Суббота, 18 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Апавяданне Валерыя Васілеўскага «Усё будзе добра!»

Што такое трапіць у бяду, з якой мужна змагаецца галоўны герой апавядання Валерыя Васілеўскага, аўтар ведае па сабе, па сваім болі і няспраўджаных юначых марах. І хоць лёс да яго героя, здаецца, больш літасцівы, уласным прыкладам Валерый Аляксандравіч даказвае, што галоўнае нават у самай цяжкай сітуацыі — не апускаць рукі, ставіць перад сабой вялікія мэты — і дасягаць іх.

Валерый Васілеўскі шмат піша — і мастацкія творы, і нарысы, а таксама невялікія карэспандэнцыі, якія друкуе не толькі ў глускай раёнцы, але і ў абласных, рэспубліканскіх выданнях. Выдаў кнігу «Споведзь чалавека ў інваліднай калясцы». А яшчэ ён захапляецца жывапісам, аддаючы перавагу рабоце алеем. Пра ўсё гэта я даведаўся, ужо прачытаўшы апавяданне «Усё будзе добра!» А калі даведаўся, захацелася перачытаць яго яшчэ раз, каб наталіцца нязгасным аптымізмам і светлай дабрынёй аўтара.

Алесь Бадак

 

УСЁ БУДЗЕ ДОБРА!

На досвітку прараб саўгаса Анатоль і шафёр бартавога «ўазіка» Яўген выехалі з роднага мястэчка ў абласны цэнтр па справах. Прамяні ранішняга сонца, прабіўшыся скрозь густую зеляніну лесу, які акружаў асфальтавую дарогу, падалі пад перадок іх машыны. Анатоль разглядаў справаздачныя дакументы, Яўген дыміў цыгарэтай, рабіў сваю шафёрскую справу. Мільгалі дрэвы і кусты, наперадзе быў вельмі стромкі паварот, празваны ў народзе «цешчыным языком». Хадзіла пагалоска, што жанчына пракляла свайго нялюбага зяця-шафёра, з-за чаго той і разбіўся насмерць на гэтым павароце. З таго часу хто-небудзь з шафярні ці матацыклістаў не-не ды зляціць у кювет, здараліся і лабавыя сутыкненні.

На павароце Анатоля прыціснула бокам да дзверцаў і, на імгненне адарваўшыся ад папер, ён убачыў наперадзе грузавік, які нёсся прама на іх, ішоў лоб у лоб. Потым быў моцны ўдар спераду — і Анатоль кудысьці паляцеў... Праз лабавое шкло. На асфальт, размаляваны сонечнымі блікамі.

Супрацоўнікаў ДАІ і машыну хуткай дапамогі выклікаў выпадковы матацыкліст. Яўгену меддапамога ўжо не спатрэбілася, а Анатоля, у якога была крывавая калатуша галавы, тэрмінова даставілі ў нейрахірургічнае аддзяленне абласной бальніцы, дзе з рознымі траўмамі апынуўся і шафёр грузавіка.

Праз некаторы час з аперацыйнай выйшаў доктар. Ён паведаміў сястры Анатоля Святлане, што яе брат атрымаў цяжкую траўму галавы і знаходзіцца ў коме, ёсць  падазрэнне на пашкоджанне пазваночніка.

Седзячы каля бальнічнага ложка брата, Святлана, склаўшы рукі на каленях, горка плакала. Слёзы, брудныя ад тушы, каціліся па шчоках. Страціўшы маці маленькай дзяўчынкай, яна ўжо ведала, што значыць страціць блізкага чалавека. І зараз лёс ізноў павярнуўся самым непрывабным бокам. Сэнс яе жыцця засяродзіўся на адзіным блізкім чалавеку, які цяпер ляжыць перад ёй без руху, на мяжы паміж жыццём і смерцю. Брат быў для яе і маці, і бацькам, якога ніколі не ведала.

Святлана ўсе дні і ночы праводзіла каля пасцелі Анатоля. Дзяўчына трымала яго за кволую руку і маліла Бога, каб яе брат акрыяў. Прасіла Анатоля, каб ён не здаваўся, змагаўся за жыццё і выйшаў з каматознага стану.

