Васількавічу і князёўне Вользе Раманаўне ў Кобрыне.

Помнік князю Уладзіміру Васількавічу і князёўне Вользе Раманаўне ў Кобрыне.

Карыстацца сайтам «Пазнай Кобрын» вельмі проста. Дастаткова вызначыць на карце сваё месцазнаходжанне, і алгарытмы пракладуць маршрут да найбольш цікавых мясцін, апісанне якіх прадстаўлена ў тэкставым і аўдыяфармаце. А непасрэдна на саміх славутасцях ёсць QR-коды, сканіраванне якіх прывядзе на старонку аб'екта з поўнай інфармацыяй аб ім. Інтэрактыўны гід не забудзе нічога і ўсё пакажа.

На сайце прадстаўлены старыя фотаздымкі горада, якім нейронныя сеткі вярнулі арыгінальныя колеры. А віртуальны тур па Кобрыне 1980-х адправіць наведвальнікаў сайта на 40 гадоў таму. Спалучэнне мінулага на экране тэлефона і сучаснага, убачанага ўжывую, пакажа поўную карціну Кобрына. «Каб стварыць поўнае ўражанне аб горадзе, і патрэбны такія праекты. Нас чакае яшчэ шмат працы, але мы маем мэту зрабіць усё дастойна і прывабна для людзей», — разважае Віктар Лагвіновіч, які нават платформу для сайта зрабіў сам. Дарэчы, праект «Пазнай Кобрын» стаў прызёрам трэцяй ступені міжнароднай прэміі «ТІБО-2021» у намінацыі «Адукацыя і навука». Гэта ўжо трэцяя падобная ўзнагарода для праекта. Але найлепшая ўзнагарода, канешне, — наведванне сайта і выкарыстанне яго падчас экскурсій па Кобрыне. Тым больш што дзякуючы 3D-турам зрабіць гэта можна, нават не прыязджаючы ў Кобрын. Аднак усё ж такі лепей прыехаць.

У свае часы Кобрын наведвалі такія вядомыя асобы, як Аляксандр Грыбаедаў, Пётр Баграціён, Рамуальд Траўгут, Павел Шпілеўскі, Канстанцін Паўстоўскі, Аляксандр Твардоўскі і іншыя. Можа, прыйшоў час унесці ў гэты спіс і сваё імя?..

Валерыя Сцяцко

Крыніца: Звязда

Фота праекта «Пазнай Кобрын»

г. Кобрын

Загаловак у газеце: Горад, дзе ўсім будзе цікава

Прочитано 284 раз