Чэпкія абдымкі смерці, у якіх некалькі месяцаў знаходзіўся Анатоль, нарэшце аслаблі. Ён нават не падазраваў, колькі разоў пераплываў змрочную раку ў лодцы старога Херона. Пра гэта ведалі толькі ўрачы, якія прыкладалі тытанічныя намаганні, каб спыніць набліжэнне смерці. І зараз, пасля амаль двух месяцаў, праведзеных у стане комы, напаўжывы Анатоль раптам прыпадняў запаленыя павекі. Першае, што ён убачыў, былі крылы бялявага анёла, якія па меры вяртання «адтуль» усё больш станавіліся падобнымі на рагі звычайнага медыцынскага халата. Нарэшце ён разгледзеў як у тумане далікатную, ладную фігурку медсястры, што ўвайшла ў палату.

Анатоль раптам усвядоміў, што жывы, і ўзрадаваўся. Ён перамог у барацьбе з гэтай страшнай пачварай, якая стаяла з касой над яго душой. Паспрабаваўшы расплюшчыць вочы шырэй, ён ледзь не аслеп ад яркага дзённага святла, якое праходзіла праз шкло вялікіх вокнаў на белыя сцены і столь. Яго ложак быў абстаўлены нейкімі прыборамі. Медсястра змяніла кропельніцу, штосьці адзначыла ў лістку, які ляжаў побач на століку. Потым выйшла з палаты, ціха прычыніўшы за сабой дзверы, і Анатоль пачуў знаёмы голас:

— Як ён? Ужо ачуняў? Да яго можна?

— Так, праходзьце, — адказала медсястра.

У дзвярах з'явілася Святлана ў накінутым на плечы белым халаце. Наблізіўшыся да ложка, яна паклала сваю цёплую далонь на братаву нерухомую руку:

— Добры дзень!

— Добры дзень, сястрычка! — слабым голасам адказаў Анатоль.

Сабраўшы ўсе сілы, ён паспрабаваў зрабіць рух насустрач і прыпадняцца з ложка, але не змог. Яго цела было нейкім чужым і цяжкім.

— Ціха, ціха! Вам нельга варушыцца, — кінулася да Анатоля медсястра, якая толькі што ўвайшла ў палату.

Анатоль з жахам паглядзеў туды, дзе пад коўдрай павінны быць ногі. Мяркуючы па форме складак коўдры, яны былі на месцы. Але ён іх не адчуваў. Як быццам ад доўгага ляжання, яны здранцвелі. Высілкам волі паспрабаваў паварушыць вялікім пальцам нагі. Ніякага выніку. Праз сілу паспрабававаў яшчэ раз. Нага не рухалася. Анатоль зразумеў, што больш хадзіць не будзе. Слёзы роспачы і крыўды пацяклі па яго няголеных шчоках. Ад злосці ён скамячыў пальцамі коўдру. Прыступ плачу затрос яго цела, і слёзы пакаціліся на падушку. Ён адвярнуўся, хаваючы ад Святланы твар. Медсястра звярнулася да дзяўчыны:

— Яму шкодна хвалявацца. Вам лепш пайсці.

— Так-так. Ужо іду... —- адказала тая і выйшла.

Агаліўшы Анатолеву руку да локця, медсястра ўмелым рухам увяла ў вену дозу заспакаяльнага са снатворным. У сне ён бачыў зялёную паляну з мяккай травой і рэчку. Спрытна падскокваючы, ён адбіў рукамі валейбольны мяч, які лёгка ўзняўся ў блакітнае бяздоннае неба... Спатыкнуўшыся, Анатоль упаў на траву. Хацеў адразу ўскочыць, але не мог... Як быццам нешта трымала за ногі. Ён кінуў на іх позірк і ўбачыў замест ног дзве драўляныя падпоркі. Дзіка закрычаўшы, Анатоль прачнуўся ў халодным поце і азірнуўся па баках. Гадзіннік на століку ўпэўнена адлічваў час яго непатрэбнага жыцця.

Вось ужо некалькі дзён урачоў не на жарт непакоіў стан Анатоля. Яго моцнаму маладому арганізму ўдалося справіцца з цяжкай траўмай галавы. Але пашкоджанне ніжняга аддзела пазваночніка парушыла нервовыя канчаткі, пазбавіла яго здольнасці рухацца, зрабіўшы паралізаваным да пояса, і зараз усе турбаваліся не за фізічны стан Анатоля, а за псіхіку. Хоць той і сам выдатна разумеў, што яго становішча практычна безнадзейнае.

Анатоль ляжаў, гадзінамі ўтаропіўшыся ў столь. Цалкам страціўшы цікавасць да жыцця, ён упаў у глыбокую дэпрэсію. Стан яго з кожным днём пагаршаўся. Наведвальнікі толькі ўзмацнялі становішча напамінам пра тое, што калісьці ён быў звычайным чалавекам, а не 22-гадовым інвалідам, прыкаваным да бальнічнага ложка.

Сеансы дасведчанага псіхолага не далі ніякіх вынікаў. Наадварот, пасля сеансаў Анатоль цалкам замкнуўся ў сабе, маўчаў, мучыўся адчуваннем уласнай непаўнавартасці. Святлана прыходзіла ў палату кожны дзень і сядзела каля ложка. Але Анатоль нібы не заўважаў яе. Ён думаў: «І чаго яна сядзіць каля мяне, нямоглага вырадка, асуджанага ў лепшым выпадку на інвалідную каляску? На што яна спадзяецца, можа, на цуд? Дык гэта бывае толькі ў казках». Ад такіх думак яго твар станавіўся яшчэ больш змрочным. Жаданне памерці ўзрастала з кожным днём.

«Ну, чаму я тады не загінуў, як Яўген, адразу? Лепш пагібель, чым такое жаласнае існаванне», — думаў ён. І смерць ізноў пачынала над ім кружыцца, абвяваючы магільным холадам сцены бальнічнай палаты.

Урач-хірург прайшоўся па кабінеце, ссунуўшы бровы, задумаўся. Потым падышоў да стэнда, уключыў святло і яшчэ раз уважліва паглядзеў рэнтген-здымкі. На чорным фоне плёнкі былі выразна бачны рэбры, пазваночнік і косці таза. Паціраючы падбародак, ён адкрыў гісторыю хваробы. Прабегшы вачамі некалькі лісткоў, адклаў убок справу і накіраваўся ў палату пацыента.

— Добры дзень!

Анатоль паглядзеў на яго абыякава і адвёў вочы.

— Я хачу з табой пагаварыць вось пра што. Сёння я займаўся вывучэннем гісторыі тваёй хваробы і прыйшоў да высновы, што можна табе вярнуць здольнасць хадзіць.

Анатоль рэзка павярнуўся, яго вочы ўспыхнулі нездаровым бляскам.

— Гэта, натуральна, адбудзецца не адразу. Давядзецца зрабіць некалькі сур'ёзных нейрахірургічных аперацый на пазваночніку. І далёка не факт, што ты потым адразу ўстанеш і пойдзеш. Доўгія працэдуры дапамогуць вярнуць адчувальнасць ног.

— Я згодзен, доктар!

— Але ты павінен ведаць пра рызыку, звязаную з гэтымі аперацыямі. Іншымі словамі, гэта значыць, што гарантаваць поспех мы не можам.

Анатоль схапіўся за словы ўрача як за саломінку. Атрымаўшы маленечкую надзею на звычайнае існаванне, ён адчуў у сабе сілы змагацца.

Ужо на наступную раніцу каля яго ложка стаяў вядомы ў навуковых колах прафесар сталічнага інстытута нейрахірургіі. Агледзеўшы Анатоля, ён зрабіў заключэнне пра агульны стан здароўя. Малады арганізм і дужае сэрца былі ў стане вытрымаць шэраг найскладанейшых шматгадзінных аперацый, падчас якіх, магчыма, атрымаецца аднавіць парушаныя нервовыя канчаткі. Параіўшыся з хірургам бальніцы, ён пайшоў у рэнтген-кабінет і доўга вывучаў здымкі, пасля чаго вярнуўся ў палату. Урачы прынялі станоўчае рашэнне.

— Святлана, — звярнуўся хірург да дзяўчыны, якая ўвайшла ў яго кабінет, — вам неабходна ведаць: сёння адбылася гутарка з вядомым нейрахірургам. Мы прыйшлі да высновы, што ёсць надзея вярнуць Анатолю магчымасць хадзіць самастойна. Шанцы невялікія, але паспрабаваць варта. У адваротным выпадку ён не вытрымае маральнага злому, які нанесены яго абезрухомленым станам.

— Так, доктар. Я лічу, што можна паспрабаваць. Толькі ў нас няма грошай на аплату, мабыць, вельмі дарагой аперацыі.

— Але вы павінны таксама ведаць пра рызыку, непазбежна звязаную з гэтай найскладанейшай аперацыяй. Ваш брат можа не вытрымаць. А наконт грошай вы не думайце.

— Безнадзейнасць цяпер падобна забойству. Таму рабіце тое, што лічыце патрэбным.

З гэтымі словамі Святлана пакінула кабінет доктара і накіравалася да палаты Анатоля. Калі яна ўвайшла, маладая бялявая медсястра папраўляла падушку пад галавой Анатоля, які адчайна хацеў сесці і падцягваў рукамі ніжнюю, нерухомую частку свайго цела.

— Вы можаце ісці, — адпусціла Святлана медсястру і стала папраўляць падушку. Паклаўшы на плячо Анатолю руку, яна з усмешкай сказала:

— У мяне для цябе ёсць добрыя навіны. Я гаварыла з урачом. Ён лічыць, што можна паставіць цябе на ногі.

— Дзякуй, сястрычка! Ты мая выратавальніца!

Яго вочы гарэлі надзеяй. Пасля гэтулькіх дзён роспачы ён раптам адчуў сябе амаль здаровым. Хацелася бегаць па палаце, падняць Святлану на рукі, закруціць яе ў шалёным рытме. Але ён не мог. Пакуль не мог. І гэта «пакуль» яго цешыла.

Прайшло некалькі гадзін чакання, перш чым з аперацыйнай выйшаў хірург. Павярнуўшыся да прыгожай дзяўчыны, якая сядзела ў крэсле і нервова церабіла насоўку, сказаў:

— Аперацыя прайшла паспяхова!

Дзяўчына ўскочыла і, удзячна паглядзеўшы ў стомленыя вочы доктара, прашаптала:

— Дзякуй, доктар!

— Гэта наша праца, — адказаў той і пайшоў далей па калідоры.

Святлана глядзела на людзей у белых халатах, якія кацілі качалку з Анатолем, і думала: «Усё будзе добра! Не турбуйся, брацік!»

Прайшло некалькі месяцаў. Анатоль перанёс не адну аперацыю і ўжо мог уставаць. Ён яшчэ кепска перасоўваў ногі, але доктар сказаў, што ён будзе хадзіць. Надзея з часам вярнуцца ў звычайнае жыццё рабіла цуды.

Святлана ўвайшла ў палату з букетам простых палявых кветак. Доктар, падтрымліваючы Анатоля пад локаць, дапамог яму дайсці да новенькай інваліднай каляскі, якую яшчэ з раніцы медсястра ўкаціла ў дзверы палаты. Атрымаўшы магчымасць перасоўвацца па калідоры аддзялення, Анатоль цешыўся як дзіця. Пакінуўшы ненавісны ложак, дзе правёў не адзін месяц, ён упершыню мог зірнуць у акно. За празрыстым шклом быў свет.

У працы і поце прайшло яшчэ каля трох гадоў, дзе кожная гадзіна, кожны дзень адкрывалі Анатолю новыя адчуванні. Ён больш упэўнена стаяў на нагах. І першае, што па магчымасці зрабіў, — паехаў у царкву і паставіў свечку ў памяць пра Яўгена, які быў яго аднагодкам, па волі року прыняў на сябе ўдар і сышоў з жыцця такой недарэчнай смерцю. Анатоль вельмі перажываў праз гэта. Але жыццё працягвалася. Значыць, — трэба жыць!

Яму, калі ўжо абыходзіўся без інваліднай каляскі, а першая група інваліднасці была заменена на трэцюю працоўную, як былому воіну-
афганцу дзяржава бясплатна выдзеліла аўтамабіль «жыгулі» з ручным кіраваннем. Вярнуўся на ранейшае месца працы і стаў рыхтавацца да стварэння сям'і. Увесь гэты час Анатоль пражываў у бацькоўскай хаце з сястрой, пад яе строгім патранажам. Святлана выйшла замуж, але брата не забывае: телефануе, дапамагае, як можа і чым можа. Вінаватага трагедыі асудзілі. Не стала і паварота «цешчын язык», які больш-менш выраўнялі.

Валерый Васілеўскі

Крыніца: Звязда

Прочитано 218 раз